Вучні Цяглевіцкага дз/с-СШ з’яўляюцца ўдзельнікамі комплекснага адукацыйнага праекта “Зялёныя школы”, які стартаваў у краінах Еўрапейскай супольнасці і накіраваны на фарміраванне ў школьнікаў каштоўнасных адносін да прыроды, павышэнне ўзроўню экалагічнай накіраванасці адукацыі, інфармаванасці моладзі па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, выхаванне ў іх адказных адносін да прыроды, фарміраванне экалагічна граматных паводзін.
Стварэнне сеткі “Зялёных школ” у Беларусі пачалося з 2010 года. Педагогі і вучні нашай установы ў рамках праектнай дзейнасці прымалі ўдзел у навучальных семінарах, выконвалі заданні праграмы па напрамках “Біяразнастайнасць”, “Энергазберажэнне”, “Водазберажэнне”, “Адходы”, “Інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы па рабоце з мясцовай супольнасцю”.
Для правядзення назіранняў па праграме “Зялёная школа” нашай установе выдзелена неабходнае абсталяванне. Заданні выконваюцца па асноўных напрамках праграмы. Школьнікі вывучаюць відавую разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету нашай мясцовасці, удзельнічаюць у конкурсах малюнкаў, віктарынах, аперацыях “Птушыны дом”, “Чысты лес”, “Кармушка”, “Птушкі на кармушцы”, акцыях “Другое жыццё пластыкавых бутэлек”, “Збяры батарэйкі — зберажы прыроду”, “Збіраем смецце разам”, “Збяры макулатуру — зберажы дрэва”.
У час рэалізацыі праекта “Зялёная школа” праводзілася анкетаванне вучняў наконт іх інфармаванасці па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя. Вынікі паказалі, што падлеткі разумеюць важнасць экалагічных праблем, ведаюць асноўныя накірункі дзейнасці па ахове навакольнага асяроддзя, рацыянальнага карыстання прыроднымі рэсурсамі, любяць сваю малую радзіму.
Дзейнасць у рамках праекта “Зялёная школа” будзе працягнута Цяглевіцкім дз/с-СШ і далей.
Валянціна ЗАХАРКА, настаўніца геаграфіі Цяглевіцкага дз/с-СШ.