Зэльвенцы ў ліку ўдзельнікаў фальклорнага свята «Па сцежках спадчыны»

Мерапрыемства сабрала талентавітых гасцей з Мастоўскага, Зельвенскага, Шчучынскага, Слонімскага раёнаў, улюбёныя ў матывы роднага краю. Свае работы таксама прадэманстравалі вытворцы з цэнтраў рамёстваў.
Прывіццё любові да сваёй маленькай радзімы, таго найпрыгажэйшага куточка, дзе нарадзіўся, вырас, атрымаў першыя жыццёвыя ўрокі, пачынаецца менавіта з дзяцінства. Кожны чалавек, у тым ліку і маленькі грамадзянін, павінен ведаць родную мову, культурную спадчыну свайго народа, гераічнае мінулае сваёй краіны, бо гэта нашы карані, нашы вытокі. Менавіта гэта і данеслі да гледачоў артысты свята.
Асноўны акцэнт быў зроблены на фальклорную культуру — беларускія народныя песні, танцы, байкі.
Яшчэ свята не пачалося, а ўсе госці нібы перанесліся ў мінулае. Асаблівы народны каларыт стваралі з густам падабраныя дэкарацыі — утульная сцэна, упрыгожаная даматканымі ручнікамі з маляўнічымі ўзорамі, цудоўнымі вышытымі вырабамі, якімі карысталіся нашы продкі.
Адкрыў мерапрыемства начальнік адзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі С. С. Дзейкало і дырэктар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці І. Д. Дземянчук, якія ўвайшлі ў састаў журы. Таксама ацэньвалі артыстаў вядучы метадыст па фальклору В. Ф.Шлавец, вядучы метадыст А. Ф. Аўчыннікаў.
Вялікае задавальненне, узнёслы настрой прынесла гасцям “Котчынская кадрыля”. Артысты выйшлі ў прыгожых нацыянальных касцюмах, с прыемнымі ўсмешкамі на тварах і бляскам у вочках. З якой радасцю яны дарылі гасцям свае музычныя нумары, цеплыню і шчырасць сваіх сэрцаў!
Падчас фальклорнага свята адчувалася, што дарослыя з маленства прывіваюць сваім выхаванцам любоў і пашану да свайго роднага краю, фарміруюць цікавасць да гісторыі.
У гэты раз выступленне кожнага калектыву паказала высокі прафесійны выканаўчы ўзровень. Яны скаралі гледачоў энергіяй і энтузіязмам, эмацыянальным напалам, чысцінёй і самабытнасцю. Гэта цудоўна, што наш імклівы час не загасіў у людзей іскрынку светлай любові да песні, жаданне прыносіць радасць людзям, радавацца і радаваць іншых, адраджаць свой каштоўны нацыянальны скарб.
Ведаеце, заўсёды, калі бываю на такіх мерапрыемствах, адчуваю лёгкасць, акрылёнасць, а на душы становіцца добра і спакойна. Чаму так адбываецца? Таму што адкрыць свае сэрцы могуць толькі добрыя, шчырыя, душэўныя людзі, чулыя і з вялікім цярпеннем. Тут, дзе шануюць нацыянальную культуру, сапраўдныя куточкі цяпла, чысціні і дабраты, і хочацца, каб так было ўсюды.
Безумоўна, самадзейныя артысты яшчэ доўга будуць радаваць удзячных гледачоў сваімі цудоўнымі песнямі.
Мастоўская газета «Зара над Нёманам»