Абраз з перламутру, плашчаніцу, харугвіі са знакамітай Фары Вітаўта можна пабачыць на выставе у Музеі гісторыі рэлігіі
Абраз з перламутру, плашчаніцу, харугвіі са знакамітай Фары Вітаўта можна пабачыць на выставе у Музеі гісторыі рэлігіі Выстава “Узыдзе сонца веры вясной” пачала сваю працу ў Музеі гісторыі рэлігіі.
Кожны год у музеі адкрываецца выстава, прымеркаваная да галоўнага і самага ўрачыстага свята хрысціян – Вялікадня. Адметнасць сёлетняй у тым, што прадметы для экспазіцыі былі часова перададзены музею храмамі Гродна – Свята-Пакроўскім кафедральным саборам, Свята-Барыса-Глебскай Каложскай царквой і касцёлам Маці Божай Анёльскай.
Сярод цікавых экспанатаў, якія рэдка можна пабачыць у музеі, – антымінс і плашчаніца. Як распавяла старшы навуковы супрацоўнік музея Галіна Хамко, іх набыла Каложская царква, яны пакуль не былі асвечаны і не выкарыстоўваюцца ў набажэнствах, таму могуць быць прадстаўлены ў музеі. Выраблены плашчаніца і антымінс на гары Афон сучаснымі майстрамі па ўзору VI стагоддзя.
Ёсць на выставе абразы, напісаныя ў розных традыцыях. Адзін з экспанатаў, абраз ХІХ стагоддзя “Уваскрэсенне”, выраблены з перламутру. Гэта традыцыя і сёння распаўсюджана ў Палестыне. Не абышлося і без знаёмых пастаянным наведвальнікам музея велікодных яек, упрыгожаных у розных тэхніках.