Богослужение в честь Непорочного зачатия Пресвятой Девы Марии в костёле в Зельве возглавил епископ Гродненской диацезии
Каталіцкія вернікі ўчора адзначылі свята Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Урачыстасць супала з 27-й гадавінай асвячэння касцёла Святой Тройцы г. п. Зэльва.
Па запрашэнні настаяцеля Яцка Маркеля святыню наведаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які ўзначаліў богаслужэнне. Сярод ганаровых гасцей прысутнічалі прадстаўнікі духавенства – святары з Крамяніцкай і Ізабелінскай парафій Аляксандр і Міхаіл. На літургію прыйшлі не толькі зэльвенцы, але і вернікі з суседніх населеных пунктаў.
Біскупа шчыра прывіталі самыя маленькія прыхаджане касцёла Святой Тройцы. Ад імя парафіян цёплыя словы яму адрасавала мясцовая паэтэса Алена Кароза. Яна склала вершаваныя радкі, з дапамогай якіх звярнулася да вікарыя, павіншавала яго з новай пасадай. У знак удзячнасці Юзаф Станеўскі паблагаславіў дзяцей і дарослых, раздаў ім на памяць абразкі.
–За апошні час святыня значна змянілася, – адзначыў ксёндз Яцэк Маркель, –Заслуга ў гэтым саміх вернікаў. – Храм мае вялікае значэнне ў жыцці чалавека. Тут адбываецца яго сустрэча з Богам. Католікі штодзённа збіраюцца на супольную малітву.
Святар падзякаваў прысутным за тое, што захавалі веру і з’яўляюцца яе прыкладам для падрастаючага пакалення.
У касцёле дзейнічае дзевяць руж Жывога Ружанца. Адна з із носіць тытул Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Новы штандар ружы з выявай Божай Маці асвяціў ксёндз-біскуп.
Прысутныя на ўрачыстым богаслужэнні вернікі прынялі святую камунію з рук Юзафа Станеўскага, а таксама атрымалі яго благаслаўленне.
Наталля Мацюк.