Абараняй нас, святая Агата, ад пажараў і стыхій. Каталікі ўспамінаюць і моляцца да панны і мучаніцы
Штогод 5 лютага каталіцкія вернікі адзначаюць Дзень святой панны і мучаніцы Агаты. Падчас набажэнства благаслаўляюць хлеб і ваду. Лічыцца, што яны абараняюць дом ад пажараў і стыхій, а чалавека – ад хваробаў.

Разважаючы над урыўкам з Евангелля, а таксама перад абразом святой Агаты, устаноўленным каля алтара ў касцёле Святой Тройцы, ксёндз Яцэк Маркель узгадаў пра жыццё простай дзяўчынкі з Сіцыліі. Адметна ад іншых была яна тым, што мела вельмі глыбокую хрысціянскую веру. І нават у час пераследаванняў не адраклася ад Пана Бога. Ні перакананні, ні пагрозы, ні нават страшныя мукі не сталі перашкодай яе духоўнай упэўненасці.

Праз нейкі час пасля смерці Агаты на гары Катанія прачнуўся вулкан і гарачая лава спускалася на горад. Паводле падання, мясцовыя жыхары разаслалі адзенне святой, якое перапыніла рух вогненнай стыхіі. З той пары святая Агата лічыцца выратавальніцай ад пажараў і іншых стыхійных бедаў, апякункай людзей, чыі прафесіі звязаны з агнём. А дзень яе смерці – 5 лютага – днём успаміну і днём малітвы да святой. Таму ў гэты дзень зэльвенскія хрысціяне памаліліся да панны Агаты, просячы аб заступніцтве і абароне ад няшчасцяў і непрыемнасцяў, а таксама аб тым, каб быць сапраўднымі хрысціянамі і не цурацца свайго каталіцкага веравызнання.

Напрыканцы імшы ў гонар святой Агаты святар благаславіў хлеб і ваду і асвяціў іх.



Парафіянка Ірына кажа:
– У дзень літургічнага ўспаміну асвячаецца так званы “хлеб святой Агаты”. Яго веруючыя людзі захоўваюць, як знак Божай апекі і абароны панны Агаты. Існуе такое павер’е: у час пажару ці стыхіі неабходна з кусочкам хлеба абыйсці пабудову, дом, кватэру, пасля чаго агонь аслабне або зусім патухне. Няхай святая Агата перасцерагае ўсіх нас, людзей, краіну, цэлы свет, ад бедаў. І галоўнае – дапамагае умацоўваць нашу хрысціянскую веру.


Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены