Абмежаванняў па продажы валюты банкі не плануюць

beldengi_26_03 На думку намесніка старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргея Калечыца, тая дынаміка, якая назіраецца сёння на валютным рынку, — гэта гнуткая рэакцыя беларускага фінансавага рынку і банкаўскай сістэмы на ўзрослую валацільнасць (зменлівасць) сусветнай эканомікі. Усе гэтыя працэсы маюць фундаментальную аснову і з’яўляюцца вынікам кан’юнктурных і нават спекулятыўных фактараў. Да фундаментальных прычын адносяцца працяглыя трэнды на зніжэнне коштаў энерганосьбітаў. Шасцігадовы мінімум па цане на нафту быў пяройдзены ў апошнія дні. Кошт на нафту складае парадку 43 долараў за бараль. Да іх сёння магчыма дадаць і кароткатэрміновыя змены курсаў у асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі. Сусветныя працэсы аказваюць уплыў на эканоміку краіны і на валютны рынак у цэлым. На думку многіх экспертаў, прагназаваць, што будзе з беларускім рублём, сёння цяжка, але пэўныя чаканні ўсё ж ёсць. Ёсць попыт? Будзе прапанова Нягледзячы на паслабленне беларускага рубля ў дачыненні да замежных валют, прадстаўнікі буйных банкаў краіны заявілі аб тым, што не маюць намер уводзіць абмежаванні і гатовыя забяспечваць абменныя пункты замежнай гатоўкай. Першы намеснік старшыні праўлення Беларусбанка Генадзь Гаспадарык падкрэсліў, што, калі павысіўся попыт, аб’ёмы продажу валюты ў аддзяленнях узраслі прыкладна ў 5 разоў. «Я не магу сказаць, што ў нас напярэдадні ва ўсіх падраздзяленнях на працягу ўсяго працоўнага дня была наяўная валюта. Былі збоі, бо ёсць тэхнічныя пытанні забеспячэння і падмацавання абменных пунктаў. Сёння мы вырашаем гэтыя пытанні. У наступныя дні ўсе нашы абменныя пункты будуць падмацаваныя ў тым аб’ёме, у якім трэба», — падкрэсліў ён. У сваю чаргу намеснік старшыні праўлення Пріорбанка Сяргей Шышоў зазначыў, што ўсе філіялы і абменныя пункты банка працавалі ў звычайным рэжыме. «Былі цяжкасці з электронным банкінгам, але гэта быў тэхнічны збой сістэмы. Усе нашы філіялы і абменныя пункты працавалі з наяўнай валютай. Мы бачым сваю мэту — поўнае забеспячэнне насельніцтва грашыма, незалежна ад таго — беларускія рублі гэта ці замежная валюта. Аб’ём продажу валюты сапраўды павялічыўся. Калі мы параўнаем ліпень і жнівень, то ў ліпені гэта было 38 мільёнаў долараў, а ў жніўні — ужо 50 мільёнаў. Але мы гатовыя задаволіць усіх нашых кліентаў», — растлумачыў ён. Як адзначаюць спецыялісты, сярэдні аб’ём куплі складае ад 80 да 100 долараў на чалавека. Пры гэтым насельніцтва не паменшыла аб’ёмы здачы валюты. Увогуле, прадстаўнікі банкаў лічаць, што напружанасць у сітуацыі на валютным рынку Беларусі ў хуткім часе будзе знята. «Мы стабілізуем становішча на наяўным рынку, а Нацыянальны банк усімі неабходнымі захадамі зробіць гэта і на валютным рынку», — растлумачыў Генадзь Гаспадарык. Па словах Сяргея Шышова, сітуацыя ўжо змянілася: «Колькасць кліентаў, якія збіраліся канвертаваць свае ўклады, ужо паменшылася. Кліенту важна зразумець, што банк можа задаволіць яго пажаданні, выканаць свае абавязацельствы. Калі кліенты гэта адчуваюць, напружанне сыходзіць», — падкрэсліў ён. Доўгатэрміновыя ўклады больш выгадныя На думку Сяргея Шышова, доўгатэрміновыя ўклады ў беларускіх рублях заўсёды больш выгадныя, чым спробы згуляць на курсавых ваганнях. Ён прывёў у прыклад разлікі, якія сведчаць аб тым, што незалежна ад ваганняў курсу беларускага рубля ў дачыненні да валюты выніковая прыбытковасць укладаў у рублях складае прыблізна 10% у год у валютным эквіваленце. «Ніхто з банкаў сёння не дае 10% гадавых у валюце для фізічных асоб. Нашы стаўкі — максімум 4,5%», — адзначыў ён. Акрамя таго, Сяргей Шышоў не бачыць вялікай неабходнасці ў цяперашняй сітуацыі ў павелічэнні працэнтных ставак па ўкладах у беларускіх рублях: «Гэта не мае вялікага значэння сёння. Нам трэба выхоўваць нашага кліента. Ёсць добрыя страхавыя праграмы, ёсць нашы фонды банкаўскага кіравання, гэта значыць, нам усё роўна трэба развіваць гэты інструмент, каб людзі ўкладвалі грошы на больш доўгія тэрміны. І чым раней нашы кліенты зразумеюць, што для іх выгадныя больш доўгатэрміновыя інвестыцыі, тым гэта будзе лепш і для іх, і для нас усіх. Мы не зможам уплываць на ўсю эканоміку, але калі будзем развіваць правільную культуру, то наяўнасць «доўгіх грошай» будзе даваць магчымасць ажыццяўляць больш сур’ёзныя інвестыцыі». Таксама, па словах начальніка галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацыянальнага банка Дзмітрыя Калечыца, Нацыянальны банк Беларусі не плануе павышэння стаўкі рэфінансавання. «Нацбанк не плануе павышэння стаўкі рэфінансавання і стаўкі па іншых інструментах рэгулявання, паколькі мы лічым, што іх узровень знаходзіцца на досыць высокім рэальным значэнні. Нейкіх фундаментальных фактараў, якія б падштурхнулі нас на павышэнне, няма», — рэзюмаваў ён. Інфляцыя не выйдзе за прагнозны ўзровень Таксама Дзмітрый Калечыц адзначыў, што інфляцыя па выніках года не павінна перавысіць запланаваныя 18%. «Зараз мы ўкладваемся ў гадавым вымярэнні — парадку 12,2% за ліпень, па жніўні з улікам той дынамікі, якая цяпер адбываецца на фінансавым рынку, некаторае павелічэнне мы, вядома, чакаем, але ў цэлым у рамках 18% мы мяркуем захаваць інфляцыйныя працэсы», — сказаў Дзмітрый Калечыц. Ён адзначыў, што ўздзеянне на інфляцыйныя працэсы і на ўстойлівасць валютнага рынку ажыццяўляецца праз фактары попыту і грашовую масу. Цяпер параметры па шырокай грашовай масе не перавышаюць прагнозных паказчыкаў. Дзмітрый Калечыц не выключае, што тая дынаміка абменнага курсу, якая цяпер складваецца, будзе аказваць сваё ўздзеянне на дынаміку шырокай грашовай масы. «Магчыма, гэта запатрабуе ўзмацнення нейкіх рычагоў уздзеяння на попытавыя фактары. Але тут ёсць сумесны рух і Нацыянальнага банка, і ўрада, і падтрымка з боку падаткова-бюджэтнай палітыкі ў частцы аптымізацыі ўнутранага попыту для дасягнення макраэканамічнай збалансаванасці і стабільнасці ў краіне», — канстатаваў спецыяліст. Па матэрыялах «Звязда».
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.