А дзе ж школа на вуліцы Школьнай?
Госці Зэльвы заўсёды здзіўляюцца, трапіўшы на вуліцу Школьную ў Зэльве: а дзе ж тут школа? Сапраўды, школы зараз тут няма, але вельмі добра, што назву не змянілі, бо школа тут была. І гэта наша гісторыя.

Якой была старая школа?
Школа мясцілася ў двух драўляных будынках прыкладна на месцы сучасных дадатковых пабудоў аддзела адукацыі. У адным будынку вучыліся дзеці пачатковых класаў, у другім – старэйшыя. Як успамінае прафесар Л.І.Варанчыхіна, адна з вучаніц той пары, другі будынак прыцягваў іх, малечу, магнітам. Там стаяў бачок з вадой, і яны бегалі туды на кожным перапынку як бы папіць вады. На самай справе – палюбавацца на хлопцаў-старшакласнікаў. Усе яны ў большасці былі пераросткі, хадзілі ў вайсковым адзенні (хто – ў бацькоўскім, а хто ў сваім), і для малых былі героямі.
Вучыліся пры керасінавых лямпах. Часта не хапала газы-керасіну, падручнікаў, паперы для пісьма і шмат чаго іншага. А ахвоты да ведаў было больш чым дастаткова. Настаўнікі былі маладымі, часта самі сумяшчалі працу з завочным навучаннем. Людміла Іванаўна Варанчыхіна з вялікай цеплынёй успамінае першую настаўніцу Інькову, настаўніка малявання Коніка, дырэктара Бугаёва, а таксама школьнага тэхработніка Верстака. Дзед Юлек, як называлі дзеці яшчэ маладога мужчыну, паліў печкі, даваў званкі, забяспечваў газава-керасінавае асвятленне. (Дарэчы, керасінавая лаўка была там, дзе доўгі час размяшчалася зэльвенская ДАІ). А ў Верстака і домік быў побач са школьнымі будынкамі. Не домік – а цацка – настолькі ён быў маленькім. Дзяцей Юльяну Андрэевічу з жонкай не паслаў Бог, і ім было дастаткова і такога дамка.
Насельніцтва Зэльвы пасля вайны расло, вось і пачалі ўзводзіць крыху далей ад старых будынкаў новыя. А назва за Школьнай засталася. І гэта цудоўна!
Настаўнікі вуліцы
Хоць даўно знесены старыя будынкі школы, магія іх прысутнасці ўсё ж існуе. Бо чаму тады на невялікай вулачцы ў паўтара дзясяткаў дамоў столькі настаўнікаў?! Вось акуратны домік Кузьміных. І гаспадар, і гаспадыня, і іх сын – настаўнікі. Аляксандр Уладзіміравіч – гісторык, Таццяна Мікалаеўны – філолаг, сын Мікалай – выкладчык замежнай мовы. Закончыла філалагічны факультэт ГрДУ і паспяхова выкладае рускую мову і літаратуру ў адной з гродзенскіх школ дачка Зіміных – Святлана Анатольеўна. Дачка Калбаскаў – Вольга Мікалаеўна – настаўніца пачатковых класаў. Выкладчыцай хіміі і біялогіі стала дачка Конікаў – Наталля Сяргееўна. Іна Віктараўна Таляркова – гісторык, працавала ў СШ №2, зараз загадвае аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў.
У 50-ыя гады на вуліцы жыла і працавала ў школе першая настаўніца Валянціны Касінскай (Калбаска) – Лідзія Афанасьеўна Зайцава.

Як забудоўвалася вуліца
Зараз цяжка назваць аднаго-двух старажылаў гэтай невялікай вуліцы. Блізкасць яе да галоўнай плошчы, зразумела, прыцягвала людзей. І, напэўна, былі тут хаткі, скуль першымі адгукаліся на покліч Ганненскага кірмашу і прымалі на начлег прыезджых купцоў. Тых жыхароў мы, на жаль, не ведаем. А вось пра тых, хто пачынаў будаўніцтва ў пасляваенны час, дзякуй Богу, яшчэ ёсць каму расказаць. Дачка І.П. і А.С.Касінскіх – Валянціна Іванаўна Калбаска – жыве з сям’ёю ў бацькоўскім доме. Яны разам з мужам Мікалаем Уладзіміравічам добра-такі папрацавалі, каб домік канца 40-х гадоў стаў цалкам прыстасаваным да сучаснасці. Іван Пятровіч Касінскі, які будаваўся адным з першых, быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Алену Сцяпанаўну добра памятаюць старэйшыя зэльвенцы як нязменнага касіра РДК.
Непадалёку ад Касінскіх будаваліся Козелы. Дарэчы, гаспадыня дома Аляксандра Міхайлаўна амаль ўсё жыццё прысвяціла друкарскай справе: яна ўручную набірала і вярстала раённую газету “Праца”. Побач узводзілі свой дом Кісцянёвы (Канстанцін Рыгоравіч быў таксама ўдзельнікам вайны). Уверх па вуліцы, непадалёку ад Зайцавых, будаваў свой дом яшчэ адзін удзельнік Вялікай Айчыннай, Мікалай Ануфрыевіч Серада. Шмат пакут давялося вынесці яму падчас вайны. Цяжка паранены трапіў у палон, на радзіму вяртаўся ажно праз Швейцарыю. Невялікі бацькоўскі дом расшырылі і ўпрыгожылі зяць з дачкой – Кузьміны.
Дом Козелаў мяняе свой выгляд дзякуючы іх зяцю У.Ю. Дзевятню і дачцы Ларысе Аляксандраўне. Усё працоўнае жыццё Дзевятні аддалі будаўніцтву жылля ў Зэльве і на Зэльвеншчыне, не адзін дзясятак гадоў працуючы у будаўнічай арганізацыі МПМК-148.
Цікавая гісторыя ў дома на скрыжаванні вуліц Школьнай і Булака, у якім калісьці жылі дзед і матуля А.Г.Таляркова. Рыхтуючы ці перакопваючы градкі каля дома, Іна Віктараўна не-не ды знаходзіць асколкі шкла – яскравае пацвярджэнне існавання на гэтым месцы цэха па вырабу напіткаў. Вайной цэх немцы разбамбілі, астаўся ад яго толькі фундамент. Вось на гэтым фундаменце дзед Аляксандра Георгіевіча Таляркова і пабудаваў дом, які ўнук зараз адбудоўвае для сваёй сям’і.
Па-новаму будавалі сваю сядзібу Э.С. і Л.Ф. Дамброўскія. Эдуард Станіслававіч быў актыўным удзельнікам створанага Уладзімірам Сарокіным духавога аркестра, пэўны час узначальваў раённы Дом культуры. Людміла Фёдараўна, закончыўшы Навагрудскі тэхнікум, усё жыццё працавала ў райфінаддзеле і падатковай інспекцыі.

Пазнейшыя забудоўшчыкі
Вялікай павагай карысталіся ветурачы Скібы – Пётр Міхайлавіч і Аляксандра Нікіфараўна. Працавалі яны ў калгасе, дамоў вярталіся позна, але калі б ні звярнуліся суседзі за дапамогай (а тады гаспадарку трымалі практычна ўсе), – ніколі не адмаўляліся палячыць свінчо ці кароўку. На жаль, Аляксандры Нікіфараўны няма ў жывых, цяжка хварэе і Пётр Міхайлавіч, і яго даглядае малодшы сын Пётр.
Як бы на змену ім пасяліліся на Школьнай маладыя ветурачы Туроўнікі: Сяргей Іванавіч і Ала Анатольеўна. Сяргей Іванавіч мае вялікі вопыт у сваёй нялёгкай справе, і зараз працуе намеснікам галоўнага ветурача раённай ветстанцыі.
Сталі старажыламі Шчамялёвы. Васіль Васільевіч доўгі час працаваў ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, Ніна Іванаўна – медсястрой на выратавальнай станцыі. З нядаўняга часу – пенсіянеры.
Побач з імі жыве Лідзія Канстанцінаўна Уласік (на жаль, сёння ўдава). Разам з мужам выгадавалі дзвюх дачушак, якія сталі мнагадзетнымі маці. Адна з іх, дарэчы, настаўніца.
Жыхарамі Школьнай гадоў за 12 да канца 20-га стагоддзя сталі Зіміны. Анатоль Дзмітрыевіч быў і шафёрам, і будаўніком. Марыя Яўгенаўна – культработнік, каля 30 гадоў аддала працы метадыстам у РДК.
Калі даводзілася прасіць людзей расказаць крыху пра сябе для нарыса пра вуліцу, “школьнікі” пыталіся: “Напэўна, гэта Клаўдзія Уладзіміраўна прыдумала напісаць пра нас?” – І з павагі да К.У.Крэчка згаджаліся стаць героямі гэтага аповеду. А сама Клаўдзія Уладзіміраўна, жыхарка вуліцы з 1985 года, папрасіла абавязкова згадаць пра Ж.С.Конік і яе сям’ю. Ранняя смерць Жанны Сяргееўны – незагойная рана і для галоўнага рэдактара “Працы” І.М.Шабалоўскай. Ірына Марыянаўна расказвае: “Я працавала загадчыцай сектара па ахове дзяцінства, і знайсці прыёмныя сем’і для выхавання дзяцей-сірот было няпроста. Конікі згадзіліся прыняць першых дзетак у 2015 годзе. Вядома, асноўны цяжар у доглядзе за імі лёг на плечы Жанны Сяргееўны. Яна не проста карміла-адзявала іх, яна клапацілася пра іх як родная маці. Думала не толькі пра цяперашні дабрабыт, але і пра будучыню дзяцей. Заўважыўшы любоў да музыкі ў адной з дзяўчынак, настойліва рыхтавала яе да паступлення ў музычны коледж. Пяцёра дзяцей з чужых сем’яў сталі сваімі для ўсіх Конікаў-бацькоў і іх траіх дзяцей. Ужо цяжка хворая, Жанна Сяргееўна ніяк не згаджалася аддаць малых у дзяцячы прытулак. Светлая памяць пра яе жыве ў нашых сэрцах, і ў сэрцах тых, каму яна замяніла матулю…
Разляцелася моладзь па свеце
Шмат добрых спецыялістаў дала маленькая вуліца краіне. Старэйшы сын Шчамялёвых не толькі вуліцу, усю Зэльвеншчыну праслаўляе як вопытны нейрахірург. Зараз Андрэй Васільевіч узначальвае 2-е аддзяленне Рэспубліканаскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі. Аляксандр Васільевіч – работнік банка ў Слоніме.
Сын Дзевятнёў пайшоў па слядах бацькі і стаў інжынерам-будаўніком, дачка звязала лёс з музыкай. Алена Крэчка, хоць і дзяўчынка, таксама, як і любімы тата, стала інжынерам, закончыўшы тую ж вну, што ў свой час і Сяргей Мікалаевіч. Другая дачка Крэчкаў – Наталля – атрымала дзве вышэйшыя адукацыі і стала высокапрафесійным спецыялістам у эканамічнай сферы.
Калбаскі акрамя дачкі-педагога, маюць сына інжынера. Ён хоць і малады спецыяліст, але падае добрыя надзеі ў сваёй прафесіі. Дзмітрый Мікалаевіч працуе ў Мінску.
Сыны Скібаў – Генадзь і Пётр – зацікавіліся прафесіяй вайскоўца. Абодва закончылі Ленінградскае вышэйшае ваеннае вучылішча. Пасвяцілі жыццё службе ў войску Канстанцін Кісцянёў і Віктар Дамброўскі.
Дачка Талярковых Марыя вучыцца ў магістратуры БДУ. Прапаноў на працу мае багата, так што пакуль невядома, куды накіруецца яе прафесійная сцяжынка.
А школьнікі на Школьнай ёсць?
Не ўсе гадаванцы Школьнай разляцеліся па свеце. Двое хлопчыкаў-суседзяў яшчэ школьнікі. Гімназісты! Максім Туроўнік вучыцца ў другім клдасе, Мацвей Таляркоў – у шостым. Кім яны стануць – не так і важна. Галоўнае, што бацькі выхоўваюць у іх павагу да людзей, любоў да малой радзімы. Іна Віктараўна Таляркова, як гісторык, збірае звесткі пра ўсё, што адбывалася на Зэльвеншчыне, і сына да гэтага прывучае. Зэльвенцы па нараджэнні і Туроўнікі, ім таксама ёсць што перадаць сыну. Гісторыя Школьнай будзе працягвацца.
Яніна ШМАТКО
Фота Алены ГАРБАЦЭВІЧ
Комментарии отключены