Ученики санаторной школы-интерната совершают заочные путешествия в Англию
Як здзейсніць падарожжа ў Англію, пазнаёміцца з асаблівасцямі яе культуры, архітэктуры, гісторыі і пры гэтым не пакідаць сцены сваёй навучальнай установы? Магчымасць завочна вандраваць па іншай краіне ёсць у вучняў санаторнай школы-інтэрната, і садзейнічае ім у гэтым адпаведны інтэр’ер, створаны пасля рамонту ў кабінеце замежнай мовы.
Нотку навізны ў яго аздабленне ўнесла настаўніца Наталля Канецкая. На яе думку, шматлікія тэматычныя плакаты, партрэты, стэнды не адцягваюць увагу вучняў, а спрыяюць паглыбленню іх ведаў пра краіну, мову якой вывучаюць.
Над класнай дошкай знаходзяцца партрэты вядомых асоб, якія, дзякуючы сваёй дзейнасці, пра-славілі Вялікабрытанію на ўвесь свет. Сярод іх – каралева Елізавета ІІ, палітык Уінстан Чэрчыль, вучоны Ісаак Ньютан, пісьменнікі Джордж Байран, Уільям Шэкспір. Суседнюю сцену ўпрыгожваюць газетныя палосы з сенсацыйнымі навінамі жыцця Англіі. Побач – фота яе славутасцей (Таўэрскі мост, кола агляду “Вока Лондана” і інш). У кабінеце замежнай мовы вучні паглыбляюць веды і па геаграфіі. На карце выдзелены буйныя гарады англамоўных краін.
Дызайн кабінета, па задумцы Наталлі Канецкай, немагчыма было ўявіць і без славутага Біг Бэна. Выява вежы з усталяваным на ёй га-дзіннікам арганічна ўпісалася ў агульнае афармленне, дазваляе настаўніку і вучням дакладна планаваць сваю дзейнасць на ўроку.
Кабінет патанае ў кветках.
Каб упэўніцца, з якой цікавасцю дзеці авалодваюць англій-скай мовай, дастаткова наведаць адзін з урокаў Наталлі Леанідаўны. Пасля праверкі дамашняга задання настаўніца пераходзіць да тлумачэння новай тэмы. Задача – не толькі пазнаёміць з невядомымі словамі, іх вымаўленнем і напісаннем, але і навучыць выкарыстоўваць у моўных канструкцыях. Увесь час адбываецца дыялог паміж педагогам і навучэнцамі. Акрамя гэтага, вучням прапануецца праслухаць і гутарку носьбітаў мовы – яны праглядаюць і затым аналізуюць невялікія фільмы або ўрыўкі з іх па англійску.
–Выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій павышае эфектыўнасць навучання, – тлумачыць Наталля Леанідаўна. – Да таго ж, школьнікі трэніруюць памяць, вучацца разважаць, праводзіць аналогію. Значыць, пашыраецца іх узровень авалодання англійскай мовай.
Педагог выкарыстоўвае разнастайныя прыёмы і формы выкладання. Старшакласнікаў яна актыўна заахвочвае да працы за круглым сталом, яны чытаюць кнігі і газеты, дыскутуюць, малодшыя школьнікі пашыраюць свой лексічны запас у гульнёвай форме. У дапамогу ім – слоўнікі, падручнікі, мастацкая літаратура. Для педагога ў кабінеце сабраны метадычныя матэрыялы, даведнікі. Створана і электронная бібліятэка.
Матэрыяльна-тэхнічная база кабінета замежнай мовы санаторнай школы-інтэрната садзейнічае рацыянальнаму выкарыстанню часу ўрокаў, робіць іх разнастайнымі і насычанымі.
Наталля МАЦЮК.