Пасхальное богослужение прошло в костёле Святой Троицы г.п.Зельва
415
“Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!” Так у мінулыя выхадныя каталіцкія вернікі віталі адзін аднаго, віншуючы з галоўным хрысціянскім святам – Вялікаднем.
Да Светлага Хрыстова Уваскрэсення католікі рыхтаваліся на працягу шасці тыдняў. Самы строгі з іх – Тыдзень пакуты Пана – завяршыў Вялікі пост. Хрысціяне рэгулярна наведвалі святыню, маліліся, разважалі над крыжовай смерцю Божага Сына.
У суботу вернікі прыходзілі ў касцёл Святой Тройцы г.п. Зэльва з кошыкамі, дзе ляжаў традыцыйны велікодны набор: фарбаваныя яйкі, хлеб, соль, мяса і сыр. Прынесеныя прадукты благаслаўляў і акрапляў святой вадой ксёндз Яцэк Маркель. Святар асвяціў ежу таксама каля крыжоў па вул. Булака і ў аграгарадку Бародзічы.
Вечарам прыхаджане касцёла з сем’ямі, з дзецьмі спяшаліся на ўрачыстае богаслужэнне. На тварах людзей чытаўся радасны настрой – усе з нецярпеннем чакалі велікоднага свята.
У пачатку імшы ксёндз Яцэк правёў абрад благаславення агню і ўвайшоў у пагружаную ў цемру святыню з вялікай свечкай у руках – пасхалам. Ад яе свае свечкі запалілі прысутныя. І храм напоўніўся святлом. Ксёндз праспяваў старажытны гімн, які абвяшчае ўваскрэсенне Хрыста. Затым пачалося чытанне ўрыўкаў з Бібліі і спяванне псальмаў. Падчас літургіі ўпершыню пасля Вялікага посту ў касцёле зноў загучала радаснае “Алелюя!”.
З нагоды Светлага Хрыстова Уваскрэсення Яцэк Маркель зачытаў пастарскі ліст біскупа Аляксандра Кашкевіча, віншаванне старшыні раённага выканаўчага камітэта. Шчырыя пажаданні прысутным адрасаваў і сам святар.
Па традыцыі ў гэты дзень адбылася ўрачыстая працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам, якую ўзначаліў настаяцель касцёла. Завяршылася богаслужэнне спяваннем гімна “Цябе, Божа, праслаўляем”.
Адзначаць Хрыстова Уваскрэсенне каталіцкія вернікі будуць на працягу цэлага тыдня.
Наталля Мацюк.Фото Наталии МАТЮК.
Комментарии отключены