В Зельве прошли «Сакавіны» (дополнено)
Сёлетнія Сакавіны і задумваліся, і адбыліся пад знакам вялікага юбілею – 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і ўшанавання першадрукара Францыска Скарыны.
най бібліятэкі Святлана Жамойціна папрасіла галоўнага арганізатара Сакавін Уладзіміра Мазго запрасіць на свята людзей, так ці інакш звязаных з Полацкам і першадрукаром. Паколькі ў мінулым годзе Уладзімір Мінавіч быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, Святлана Антонаўна параіла звярнуцца да іншых Скарынічаў – уладальнікаў медаля ці ордэна нашага славутага першадрукара. І якая ж была радасць для бібліятэкараў, калі праз пэўны час Мазго паведаміў: у Сакавінах згадзіўся па- ўдзельнічаць сам Гальпяровіч – і палачанін, і Скарыніч! Нават не верылася, што такое магчыма. А потым даў згоду прыехаць у Зэльву Зіновій Прыгодзіч – чалавек, які ў сваіх бліскучых дыялогах распавёў пра творчы і жыццёвы лёс не аднаго дзеяча культуры, уганараванага гэтай узнагародай.
Можна доўга пералічваць званні і ўзнагароды гасцей, што і рабілі вядучыя. Але мы засяроджваем увагу менавіта на скарынавых узнагародах.
У бібліятэцы арганізавалі кніжную выставу “Госці Сакавін-2017”, дзе змясцілі творы маючых прыехаць гасцей і актыўна рэкламавалі іх. Наладзілі кантакты з аддзелам адукацыі, спорту і турызму, кіраўніком раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Ж.М.Сліж. Аддзел дапамог забяспечыць падвоз старшакласнікаў са школ раёна, а Жанна Мікалаеўна, як і штогод, аказала матэрыяльную падтрымку святу. Адбылася сустрэча гасцей у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Акрамя моладзі ў ёй прынялі ўдзел і сталыя жыхары Зэльвы, даўнія чытачы бібліятэкі.
Вельмі творча падышла да медыясуправаджэння гісторыі Сакавін Святлана Гецман. Здавалася, што ні адно слова не засталося па-за яе ўвагай: кожнае выступленне гасцей, вядучых і спевакоў суправаджалася адпаведнымі слайдамі.
Віншаванне
з юбілеем
Сакавіны-2017 праводзіліся ўжо ў 20 раз. З гэтай нагоды прывітаць заснавальніка свята і гасцей прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Семяняка, прадстаўнікі СШ №2 – школы, у якой вучыўся ў свой час Уладзімір Мазго, адкуль і пайшлі на раённую сцэну Сакавіны, а таксама выканаўцы песень-падарункаў.
Валянцін Міхайлавіч адзначыў, што Сакавіны – гэта ганаровая адметнасць нашага раёна.
– Не заўсёды, на жаль, творчыя людзі памятаюць пра свае карані, – гаварыў ён. – Стаўшы вядомымі, дзесяцігоддзямі не наведваюць родных мясцін. Уладзімір Мінавіч не толькі сам не забывае радзіму, але і ўзбагачае нас знаёмствам з лепшымі сынамі Айчыны. Ён і ў Ганненскім кірмашы прымае актыўны ўдзел, і маладым землякам дапамагае стаць на крыло. Вялікі яму за гэта дзякуй ад усіх зэльвенцаў!
Валянцін Міхайлавіч падарыў гасцям і ўдзельнікам Сакавін свой верш пра вёску Цяглевічы.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №2 Таццяна Якубовіч параўнала нашы Сакавіны з вялікім паруснікам і пажадала, каб ветразям гэтага карабля заўсёды спадарожнічаў вецер. А яго пасажырамі станавілася ўсё больш і больш маладых людзей. Ад калектыву школы з музычным падарункам выступіла Наталля Маўчун, якая выканала песню “Варажба” на словы Уладзіміра Мазго.
Асноўная
падзея года
для Уладзіміра Мазго
Калі вядучыя Святлана Сонец і Вячаслаў Шаўцоў папрасілі Мазго падумаць, якая асноўная падзея адбылася ў яго жыцці пасля мінулых Сакавін, ён, не вагаючыся, адразу адказаў:
– Сённяшні прыезд на маю радзіму Гальпяровіча і Прыгодзіча.
Вядучыя былі відавочна здзіўлены такім адказам, бо добра ведалі, што медаль Францыска Скарыны наш зямляк атрымаў якраз пасля Сакавін-2016. Летам.
Што гэта азначае? Ды тое, што не ўзнагародам Мазго аддае перавагу, а магчымасці пазнаёміць зэльвенцаў з творчымі асобамі краіны. Ён не шкадаваў узвышаных слоў для сваіх сяброў. Бескарыслівая любоў паэта да радзімы і землякоў дазволіла Уладзіміру Мінавічу пераадолець нямала перашкод і зрабіць удзельнікамі Сакавін больш за 30 таленавітых творцаў! Мікола Маляўка, Мікола Мятліцкі, Казімір Камейша, Віктар Шніп, Мікола Чарняўскі, Міхась Пазнякоў, Алесь Марціновіч, Іван Саверчанка, Анатоль Зэкаў, Уладзімір Марук – ніхто не адмовіў Уладзіміру Мазго.
Як актыўны і пастаянны ўдзельнік свята песні і паэзіі ў Маладзечне Уладзімір Мінавіч адзначыў важную акалічнасць. Калі там перавага аддаецца музыцы, то ў Зэльве – мастацкаму слову (хоць і ў нас выступалі такія знакамітасці, як Алег Елісеенкаў, Якаў Навуменка, Дзмітрый Качароўскі, Вячаслаў Статкевіч). Сапраўды: нашы Сакавіны як пачаліся з паэзіі, так і прадаўжаюць гэтую традыцыю.
Свята на паэтавай радзіме–
Шчодрыя, як сонца, Сакавіны,–
Лучаць нас са словам родным,
мілым
Ды знаёмяць з творцамі краіны.
Да слова: спевакам намнога цяжэй вырвацца са сталіцы ў далёкую Зэльву, чым у блізкае Маладзечна. Вось і сёлета не змог прыехаць на свята Андрэй Хлястоў, якога ў апошні момант запрасілі на канцэрт.
Уладзімір Мазго парэкамендаваў зэльвенцам трэці нумар часопіса “Нёман”, у якім працуе намеснікам галоўнага рэдактара. Не таму, што там змешчана падборка яго вершаў. А з нагоды публікацыі твораў яшчэ двух гродзенцаў: Таццяны Лашук і Георгія Кісялёва. Аповесць Лашук “Экзамен” знаёміць з Францыскам Скарынам падчас падрыхтоўкі і здачы экзаменаў у Падуанскім універсітэце. Вельмі цікавая рэч! Абавязкова вазьміце ў бібліятэцы.
Як зэльвенцы
сталі палачанамі
Палачанін Навум Гальпяровіч прызнаўся, што яму вельмі спадабалася радзіма Мазго. Асабліва кранула тое, што ўсе, з кім размаўляў, цудоўна валодаюць роднай мовай. А як пачуў беларускамоўнае выступленне Семянякі, расчуліўся і падарыў зэльвенцам… родны горад.
– Адчувайце і вы сябе палачанамі, бо Полацк належыць усёй Беларусі, – усхвалявана гаварыў Навум Якаўлевіч.
Да роднай мовы ў Гальпяровіча адносіны асаблівыя. Вось вельмі яскравы факт з яго бія-графіі. Калі заканчваў Полацкі педагагічны інстытут, усе дзяржаўныя іспыты здаваў па-беларуску: і педагогіку, і методыку мовы, і нават навуковы камунізм! Калі здаваў апошні, па-слухаць студэнта прыйшлі ўсе вольныя ад працы выкладчыкі. Калі б усе мы падавалі такі прыклад служэння роднаму слову, хіба ж такім было б становішча спраў з яе выкарыстаннем?!
Такое ж трапяткое стаўленне ў Навума Якаўлевіча і да роднага Полацка.
– А як жа інакш, калі першае, што я, немаўля, убачыў, – гэта вежы старадаўняй Сафіі, – дзяліўся з зэльвенцамі ўспамінамі Гальпяровіч. – Справа ў тым, што раддом, дзе я нарадзіўся, знаходзіўся і знаходзіцца насупраць Сафійскага сабора. Ды і жылі мы непадалёку ад другой гістарычнай мясціны – Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра.
Так што, як бачым, быць па-свечанымі ў палачане такім чалавекам – вялікі гонар.
А пачынаў пісаць малады паэт на дзвюх мовах. У “Зорьку” пасылаў вершы на рускай мове, у “Піянер Беларусі” – на роднай. Канчаткова вызначыцца дапамог рускі пісьменнік Усевалад Раж-дзественскі. Прачытаўшы некалькі вершаў пачынаючага паэта, параіў пісаць на мове, якая глыбінна жыве ў памяці як родная.
Зараз у Гальпяровіча нямала паэтычных і празаічных кніг: “Брама”, “Востраў душы”, “Святло ў акне”, “Гэта ўсё для цябе”, “Голас і рэха”… Раённай бібліятэцы паэт падарыў “Сюжэт для вечнасці” – выбранае з твораў мінулых гадоў. Вельмі шкада, што Навум Якаўлевіч прачытаў толькі два свае вершы: “Я – вучань…” і “Веі замружу, і ўбачыцца вечар…”. Лірычныя творы паэта часта выкарыстоўваюцца ў школах і бібліятэках, прысутным вельмі хацелася пачуць іх у аўтарскім выкананні.
Было б недаравальна не нагадаць пра работу Гальпяровіча на радыё. Ён – галоўны дырэктар міжнароднага вяшчання Беларускага радыё. Інфармацыя пра Беларусь гучыць у эфіры на васьмі мовах! Навум Якаўлевіч паабяцаў, што свет пазнаёміцца і з нашай Зэльвай.
Пясняр Скарынічаў
Калі вядучыя пацікавіліся ў Прыгодзіча, як яму ўдаецца сумяшчаць пісьменніцкую творчасць і журналістыку, Зіновій Кірылавіч уздыхнуў:
– Калі працаваў галоўным рэдактарам “Савецкай Беларусі”, не тое што пісаць, чытаць амаль не меў часу. Зараз лягчэй, усё-такі “Гаспадыня”, якую рэдагую, – часопіс, а не штодзённая газета.
Нядаўна сямейны часопіс “Гаспадыня” адзначыў сваё 25-годдзе, з чым сардэчна павіншавалі вядучыя яго заснавальніка і галоўнага рэдактара.
Зіновій Прыгодзіч – аўтар больш чым 30 кніг. І ўсе яны дарагія, але галоўнай працай жыцця лічыць трылогію “Постаці”. У кожнай з кніг змешчана па дзесяць вялікіх інтэрв’ю, дванаццаць з трыццаці прысвечана Скары-нічам. Нельга без хвалявання гаварыць пра дыялогі Прыгодзіча з абранымі ім людзьмі! Рыхтуецца да іх Зіновій Кірылавіч настолькі грунтоўна, што не губляецца. Калі размова скіроўваецца не ў той бок, які быў запланаваны, не ідзе суразмоўца ў адным накірунку – ёсць другі варыянт. Не згодны на гэты – у запасе трэці… Яго дыялогі і нарысы дапамагаюць убачыць вядомага творцу з усіх бакоў, а чытаюцца на адным дыханні!
Па словах аўтара, нялёгка дамовіцца з творцамі на сустрэчу. Міхаіл Фінберг у адказ на просьбу аб інтэрв’ю паставіў умову: размова павінна заняць не больш чым 45 хвілін. Прыгодзіч узмаліўся: хоць гадзіну, Міхаіл Якаўлевіч! Прагаварылі каля дзвюх. Але як! Фінберг, адразу ўлавіўшы сутнасць пытання, не даваў дагаварыць, адказваў ёмка і энергічна. І тут жа падганяў: “Далей, калі ласка”. Калі б не каласальная падрыхтоўка да размовы, хіба яна магла атрымацца?!
– Пасля гэтага інтэрв’ю я канчаткова зразумеў, чаму такія людзі, як Фінберг, шмат паспяваюць зрабіць, – сказаў зэльвенцам Прыгодзіч. – Яны цэняць час, у іх няма дарэмна патрачаных хвілін.
Пісьменнік заклікаў моладзь браць прыклад з такіх людзей. А яшчэ прасіў не баяцца шукаць і памыляцца. Аляксей Дудараў, напрыклад, змяніў некалькі прафесій, перш чым знайшоў сваё асноўнае прызначэнне на зямлі. Быў слесарам на заводзе, неблагім акцёрам, паспяховым празаікам… Пакуль не паспрабаваў сябе ў драматургіі, не адчуваў сябе шчаслівым.
Оперная спявачка Аксана Волкава не чакае, пакуль яе за-просяць у той ці іншы знакаміты тэатр свету. Яна смела ідзе на ўдзел у розных кастынгах, авалодвае замежнымі мовамі, шліфуе сваё майстэрства. І вось ужо беларускую спявачку за-прашаюць у Вялікі тэатр Расіі, Латвійскую нацыянальную оперу, у сусветна вядомы міланскі “Ла Скала” і нью-йоркскі “Метрапалітэн-опера”.
– Шмат трэба ўсяго, каб стаць асобай, – заключае Зіновій Кірылавіч. – Але галоўнае, лічу, трэба ведаць і шанаваць сваю гісторыю, народныя традыцыі і прыроду.
З цягавітым сялянскім канём параўнаў Прыгодзіч яшчэ аднаго свайго суразмоўцу – Васіля Быкава. Ён лічыў, што “літаратура павінна пастаянна біць у званы нашай памяці, настойліва абуджаць у людзях неабходнасць высокай духоўнасці, без якой самы высокі прагрэс матэрыяльнай культуры будзе не ў радасць”.
З іншых сваіх твораў, акрамя “Постацяў”, Прыгодзіч рэкамендаваў моладзі адну з першых кніг “Журба мая светлая”.
– Гэта аповесць пра першае каханне, якое скончылася расставаннем. А паколькі ў зале шмат моладзі, думаю, ім будзе цікава па-знаёміцца з іх равеснікамі, – сказаў Зіновій Кірылавіч і падарыў бібліятэцы трохтомнік “Постаці” і кнігу “Журба мая светлая”.
А яшчэ празаік і журналіст парадаваў прысутных двума сваімі вершамі – “Без цябе” і “Лагоднае возера”.
***
Пасля заканчэння мерапрыемства госці яшчэ доўга размаўлялі з зэльвенцамі ў фае, фата-графаваліся каля змястоўнай кніжнай выставы. Уладзіміра Мазго засыпалі пытаннямі былыя ўдзельнікі ансамбля “Русічы”, пра які ён заўсёды згадвае з вялікай цеплынёй і цешыцца, што яго былы саліст Станіслаў Казакевіч і сёння радуе гасцей Сакавін сваім чароўным голасам.
Калі зэльвенцы спыталі ста-лічных гасцей, ці пагадзяцца яны прыехаць на Сакавіны яшчэ раз, пачулі ў адказ: “Запрашайце!”.
Яніна ШМАТКО.






