В Зельве сборник стихов «Ментальнасць беларусаў, ці Пятая група крыві” презентовала член Союза писателей России Людмила Воронова-Супрун
Падчас правядзення раённага этапу абласнога фестывалю аўтарскай песні “Новае пакаленне” адбылася творчая сустрэча і прэзентаця паэтычнага зборніка “Ментальнасць беларусаў, ці Пятая група крыві” ўраджэнкі Зэльвеншчыны Людмілы Воранавай – Супрун.
Людміла Воранава-Супрун – член Саюза пісьменікаў Расіі. З 2013 года тройчы вылучалася намінантам літаратурнай прэміі гэтай краіны, у 2014-м прызнана лаўрэатам у намінацыі “Выбар выдавецтва”. Стала дыпламантам інтэрнэт-марафона “Георгіеўская стужка-2015”, прысвечанага 70-годдзю Перамогі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таксама намінавалася на спецыяльную літаратурную прэмію імператарскага дома Раманавых “Наследие”.
Як і многія пачынаючыя аўтары, вершы Людміла Віктараўна пачала пісаць яшчэ ў школе. Першы твор прысвяціла лётчыкам, паколькі сама марыла атрымаць такую прафесію. Паэтычнае майстэрства аўтара паступова ўдасканальвалася, яе вершы атрымлівалі прызнанне сярод літаратурных крытыкаў. Друкавалася Людміла Воранава ў беларускіх і расійскіх выдавецтвах, “Настаўніцкай газеце” (Людміла Віктараўна – педагог, многа гадоў працавала намеснікам дырэктара, дырэктарам у навучальных установах г.Мінска), шматлікіх альманахах.
У 2013-м у сталічным выдавецтве выйшаў зборнік вершаў і песень “Впечатления”. У ім, дарэчы, Людміла Воранава адкрывае сакрэт, адкуль чэрпае натхненне. “Самыя вялікія ўражанні ў маім жыцці – гэта людзі, – сцвярджае аўтар. – Яны да цяперашняга часу не перастаюць мяне здзіўляць. Усе такія розныя… і ўнікальныя…” Менавіта людзі, з якімі даводзіцца сустракацца ў паўсядзённасці, падштурхоўваюць да рыфмавання радкоў.
У пачатку гэтага года свет убачыў чарговы зборнік вершаў аўтара “Ментальнасць беларусаў, ці пятая група крыві”. Перш чым прыступіць да прэзентацыі зэльвенцам, Людміла Воранава-Супрун расказала, чым кіравалася пры яго напісанні. Па словах жанчыны, яе вельмі прываблівае мілагучнасць вершаў землякоў Валянціна Семянякі і Уладзіміра Мазго. Таму вырашыла скласці кнігу, якая змяшчала б літаратурныя творы, напісаныя выключна па-беларуску. Дарэчы, землякам яна прысвяціла аднайменны верш “Землякі”, які ўключыла ў новы зборнік.
Што датычыцца назвы выдання. Яна падкрэслівае самабытнасць нашай нацыі. Пісьменніца з кагорты тых творцаў, каму неабыякавы мінулае і будучыня роднага краю. “Майстры пяра шмат гавораць пра ментальнасць беларусаў, – адзначае Людміла Воранава. – Гэта народ, на долю якога выпалі немалыя выпрабаванні. Аднак, нягледзячы на гэта, ён не страціў сваёй самабытнасці, захаваў уласцівыя яму гасціннаць, шчодрасць і памяркоўнасць”.
У зборніку шмат вершаў патрыятычнай тэматыкі. Яны прысвечаны малой радзіме – вёсцы Залацеева, гораду Мінску, дзе цяпер жыве Людміла Віктараўна, Беларусі, сваякам і знаёмым паэтэсы. “Пракланюся гасцінцам і сцежкам, // Роднай хаце, бацькам пакланюся, // Прыгажуні з лагоднай усмешкай, // Што завецца маёй Беларуссю…” (“Пакланюся радзімаму краю…”)
Цесна звязана з патрыятычнай тэма нацыянальнай самасвядомасці. Лейтматывам праз вершы гэтай накіраванасці праходзіць ідэя, што сіла народа – у еднасці і згуртаванасці.
Закранае ў сваёй творчасці аўтар і пытанне роднай мовы. “Каб мову шанаваць, яе патрэбна ведаць!”– сцвярджае Людміла Воранава-Супрун.
Знайшлі месца ў зборніку творы ваеннай тэматыкі, прысвечаныя памяці ўсіх, хто не вярнуўся з поля бою. Дзядуля Людмілы Віктараўны ў іх ліку. Загінуў ён пад Калінінградам, пахаваны ў брацкай магіле. Як рэквіем і наказ нашчадкам не забываць пра падзеі ваеннага ліхалецця гучыць верш “Вечны агонь”.
Маляўнічыя эпітэты, красамоўныя параўнанні характэрны для пейзайжнай лірыкі паэтэсы. Яе захапляе прыгажосць беларускай прыроды, адметнасць кожнай пары года.
Разважае Людміла Воранава і аб сэнсе жыцця, прызначэнні чалавека на зямлі. Вершы-роздумы – менавіта так акрэсліла творы, змешчаныя ў зборніку “Ментальнасць беларусаў, ці пятая група крыві” член Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Забалоцкая ў сваёй прадмове да выдання.
Асобнае месца ў выданні адведзена творам пра каханне, байкам для дзяцей.
У Людмілы Воранавай-Супрун многія вершы нараджаюцца пад акорды гітары. Некалькі сваіх песень аўтар выканала для прысутных у зале.
Словы ўдзячнасці пісьменніцы за падораную асалоду ад паэтычных радкоў і песень на роднай мове выказаў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Семяняка. Скарыстаўшыся магчымасцю, Валянцін Міхайлавіч прысвяціў Людміле Віктараўне верш уласнага сачынення.
Кожны жадаючы пасля мерапрыемства мог набыць зборнік Людмілы Воранавай-Супрун і атрымаць аўтограф ад зямлячкі.