Адчынілі сэрцы насустрач Богу. Ва ўрачыстасць Святой Тройцы юныя каталікі Зэльвеншчыны прыступілі да Першай Камуніі

Сёння, 4 чэрвеня, каталіцкі Касцёл (праваслаўныя браты і сёстры таксама) адзначае адну з вялікіх урачыстасцей – свята Святой Тройцы. У зэльвенскіх каталікоў радасць двайная. Па-першае, святыня носіць імя Святой Тройцы, і Святая Тройца аберагае веруючых ужо на працягу многіх стагоддзяў. Па-другое, у гэты дзень колькасць вернікаў прыбавілася: 7 хлопчыкаў і 6 дзяўчынак прыступілі да Першай Святой Камуніі. Яны ў святочны дзень – галоўныя асобы, на іх уся ўвага.

Яшчэ задоўга да святой імшы на прыкасцельнай пляцоўцы панавала атмасфера хвалявання. Падлеткі яшчэ раз цікавіліся падрабязнасцямі ўрачыстасці, бацькі давалі апошнія наказы, папраўлялі прыгожыя бялюткія ўбранні. Побач у прыўзнятым настроі знаходзіліся хросныя, дзядулі і бабулі, родныя.

Роўна ў 10 гадзін юных парафіян прывітаў ксёндз Яцэк, які патлумачыў сэнс сённяшняй падзеі: “Учора вы прыступілі да першай споведзі, каб сёння з чыстай душой прынять Пана Бога, каб “адчыніць” дзверцы сваіх сэрцаў насустрач Езусу. Жадаю вам і далей крочыць па жыцці з верай і быць годнымі хрысціянамі”.

Святар акрапіў вернікаў святой вадой. Матулі і бацькі благаславілі дачок і сыноў, якія пад спеў касцельнага хору і парафіян урачыстай працэсіяй увайшлі ў касцёл.

Першакамунійныя дзеці сталі галоўнымі асобамі ў прызнанні вызнання веры, абнаўленні абяцанняў, дадзеных пры хрышчэнні, у просьбах да Пана, чытанні ўрыўкаў з Евангелля, паднясенні дароў, перадачы знаку супакою.

Шчыра перажываўшы кожную хвіліну, яны звярнуліся да Бога са словамі: “Прыйдзі, Пане Езу, у нашыя сэрцы, поўныя ласкі, прыйдзі ў Тваёй міласці”. І адзін за адным сталі падыходзіць да святара, каб прыняць Святую Камунію.

З маленькага ўзросту наведваем касцёл, – расказалі Дарына і Ліза. – Здавалася, усё знаёма. Але ж урачыстасць вельмі ўразіла! Узнёсла, прыгожа! З заняткаў па катэхезісу ведаем, што спатканне з Панам ў Эўхарыстыі робіць нашае жыццё лепшым, цяпер мы пад пастаяннай апекай Бога.

Як сімвал белай аплаткі, кожнае першакамунійнае дзіця атрымала ад святара хлеб: “Як Пан Езус дзяліўся са сваімі вучнямі хлебам, так і вы, сеўшы за святочны сямейны стол, перш-наперш падзеліцеся з роднымі і блізкімі кавалачкамі хлеба”.

Жадаю, каб вы заўжды былі з Богам, каб Збаўца асвячаў сваёй прысутнасцю вашыя сэрцы, – пажадаў ксёндз Яцэк. І звярнуўся з просьбай да бацькоў: “Паказвайце дзецям прыклад сапраўднага веруючага чалавека, знаходзьце час, хоць некалькі хвілін, каб разам памаліцца, наведаць касцёл. Вельмі важна, каб дзеці бачылі ваш духоўны сэнс жыцця і пераймалі яго для сябе. Прымайце Пана Езуса і радуйцеся!”.

Напрыканцы імшы гучалі словы падзякі ад дзяцей і бацькоў ксёндзу Яцэку і настаўніцы па катэхезічных занятках Таццяне Міхайлаўне за годную падрыхтоўку да Першай Камуніі, за глыбокасэнсныя разважанні падчас імшы. Вельмі кранальным стаў момант падзякі бацькам, бабулям і дзядулям, братам і сёстрам, якая прагучала ад хлопчыкаў і дзяўчынак.

Найперш бабулі і дзядулі паказваюць прыклад і вучаць першыя малітвы, вядуць у святыню, тлумачаць Божае Слова, – падзялілася сям’я Марцуль. – Далей бяруць на сябе клопат бацькі. І яны выконваць хрысціянскія абавязкі. Вельмі радасна, калі сям’я збіраецца разам і ўдзельнічае ў імшы. Толькі вера дапамагае нам жыць, толькі любоў да Бога падмацоўвае нас, а Святая Камунія дае нам сілы і робіць сэрцы чыстымі і добрымі.

На працягу тыдня ў першакамунійных дзяцей будзе так называемы “белы тыдзень”. Калі яны ў святочным белым ўбранні – прыхожым і чыстым, як знак чысціні душ і сэрцаў – будуць прыходзіць штодня да касцёла. Таксама яны будуць ісці першымі падчас ўрачыстай працэсіі на свята Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана Езуса.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены