15 ліпеня 400-гадовы юбілей адзначыць парафія Божага Цела вёскі Крамяніца


Мястэчка Крамяніца
Мы не памыліліся, назваўшы невялікую зараз вёсачку мястэчкам. Хоць дакументальна законнасць гэтага тытулу не пацверджана, тым не менш, Крамяніца ўспрымалася як мястэчка ажно да паловы XIX стагоддзя. Гэтак абазначана яна і на вядомай гісторыкам карце Тамаша Макоўскага 1613 года. А ўпершыню мясцовасць згадваецца ў 1498 годзе. Менавіта тады Мікалай Юндзілавіч Рачковіч разам з братамі Янам Паўлам і Шымкам атрымаў ад вялікага князя Вялікага княства Літоўскага Аляксандра Ягелончыка па-цверджанне аб пераходзе ва ўласнасць Крамяніцы, што раней належала бацьку Юндзілу, а перад ім –дзеду Рачку. (Значыць, існавала Крамяніца як мінімум на гадоў 60 раней 1498 года).
Фундатары і творцы касцёла
У 1617 годзе віцебскі кашталян Мікалай Вольскі з жонкай Барбарай з Войнаў запрасілі ў Крамяніцу кракаўскіх канонікаў латэранскіх на душпастарскую службу. Віленскі біскуп Яўста-фій Валовіч даў згоду на іх запрашэнне, і 1 жніўня 1620 года Вольскія ў прысутнасці ксяндза Юзафа Юдыновіча і некалькіх цывільных асоб склалі акт аб перадачы часткі сваёй маёмасці на карысць распачатага будаўніцтва касцёла і кляштара. У карыстанне канонікаў латэранскіх яны перадавалі фальварак Астраўшчызна, вёску Марцінавічы з падданымі і зямлёй, сенажаць каля в. Падбалоцце, землі каля Вейшыч і фальварак Кватэры. Сваё рашэнне Вольскія аргументавалі трывогай за духоўнае жыццё людзей: «Хворыя паміраюць у грахах, а дзеці растуць без хросту», – пісалі яны ў акце. Для сябе Вольскія прасілі толькі святой Імшы кожную сераду (пакуль яны жывыя) і памінальных штогадовых набажэнстваў пасля іх канчыны.











