На карте Зельвенщины: Агатово
Адкуль назва
Старажылы вёскі сцвярджаюць, што як сваім нараджэннем, так і назвай вёска Агатова абавязана колішняй уладальніцы маёнтка Агаце Брайчэўскай. Справа ў тым, што раней вёска размяшчалася крыху ўбаку ад сённяшняга месца. Называлася яна тады Малінаўкай. Зямля каля хатаў была вельмі ўрадлівай, і пані, як ашчадная гаспадыня, не хацела траціць яе на забудовы. Вось і вырашыла перанесці хаты сялян на бяднейшыя землі. А паколькі сама была ініцыятаркай перасялення, то і вёску назвала сваім імем. Маліну любіць і ўжываць вяскоўцы не перасталі, а вось прыгожую назву “малінаўцы” страцілі. Хоць, зрэшты, і “агатоўцы” нядрэнна гучыць, ці не так?..
Наша правадніца
Каб лепш арыетавацца ў незнаёмай вёсцы, мы папрасілі ў мясцовым Дабраселецкім сельсавеце правадніка. Ім стала жыхарка Агатова, бухгалтар Лілія Чаславаўна Бурдук. Гэта мілая жанчына ведае ўсіх жыхароў вёскі, як сваю радню. Ды аднавяскоўцы і з’яўляюцца па сутнасці яе сям’ёй, бо яна – стараста вёскі. З чым толькі не звяртаюцца да яе людзі! Адным трэба лякарствы з Цяглевіцкага ФАПа прынесці, другім – аплаціць па-слугі , папоўніць рахунак на мабільным тэлефоне, яшчэ камусьці – праверыць ціск, нямоглым дапамагчы абкасіць каля плота траву… “Старшыня сельсавета называе мяне дадатковымі вачыма і вушамі”, – смяецца Лілія Чаславаўна. І гэта сапраўды так, бо стараста з’яўляецца самым надзейным звяном у сувязі з вяскоўцамі. Яна расказвала нам пра агатоўцаў так, як быццам перад вачыма ў яе быў радавод кожнай сям’і. А пачала Лілія Чаславаўна наша знаёмства з землякамі з жанчын, што даглядаюць на грамадскіх пачатках за парадкам у Доме сацыяльных паслуг. Тым больш, што яны якраз і сядзелі на лаўцы побач з домам Міхаіла Іосіфавіча і Веры Міхайлаўны Сакалоўскіх.
Гаспадыні Дома сацыяльных паслуг
Яшчэ ў пачатку 21-га стагоддзя ў вёсцы працаваў сельскі клуб. Закрылі яго ў 2002-м, якраз у той час, калі загадвала ім наша правадніца. Пакуль у раёне лёс будынка вырашала кіраўніцтва, жыхары самі, сабраўшыся ў апусцелым клубе, знайшлі яму прызначэнне. “Будынак добры, навошта яго зносіць, – разважалі, – ён нам яшчэ спа-трэбіцца”. Нарадзілася думка стварыць у былым клубе дом сацыяльных паслуг. Жыхары зга-джаліся львіную долю затрат на ўтрыманне дома сабраць добраахвотна, на грамадскіх пачатках сачыць за чысцінёй унутры і звонку. І галоўнымі гаспадынямі дома неяк незаўважна сталі тры жанчыны: Вера Міхайлаўна і Ніна Міхайлаўна Сакалоўскія і Антаніна Міхайлаўна Урбановіч.
Мы зайшлі ў дом і пераканаліся, што ўсе тры Міхайлаўны – вельмі спраўныя гаспадыні. Чысціня, утульнасць, парадак. Не сорамна гасцей прымаць. А іх тут хапае. І культработнікі з канцэртамі прыязджаюць, і свя-шчэннаслужыцелі з вернікамі сустракаюцца. Ёсць магчымасць праводзіць радасныя або жалобныя рытуалы. У старасты вёскі заведзена кніга ўліку фінансавых паступленняў і растрат: кожны жыхар можа праверыць, як трацяцца грамадскія грошы. Жанчыны расказвалі, што нядаўна ў іх пабываў старшыня раённага Савета дэпутатаў Канстанцін Бердніковіч і адобрыў ініцыятыву агатоўскіх жанчын наконт адкрыцця такой установы.
Крыху пра гаспадынь дома паслуг. Вера Міхайлаўна – за-служаная калгасніца былога калгаса імя Дзяржынскага. Была паляводам, больш гектара буракоў апрацоўвала штогод, ніякай работы не цуралася. Мае дваіх дзяцей. Сын служыў у Афганістане, таму ваенныя падзеі ў свеце жанчына ўспрымае вельмі балюча: хіба забыць ёй, маці, колькі слёз праліла, чакаючы сына?! Вера Мі-хайлаўна вельмі любіла вышываць: і да сённяшняга дня захаваліся ў доме вышытыя рушнікі, абрусы, накідкі.
Ніна Міхайлаўна ўжо 35 год як удава. Нацярпелася і змалку, і ў сталым узросце. Яна – дзіця вайны. Добра памятае, як бацька, ратуючы сям’ю ад немцаў, вёз яе на кані ў суседнюю вёску. Маленькая Ніна так заціснула пад пахай бохан хлеба, які мама наказала ёй берагчы, што потым ледзь рукі занямелыя разнялі. Давялося цярпець усім: і старэйшым, і малодшым. Таго цярпення трэба было набірацца надоўга, бо і пасля вайны галоўным харчам былі свірэпа ды лебяда. Успамінаючы той жудасны час, жанчына ледзь стрымлівае слёзы.
Як ні дзіўна, жылі весела, з песнямі. Напрацаваўшыся цэлы дзень, галодныя, не замыкаліся ў хатах, а збіраліся разам і спявалі, жартавалі, марылі аб лепшым жыцці.
Антаніна Міхайлаўна таксама ў паляводстве працавала. Яна нарадзілася ў год вызвалення Беларусі ад фашыстаў, таму такога ліхалецця, як Ніна Міхайлаўна, не памятае. Але і на долю яе пакалення хапіла ўсяго: бацька вярнуўся з вайны інвалідам, так што працы хапала і ў калгасе, і дома.
Адзін з 20-ці
Слухаючы расказы жанчын, не маглі не пацікавіцца, ці за-сталіся ў вёсцы ўдзельнікі Вялі-кай Айчыннай вайны. Лілія Чаславаўна паведаміла, што ў Ваўкавыску ў дачкі жыве Уладзімір Бурдук. Узрост і здароўе не дазваляюць яму заставацца аднаму. Як высветлілі пазней, Уладзімір Раманавіч быў стралком 11-й арміі 99-й гвардзейскай дывізіі 3-га Беларускага фронту. Прымаў удзел у вызваленні Кёнігсберга. Быў паранены. Мае ўзнагароды. Ён – адзін з 20-ці застаўшыхся ў жывых ветэранаў у Зэльвенскім раёне.
60-я вясна Бурдукоў
Ужо шэсць дзясяткаў гадоў жывуць у міры і згодзе Георгій Сямёнавіч і Яўгенія Аляксандраўна Бурдукі. Яна на восем гадоў малодшая за мужа. “Гадаваў сабе нявесту, – смяецца гаспадар, – мы ж па-суседску жылі”. Не да дзяўчат было доўгі час Георгію. Бацька загінуў на вайне, хлопец быў старэйшым у сям’і, а значыць, адказным за малодшых. Даводзілася выконваць работу, што іншы раз была і не па сіле.
Працаваў Георгій, як падрос і вярнуўся з арміі (а служыў ажно на Чукотцы), і на свінаферме аператарам, і загадчыкам фермы. Разам з Яўгеніяй Аляксандраўнай выгадавалі траіх дзяцей. Усім далі вышэйшую адукацыю. Цешацца з чатырох унукаў і траіх праўнукаў.
Георгій Сямёнавіч, як і Ніна Міхайлаўна Сакалоўская, – дзіця вайны. Крыху старэйшы за яе, ужо парабкаваў у Рудзевічах. Гаспадар, спадзеючыся, што хлопчыка немцы не будуць чапаць, адправіў яго з канём у небяспечнае месца. А дзе яно, тое небяспечнае месца ў вайну?.. Не паспеў падлетак знайсці яго, як наскочылі немцы і пачалі страляць над галавой дзіцяці. Як і народны пісьменнік Беларусі Ніл Гілевіч, Георгій Сямёнавіч мае права сцвярджаць:
Ты кажаш, я не ведаю вайны,
Што мне было тады гадоў замала.
Чаму ж яна мае забрала сны?
На ўсё жыццё наперад сны забрала?..
Нашчадкі Кавалюкоў
Адзін з дамоў у канцы вёскі вельмі выдзяляецца сваёй прыгажосцю і дагледжанасцю. А між іншым гаспадароў ужо няма ў жывых: бацькоўскую хату даглядаюць дзеці. Рэгулярна прыяз-джаюць: беляць, фарбуюць, са-дзяць агарод. Усё лета гучыць каля хаты дзіцячы смех: нявестка Сямёна Данілавіча і Ганны Міхайлаўны жыве тут разам з унукамі.
Ганна Міхайлаўна ў дзявоцтве была Кавалюк. І бацькі (Міхаіл Феліксавіч і Агаф’я Міхайлаўна), і дзеці працавалі да знямогі, але здолелі вылезці з пасляваеннай галечы і зажыць заможна. Дружныя браты і сястра вырашылі не разлучацца і пасля жаніцьбы-замужжа. Вось і стаяць усе тры іх дамы побач: сястры – пасярэдзіне, а па краях – братоў. Першакласным сталяром быў Іван Міхайлавіч, а Віктар Міхайлавіч – кавалём. На жаль, у жывых за-стаўся толькі ён, былы каваль. Яго працоўны стаж складае ажно 52 гады!
Яшчэ адны Сакалоўскія
Побач з Кавалюкамі жывуць Міхаіл Іванавіч і Лідзія Антонаўна Сакалоўскія. (Прыгожае прозвішча Сакалоўскі, як бачым, у Агатове не рэдкасць). Абое яны мясцовыя. Ён – механізатар,
яна – свінарка. Сын Сяргей працуе на гродзенскім “Азоце”. Нядаўна пайшоў у армію ўнук Сакалоўскіх. Бабуля з гонарам паказвала нам фотаздымак салдата.
Сакалоўскія – людзі шчырыя, гасцінныя. Падтрымліваюць сувязі з раднёю, сябруюць з суседзямі. Часты госць у брата – сястра Антаніна з Яруціч. Вось і ў дзень нашага наведвання вёскі Антаніна Іванаўна завітала да брата з братавой.
Традыцыя ці выпадковасць?
13-ы год, як пераехалі з Зэльвы ў бацькоўскую хату Міхаіл Ціханавіч і Яўгенія Аляксандраўна Кіслыя. Абое працуюць на ферме. Дзеці Кіслых засталіся ў Зэльве, часта наведваюцца да бацькоў. Міжволі падумалася: можа гэта традыцыя ў Агатове – даваць новае жыццё бацькоўскім хатам? Вось і нашчадкі Кавалюкоў, і Кіслыя не даюць дабротным пабудовам, у якія іх блізкімі і дарагімі людзьмі ўкла-дзена столькі сіл, здароўя, а, галоўнае, надзей, без пары знікнуць.
На жаль, праверыць, традыцыя ці выпадковасць гэта, мы не паспелі: нашага правадніка выклікалі на працу. Так што мы не развітваемся з гасціннымі агатоўцамі, а кажам: “Да сустрэчы!”.
Яніна Шматко.