Ад першадрукара да сучасных аўтараў. Літаратурная імпрэза пазнаёміла моладзь з папулярнымі творамі

У рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да святкавання Дня беларускага пісьменства, гісторыка-пазнавальную гадзіну ладзілі ў раённай бібліятэцы.

На віртуальную экскурсію і агляд літаратуры ад пачатку кнігадрукавання і да часоў сучаснасці бібліятэкары запрасілі вучняў 10 і 11 класаў сярэдняй школы №2. Свой аповед загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Валянціна Масюк пачала з найбольш запамінальных падзей юбілейнага, 25-га Дня беларускага пісьменства, які сёлета святкаваўся на Брэстчыне. Сярод якіх – узнагароджванне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Дарэчы, творы аўтараў розных намінацый маюцца ў бібліятэцы і кожны жадаючы можа пазнаёміцца з імі. Так, цікавасць у школьнікаў выклікаў зборнік вершаў, аўтар якога Казімір Камейша быў госцем “Зэльвенскіх Сакавін”.
Звяртаючыся да вытокаў слова і кнігі, акцэнт быў зроблены на выданне 20-томнага фаліянта “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, які пабачыў свет у мінулым годзе, пад час святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Перагортваючы старонку за старонкай літаратуры розных стагоддзяў, бібліятэкар раіла прысутным прачытаць тыя творы, якія павінен ведаць кожны.

Прадстаўленыя на выставах сучасныя творы, асабліва аўтараў-дэбютантаў, тут жа знайшлі свайго чытача.
Людміла ПОПКА