А у нас — «Экстра» — класс
Сярод лепшых работнікаў СВК “Бародзічы” называюць аператараў машыннага даення Наталлю Вароўскую і Валянціну Сарока. На сучасным малочнатаварным комплексе “Бародзічы” яны працуюць з першых дзён яго ўводу ў эксплуатацыю.
Цяпер на комплексе ўтрымліваецца 720 дойных кароў, якіх за змену павінны падаіць жанчыны. А гэта, згадзіцеся, не мала. Аднак з такой “грамадой” аператары паспяхова спраўляюцца.
– Аб выніковасці работы звяна можна меркаваць па вытворчых паказчыках, – адзначае галоўны заатэхнік гаспадаркі Дзмітрый Парцяны. – З пачатку года Наталля Вароўская і Валянціна Сарока надаілі 1987 тон малака. Надой на адну карову склаў 5485 кілаграмаў. Гэты паказчык вышэйшы, чым у іншых работнікаў, хоць умовы працы ва ўсіх аднолькавыя.
– Прафесія аператара машыннага даення патрабуе пэўных ведаў і навыкаў, – адзначылі ў час нашай размовы жанчыны. – Мы павінны правільна падрыхтаваць кароў да даення і правесці яго ў адпаведнасці з тэхналогіяй. А вось надоі залежаць ад шматлікіх фактараў, сярод якіх складана вылучыць найбольш важныя, бо ўсё цесна пераплятаецца. Гэта і кармленне, і захаванне тэхналогіі, і надзейная работа абсталявання, і асемяненне кароў… Возьмем да прыкладу сам працэс даення. Здаецца, што прасцей быць не можа: надзеў даільны апарат і ён сам “забярэ” ўсё малако ў каровы. Толькі гэта не зусім так. Ёсць маленькая дробязь, ігнараванне якой і прыводзіць да зніжэння прадуктыўнасці статка – абавязкова трэба ўважліва сачыць за даільным абсталяваннем, каб забяспечыць належную паўнату выдойвання.
На малочнатаварнай ферме ўстаноўлена сучаснае даільнае і халадзільнае абсталяванне, якое дазваляе атрымліваць малако класам “экстра”. Ёсць свая лабараторыя, дзе за якасцю малака сочыць асобны спецыяліст.
– Сёння ў прыярытэце – якасныя паказчыкі, – працягвае размову Дзмітрый Парцяны. – Даўно даказана, што чым якасней тавар, тым лепшы на яго попыт, вышэй цана, а значыць, і большы даход гаспадарцы. Адсюль – рост заработнай платы работнікаў.