Старажыла нашага раёна — Надзея Валадашчык
Жыхарка Зэльвеншчыны Надзея Валадашчык – адна з нешматлікіх старажылаў нашага раёна, а ў вёсцы Сынкавічы ўвогуле адзіная. Камбінацыя лічбаў у пашпарце Надзеі Раманаўны ў графе «дата нараджэння» – 11/01/1924.
Шчыра кажучы, пабываўшы ў гасцях у доўгажыхаркі, некалькі дзён знаходзілася пад асаблівым уражаннем. У 93-гадовым узросце жанчына да дробязяў памятае сваю біяграфію, усіх без выключэння родзічаў, без запінкі пералічвае прозвішчы былых вучняў, расказвае аб сучасных буднях аднавяскоўцаў…
На долю Надзеі Раманаўны выпалі нялёгкія ваенныя і пасляваенныя гады, якія не зламалі, а, наадварот, загартавалі яе характар і жыццяздольнасць.
– Лёс мой звычайны, нічым не адметны, – дзеліцца ўспамінамі бабуля. – Родам я з Чачэрска, што на Гомельшчыне. Вырасла ў мнагадзетнай сям’і. Як было заведзена ў той час, разам з братамі з ранніх гадоў мы шмат працавалі, дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Хоць і складана было, аднак у нас у доме заўсёды панавалі лад і гармонія.
Звычайны ўклад вясковага жыцця парушыла вайна. Надзеі Раманаўне прыйшлося пакінуць сваю малую радзіму. У пошуках прыстанішча яна накіравалася на Зэльвеншчыну, да свайго брата Сяргея, які тут ужо некалькі гадоў працаваў настаўнікам у Галынкаўскай школе.
– У Казловічах я таксама стала вучыць дзяцей, – працягвае суразмоўца.
Праўда, школу ў вёсцы немцы спалілі. Таму заняткі праходзілі ў звычайным доме. Падручнікаў не хапала – быў адзін на траіх вучняў. Настаўніцы за свае грошы прыходзілася купляць сшыткі, самой рабіць чарніла. Надзея Раманаўна прыкладвала ўсе намаганні, каб навучыць вясковых дзяўчынак і хлопчыкаў грамаце.
– Усе для мяне былі як родныя, – гаворыць жанчына. – Так іх і называла – мае дзеткі. – Дбала, каб не былі яны галоднымі, прыходзілі ў школу акуратнымі, старалася абараніць, калі хто іх крыўдзіў. Бывала, прынясуць бацькі баваўняных нітак, навяжу шкарпэтак, рукавічак, шапак і зраблю падарункі сваім выхаванцам. Кожнага імкнулася сагрэць пяшчотай сваёй душы.
Маладую настаўніцу запры-кмеціў вясковы хлопец, які жыў па суседстве.
– Як убачыў аднаго разу праз акно, так і закахаўся, – ус-міхаючыся, прыгадвае жанчына.
Адразу пасля жаніцьбы Фёдар забраў жонку да сябе. Нявестка хутка знайшла агульную мову са свякроўю, для якой стала яшчэ адной дачкою.
– Мой асаблівы гонар – тры сыны, – адзначае Надзея Валадашчык. – Выраслі яны чулымі і спагадлівымі. Старэйшы ўзяў нада мной апеку – гады ўжо не тыя. Федзя ўсю работу выконвае –
і ў хаце прыбярэ, і есці прыгатуе, і добрым словам адорыць. Яго клапатлівыя рукі ахоўваюць маё сталае жыццё.
Багацце жанчыны – яе пяць унукаў, чатыры праўнукі і два прапраўнукі.
– Лічу-лічу і часам нават блытаюся, – жартуе доўгажыхарка.
Не забываюць нашчадкі пра сваю бабулечку – тэлефануюць, часта прыязджаюць у госці, каб справіцца аб здароўі, павучыцца мудрасці.
Калі я пацікавілася ў сваёй суразмоўцы, у чым сакрэт яе даўгалецця, яна, не задумваючыся, адказала:
– Старалася не рабіць людзям зла, а дарыць толькі дабро. Усе мы пад Богам ходзім. Доўга жыву на свеце, пэўна, яшчэ і таму, што шмат давялося працаваць фізічна. Рана засталася ўдавою, усе хатнія клопаты ляглі на мае плечы. Як дзеці падраслі, сталі мне надзейнымі памочнікамі.
Запыталася ў Надзеі Валадашчык і наконт прыёму лекаў:
– Каб не прагаварыцца, ніякіх таблетак не ўжываю. А навошта? Як прыйдзе тая часіна, то
прыйдзе – колькі каму наканавана, столькі і пражыве. Не паверыце, нават у бальніцы ніколі не лячылася. Праўда, у апошні час доктар заязджае, каб пацікавіцца, як сябе адчуваю, бо часам крывяны ціск падводзіць.
Надзея Раманаўна ў сваім шаноўным узросце не страчвае бадзёрасці. Абапіраючыся на кіёк, нават на вуліцу выходзіць ды дае сыну парады, як тую ці іншую гаспадарчую справу лепш зрабіць. Адным словам, аптымізму ў гэтай вясковай жанчыны хопіць на некалькі чалавек.
Наталля МАЦЮК