Адбылося чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Малюся Слову”
У Дзень роднай мовычлены літаратурнага клуба “Малюся Слову” пры дзённым аддзяленні ЦСАН сабраліся на чарговае пасяджэнне і прысвяцілі яго творчасці паэтаў-землякоў.
У гэтым годзе ў нас некалькі юбіляраў. Пра іх пачалі гаварыць у самым пачатку “адкрытага мікрафона”(менавіта ў такой форме вялося пасяджэнне). Ганароваму грамадзяніну Зэльвеншчыны, галоўнаму герою Сакавін Уладзіміру Мазго неўзабаве споўніцца 65 гадоў. Члены клуба кожны год прымаюць самы актыўны ўдзел у гэтым даўнім свяце, добра памятаюць яго гасцей. З нецярпеннем чакаюць і сёлетніх Сакавін. Інтрыга – хто са сталічных творцаў прыедзе на гэты раз – трымаецца практычна да моманту адкрыцця свята паэзіі і музыкі. Цешым сябе надзеяй, што ўбачым сябра Уладзіміра Мінавіча – кампазітара Алега Елісеенкава, бо ён звычайна прыязджаў да нас у юбілейныя для Мазго гады. Пачакаем: красавік, месяц у якім звычайна ладзяцца Сакавіны, – не за гарамі.
На пасяджэнні гучалі розныя вершы Мазго, але ўсё ж у першую чаргу – пра дарагую паэту Зэльву і родную мову.
Зноўку вабяць бязмежныя далі
За бясконцы, як шлях, небакрай,
Дзе юнацкія вёсны світалі,
Край бацькоўскі падобны на рай.(“Родная спадчына”)
Кожным гукам чароўным і словам Зноў табою акрылена я.
Беларуская мова – Наша з небам размова –
Жаўруковая песня мая. (“Жаўруковая мова”)
На жаль, ні адзін з 75-гадовых юбіляраў не дажыў да сённяшняга дня. А іх трое: А.П.Галаскок, І.М.Данік, І.Л.Сяргейчык. Пра іх жыццё і творчасць гаварылі, перадаючы адна адной мікрафон, В.У.Селівёрстава, А.А.Пайзулаева, Г.І.Карнач, Т.М.Мананнікава. – Мы жылі з Галаскокамі па-суседску, – расказвала Валерыя Селівёрстава. – Я вучылася ў адным класе з сястрой Аляксея Марыяй. Ведаеце, тады мы не здагадваліся пра паэтычны талент белабрысага хлапчука. У газеце ён не друкаваўся, на школьных ранішніках не выступаў. Зараз з задавальненнем чытаю і перачытваю вершы суседа. Асабліва падабаюцца тыя, дзе ён успамінае родныя мясціны.
Сніцца: зноў да ЗальвянкіЯ бягу па расе,
Лодка ветлівым ранкамНа рыбалку нясе.
(“Бліскавіца”)
Гады ляцяць, былое нішчаць…
На плошчы, дзе расла вярба,
Прабабку сёння моўчкі кліча
Прыгожы помнік – жарабя…
(“Ганненскі кірмаш”)Верш Галаскока “Так хочацца жыць…” вельмі імпануе членам клуба.
Ён упершыню быў апублікаваны ў раённай газеце “Праца” да Дня пажылых людзей. Яго таксама агучыла Валерыя Селівёрстава. Людміле Шышко даспадобы “Беларусь мая родная, мілая”, таму яна і прачытала менавіта гэты верш. А Алена Пайзулаева звярнулася да гумарыстычных твораў земляка і прачытала вельмі папулярнае сярод зэльвенцаў “Абразанне”. “Дзед, а што табе абрэзаць, каб і ты памаладзеў…” даўно стаў мэмам… З цікавасцю разглядалі прысутныя фотаздымкі з розных мерапрыемстваў, удзельнікам якіх быў Аляксей Пятровіч.
Пра Ірыну Данік больш за ўсіх ведае Г.І.Карнач, бо яны, лічы, былі ў дзяцінстве суседкамі. Галіна Іванаўна родам з Горна, а Ірына Мікалаеўна – з хутара Станкі, што зусім побач з Горна. Сардэчныя вершы Данік у памяці членаў клуба яшчэ з 2016 года, калі мы запрашалі яе да нас разам са Святланай Патаповіч. Звярталіся мы да яе паэзіі і ў 2019 годзе, калі адзначалі гадавіну з дня ранняга адыходу паэткі з жыцця. У вуснах Галіны Іванаўны вершы гучалі як запавет нам, аматарам паэтычнага дару зямлячкі: Нічога не бывае проста так…Няма звычайных слоў і супадзенняў,Паэт ты, кампазітар ці мастак, Адна на сэрцы вера і надзея.Вялікае жаданне ўсё аддаць, Каб дакрануцца да вяршыні твораІ працаю штодзённаю падняць Сусвет людзей ад кораня – да зорак…(“Азарэнне”)
З пісьменнікам-афганцам, аўтарам некалькіх апавяданняў і аповесцей пра тую непапулярную вайну І.Л.Сяргейчыкам знаёміла Т.М.Мананнікава. Зачытваючы ўрывак з аповесці “Біклажка”, яна сказала: “Ведаю, цяжка гэта слухаць, але як інакш зразумець трагедыю людзей, перажыўшых вайну?! (Нездарма і пражыў Іван Сяргейчык так мала – усяго 57 гадоў.)”.
У 2022-м годзе да 90-годдзя П.М.Марціноўскага ў Мінску выйшла кніга “Каб не згаслі зоры”, прысвечаная жыццю і творчасці незабыўнага першага кіраўніка літаб’яднання “Зоры над Зальвянкай” пры раённай газеце. Адным з аўтараў кнігі была і А.І.Новік. Яна і выступіла перад “свабодным мікрафонам” з успамінамі пра Пятра Мікалаевіча. Ён быў першым настаўнікам-метадыстам пачынаючай настаўніцы роднай мовы. І хоць даўно знаёмы мы з вершамі і песнямі Марціноўскага, з задавальненнем слухалі ў артыстычным выкананні Алены Іванаўны і такія творы, як “Беларусь мая”, “Наша Зэльва”, “Развітанне са школай”. Хоць па свеце блукаю бясконца, А вяртаюся ў родны куток,Бо маё тут і неба, і сонца. Мая Белая Русь – мой выток.(“Беларусь мая”)
Многія прынеслі з сабой зборнікі “Зоры над Зальвянкай” і з задавальненнем чыталі самыя любімыя вершы з гэтай калектыўнай працы зэльвенскіх паэтаў.
Родная, матуліна, жывая
Мова, як Радзімы пасланец,Беларусаў зорка пуцявая,
Не дамо табе загінуць! Не!(В.Ададурава “Родная. Матуліна, жывая”)
На заканчэнне пасяджэння загадчыца аддзялення Л.М.Попка прапанавала пенсіянерам-аматарам літаратуры напісаць беларускамоўную дыктоўку, праверыць свае веды па роднай мове. Напісалі. Аказалася, усё не так і дрэнна. Натхнёныя, дамовіліся як мага часцей карыстацца беларускай мовай у штодзённым жыцці, быць прыкладам для сваіх унукаў і праўнукаў.
Яніна ШМАТКО
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены