У зэльвенскай сярэдняй школе №3 сёння прайшоў дабрачынны кірмаш “Ад шчырага сэрца”
Праводзіць напярэдадні навагодніх свят дабрачынны кірмаш “Ад шчырага сэрца” у СШ №3 стала ўжо добрай традыцый.
З кожным годам кірмаш набывае ўсё большы размах. Сёлета яго арганізатары асабліва пастараліся. Патрапіць на кірмашовае свята выпала і мне, таму давялося бачыць многае на свае вочы. Сталы-прылаўкі так і прыцягвалі прыгожай выкладкай тавараў. Пячэнне, кексы, вафлі, шмат іншай салодкай смакаты, а таксама фрукты можна было купіць за сімвалічную цану. На асобным стале размясціліся цацкі, галоўнае месца сярод якіх занялі пеўнікі – сімвал новага года. “Увесь тавар паставілі бацькі нашых вучняў,—паведамілі настаўнікі, якія выступалі ў ролі прадаўцоў. — Акрамя гэтага, вядома ж , забяспечылі сваіх дзяцей і фінансава”.
Права першымі завітаць на кірмаш было прадастаўлена малодшым школьнікам. Для гэтага быў выбраны самы вялікі перапынак. Хлопчыкі і дзяўчынкі дружна акружылі сталы. Купіўшы слодычы, усе накіроўваліся туды, адкуль даносіўся духмяны пах разнатраўя. Настаўніца Лілія Сідорка з памочніцай Ірынай Лабовіч ледзь паспявалі наліваць з самавараў гарачы чай, завараны на мяце і мелісе, чабары і зверабоі, кветках ліпы і ягадах шыпшыны. “Ці смачна, — пацікавілася я ў дзяўчынкі, якая трымала ў руках ужо пустую шклянку. – Вельмі. Такога чаю я не піла ніколі. Дома заварваем той, што купляем у магазіне. Абявязкова папрашу маму, каб нарыхтавала такіх пахучых траў”. Што чай быў сапраўды смачны, пераканалася асабіста: паспрабавала завараны на шыпшыне з мелісай.
Празвінеў званок на ўрок і дзеці няспешна пачалі разыходзіцца. А вочы іх так і гаварылі: “Эх, малавата часу, а можна было б яшчэ шмат чаго паспрабаваць!”. Праз гадзіну кірмаш наведалі вучні старэйшых класаў. Іх пячэннем і вафлямі не вельмі здзівіш, але тым не менш, яны палічылі за абавязак прыняць удзел у дабрачыннай акцыі. Ведаюць, што сабраныя ў час кірмашу грошы пойдуць на падарункі тым дзецям, якія пазбаўлены матулінай пяшчоты, сямейнай утульнасці, або абмежаваны ў фізічных магчымасцях. Няхай і яны, дзякучы шчыраму сэрцу кожнага вучня школы, адчуюць радасць навагодняга свята.
Клаўдзія КРЭЧКА.