Концертная программа, приуроченная к Году культуры, прошла в детской школе искусств
На бягучым тыдні юныя музыканты і спевакі дзіцячай школы мастацтваў запрасілі зэльвенцаў на кан-цэртную праграму, прымеркаваную да Года культуры.
Вядучыя праграмы прапанавалі гледачам завочнае падарожжа ў свет музыкі. Перш-наперш гутарка ішла пра самыя вядомыя музычныя жанры – песню, танец і марш. Прысутныя на свяце дзеці з захапленнем слухалі творы ў выкананні сваіх равеснікаў.
Характар “Полькі” ўдала перадала на баяне Анастасія Горбач. Своеасаблівым экзаменам стаў першы выхад на сцэну для Арцёма Мурына. Але ён справіўся з хваляваннем і атрымаў заслужаныя апладысменты. Мілагучна раздаваліся гукі домры – любімага інструмента Эліны Грэцкай і Уладзіслава Дзярэчыка. Музычныя кампазіцыі падарылі слухачам юныя цымбалісткі Наталля Пасюк і Ксенія Сабчук. Віртуозна гучаў эцюд у выкананні лаўрэата абласнога конкурсу “Новыя імёны” Алесі Лойка. Свой лепшы твор прадставіла вучаніца па класу фартэпіяна Ганна Дземянкова.
Дуэт у складзе настаўніка Уладзіміра Сарокіна і яго вучаніцы Ксеніі Камякевіч арыгінальна выканаў блюз на саксафонах. Цёплая і душэўная кампазіцыя атрымалася ў ансамбля дамрыстаў пад кіраўніцтвам Наталлі Александровіч.
Шмат прыемных хвілін падарыла слухачам юная спявачка Кацярына Лагута, якая прадстаўляла песенны жанр.
У гэты дзень некаторыя вучні зрабілі першыя крокі ў творчую дзейнасць. І гэта ў іх атрымалася выдатна.
Людміла ПОПКА.