Адкрываем Ірыну Шатыронак

1484 На сустрэчу з гродзенскай пісьменніцай Ірынай Шатыронак большасць чытачоў цэнтральнай раённай бібліятэкі ішлі як на знаёмства не толькі з ёю асабіста, але і з яе творчасцю. Так ужо склалася, што зэльвенцы, дзякуючы Уладзіміру Мазго, часцей сустракаюцца са сталічнымі пісьменнікамі, чым з творцамі абласнога цэнтра. Сустрэча не расчаравала. На ёй сапраўды адбылося адкрыццё Ірыны Шатыронак і як празаіка, і як літаратурнага крытыка, і як публіцыста, і як вельмі дасведчанага чытача. Бібліятэкары аддзела абслугоўвання падрыхтавалі выставу “Маё сэрца плача, адгукаецца, тужыць…”, тым самым акцэнтуючы ўвагу прысутных на неабыякавасці Шатыронак да праблем сучаснасці. І гэта так: асноўныя падзеі ў аповесцях і апавяданнях Ірыны Сяргееўны адбываюцца ў добра памятныя нам гады. Жанчына-празаік Шлях у літаратуру Ірыны Шатыронак быў доўгім. Пачынала як грамадскі карэспандэнт маладзечанскай гарадской газеты яшчэ школьніцай. Потым супрацоўнічала з рэспубліканскімі выданнямі, рыхтавалася да паступлення ў БДУ. Як журналістка працавала ў Смаленскай вобласці, потым у Гродне. Як пісьменніца дэбютавала ў 2007 годзе кнігай “Нешкольные рассказы”, што любоўю аўтара не карыстаецца. “Гэта як у пачынаючага кухара першы блін”, – смяецца Ірына Сяргееўна і расказвае гісторыю пра знакамітага пісьменніка, які ўсё жыццё знішчаў сваю першую кнігу, дзе б толькі яе не бачыў. А вось пра другую – “Старый двор моего детства” – расказвае з ахвотай. Натхніла на гэтую тэму Людміла Уліцкая аповесцямі “Сонечка” і “Девочки”. Уражанні свайго дзяцінства аказаліся такімі яркімі, што іх ледзь паспявала запісваць. А тут – смерць бацькі, які так многа зрабіў для станаўлення дачкі як чытача. Успаміны хлынулі балючай незагойнай хваляй, а пісалася надзвычай лёгка, бо гэта ўдзячнасць дарагому чалавеку вадзіла яе пяром… Рукапіс кнігі 24 гады чакаў выдання і сустрэчы з чытачом. І яна аказалася шчаслівай для аўтара і чытача. Незнаёмыя людзі “пазнавалі” ў маладзечанскім двары Ірыны свой двор, хоць быў ён для іх зусім у іншым месцы. Акрыленая цёплым прыёмам пісьменніца прадоўжыла свае ўспаміны, і ў 2009 годзе выйшаў працяг “Старого двора”. Паралельна працавала і над іншымі кнігамі. Адна за адной выходзяць “Пёстрые повести о любви”, “Банные мадонны”, рыхтуецца да выдання дылогія “Старый двор”. Кнігі запатрабаваны і ў кнігарнях, і ў бібліятэках. Калі б было інакш, выдавецтва “Хорвест” не змагло б у мінулым годзе выдаць зборнік аповесцей і апавяданняў Шатыронак у серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі” (з запланаваных да выпуску 13 кніг выйшлі ў гэтай серыі толькі тры, на астатнія не паступіла неабходнай колькасці заявак). Пра кнігу аповесцей і апавяданняў Шатыронак “Бедная-богатая Валентина…” пагаворым крыху падрабязней. Гераіня, якая дала назву кнізе, змагаецца за сваё шчасце ў цяжкія і непрадказальныя 90-я гады мінулага стагоддзя. Працавітая і жыццярадасная Валянціна з роду Захарэвічаў выйшла замуж за каханага хлопца, стала, як і сёстры, добрай гаспадыняй, жонкай і маці. Пачалі з мужам будавацца, а закончыць дом ніяк не могуць з-за безграшоўя. І так, і гэтак прыкідвалі – вырашылі, што трэба паспытаць шчасця за мяжой. Усімі праўдамі і няпраўдамі знайшла Валянціна работу ў Італіі, пачала збіраць рублік да рубліка на свой “даўгабуд”. Што даводзілася выносіць ад тых, хто плаціў за нялёгкую працу, Валянціна ў кароткія адпачынкі на радзіме не расказвала. Ды і што тут будзеш казаць, калі ўсё больш адчужанай да маці становіцца адзіная дачка, а свякроў недвухсэнсоўна кідае рэплікі ў бок нявесткі… Іна Загорская з аповесці “Наоборот” нікуды не выязджала ў цяжкія перабудовачныя гады, але колькі выцерпела ад калючага, засяроджанага на сваёй асобе мужа, асабліва падчас краху яго прадпрымальніцкай дзейнасці. “Находчивые люди” з аповесці “Пятница, суббота, воскресенье…” становяцца “челноками” і на двое з паловай сутак едуць хто ў Польшчу, хто ў Турцыю, а хто і ў Кітай прадаваць-купляць, то ўпадаючы ў адчай, то радуючыся ўдачы. Пісьменніцу хвалюе чэрствасць многіх маладых людзей да старых, асабліва сваіх блізкіх. У аповесці “Была у старушки избушка лубяная” Міхайлаўна ў сваёй старэнькай хатцы адразу становіцца лішняй, як толькі дала сябе ўгаварыць на падсяленне ўнука. Спачатку яго жонка “орала и кляла старуху, дескать, Михайловна во всем ей мешает, путается под ногами. Но потом и вовсе перестала ее замечать. Демонстративно. Как и нет рядом живой души”. Учынкі герояў Шатыронак псіхалагічна апраўданы. У аповесці “Шляпка” да Ціны ў адну з начэй не вяртаецца муж. І мы, жанчыны-чытачкі, не спачуваем ёй, наадварот, рады за Ігната. Бо няўважлівыя адносіны Ціны Шляпкі да мужа гранічаць з непавагай да яго чалавечай годнасці. Мы рады, што Ігнат пасля 20 гадоў пакутнага жыцця з Цінай знайшоў дастойную яго жанчыну. Нямала ў празаіка яркіх, запамінальных вобразаў жанчын і мужчын. Пісьменніца ўвогуле не згодна з падзелам літаратуры на жаночую і мужчынскую. Галоўнае, лічыць, каб яна сапраўды была. Аднак і спрачацца з тэзісам прыхільнікаў жаночай літаратуры, што жанчыны-творцы лепш ведаюць жаночую псіхалогію, не будзем. І Шатыронак даказвае гэта кожным сваім новым творам. Асаблівую ўвагу хацелася б звярнуць на аповесць “Измена”. Вобраз Мілі ў ёй – вялікая ўдача аўтара. Ён выклікае асацыяцыю з вобразам спакусніцы ў рамане Уладзіміра Чугунова “Плач Адама”. Толькі рускі пісьменнік абагуліў жанчын-спакусніц біблейскім іменем Наэма, а вось у беларускай літаратуры ў такой чараўніцы ёсць сваё імя – Міля. Непрыгожая Міля чаравала не прывабнасцю, ды і наогул лічыла, што ад прыгажосці мужчыны хутка стамляюцца, прывыкаюць да яе і перастаюць заўважаць. “Мужики совсем на другое падки”, – жартавала, аднак не выдавала тайны сваіх чараў, тое “незаметное, но сильное подводное течение, надежно сокрытое и замаскированное от любопытных посторонних глаз”. Фіфа з аднайменнага апавядання, як і Міля, вернай мужу ніколі не была. Усё шукала і шукала любоўных уцех, не зважаючы на слёзы маленькай дачкі, адкупляючыся ад дзіцяці цукеркамі. І толькі трагедыя застаўляе Фіфу змыць “прошлое до самого дна”, “жить и делать обыкновенные вещи, к которым раньше не было ни малейшего желания”. Шатыронак не адмаўляе сваім героям у праве на перараджэнне, паказвае іх характары ў развіцці. Герояў жа, якія не паддаюцца духоўнаму адраджэнню, пісьменніца карае сама. Так, у аповесці “Гнилое слово” страшэнны брыдкаслоў Яромка, муж цярплівай працаўніцы Ганны, пасля смерці жонкі па волі аўтара …анямеў. Так адплаціла яна, згодна з логікай развіцця твора, “гнілому” чалавеку за яго здзекі над любі-міцай усіх жанчын пасёлка. Пісьменніца-крытык Роздум пісьменніцы над кнігамі, якія яна чытае, быў рассеяны па розных часопісах. У 2012 годзе Шатыронак сабрала крытычныя і публіцыстычныя артыкулы ў кнігу “Слово о слове”. Як чалавек, улюбёны ў літаратуру, выгадаваны з дзяцінства на класіцы, пісьменніца вельмі строга падыходзіць да творчасці сваіх калег. Крытыкам сябе Шатыронак не лічыць і ўсю крытыку дзеліць на тры катэгорыі: прафесійную, пісьменніцкую і чытацкую. Дык вось сваё “Слово о слове” яна называе пісьменніцкім поглядам на творчасць тых, хто трапіў у яе поле зроку. І погляд гэты бывае часам вельмі суровы. Дарэчы, на думку творцы, нельга лічыць крытычнымі артыкуламі тыя, у якіх зашкальвае пахвала ці, наадварот, зневажальнае знішчэнне твора. Як у жыцці няма толькі чорнага альбо белага, так і ў літаратуры няма палярных твораў. І задача крытыкі аб’ектыўна ацаніць любы твор, створаны ён “мэтрам” літаратуры ці пачынаючым пісьменнікам. Шатыронак падмацоўвае свае заўвагі шматлікімі вытрымкамі з рэцэнзуемага твора. Вось разглядае аповесць А.Казлова “Примириться с ветром”. Гаворачы пра мову, канстатуе, што яна неадшліфаваная, недапрацаваная, падобна на звычайную славесную халтуру. І прыводзіць прыклады: “канистра бездонная”, “огонь ненасытный”, “внутренний взор”, “царит полная луна”, “до звона в ушах”, “до хруста в суставах” і г.д., даўно набіўшыя аскому штампы. Чытаючы “Дзікі Луг” Андрэя Федарэнкі, пісьменніца хацела знайсці герояў, якія б выклікалі пачуццё гонару за свой народ. А ў аповесці амаль усе дзеючыя асобы – без духоўных запытаў: то залішне прагныя да матэрыяльных даброт, то п’яніцы, то злачынцы, то прыстасаванцы, то цалкам спустошаныя натуры. Чытач павінен бачыць і такі свет, бо ён існуе. Але ж не знайсці сярод сялян ні аднаго, хто нагадвае пра “Носьбіта даўніх беларускіх традыцый, духоўнай культуры і мовы” – хіба гэта даравальна? Аповесць Людмілы Кебіч “Сама, сама, сама, сама, сама…” – пра сямейныя драмы трох гераінь. Алена, Мілана і Ірма сябруюць між сабой і вядуць бясконцыя размовы пра сваіх мужоў, адсутнасць разумення ў сем’ях. Аўтару вельмі хочацца, каб чытач палюбіў яе гераінь як духоўна багатых натур, якім вельмі не пашанцавала ў жыцці. Але ўсе іх учынкі застаўляюць усумніцца ў іх высакароднасці і жаноцкасці. Па словах жанчын, муж адной –“жлоб, звер, кат”, другой –“таўстаскуры мужлан”, трэцяй – “шыльда мармуровая” і г.д. І гэта – размова інтэлегентных жанчын? Дык, магчыма, не без іх уплыву мужы сталі такімі брыдкімі? Чытач міжволі падумае, што Шатыронак добрыя кнігі абходзіць бокам,а чытае толькі тое, што можна моцна крытыкаваць. Ды не, яна любіць добрую літаратуру, гарой стаіць за Быкава, Алексіевіч, іншых выдатных майстроў слова, калі іх творчасць ацэньваюць прадузята. “Светлана Алексиевич– настоящий писатель, а не номенклатурный, зависимый от всевластных верхов, устава какого-либо общественного писательского объединения или другого конъюнктурного ветерка… Документальные повести Светланы Алексиевич уже остались в нашей литературе, в нашем сознании, в нашей памяти” , – смела заяўляе Ірына Шатыронак. Вельмі цёпла адгукнулася пісьменніца-крытык на кнігу прафесара Валерыя Чарапіцы пра адзін з дамоў абласнога цэнтра – “Гродно. Студенческая, 3: История дома и жизни его обитателей. Век XX”. Публіцыстка-дакументалістка Нечакана для сябе самой адкрыла азарт да пошукавай работы. Пачалося ўсё з працы над нарысам “Семья священника Будаль”. Успаміны старажылаў з радзімы мужа, сустрэчы з музейнымі работнікамі, развіццё самога сюжэта патрабавалі далейшага вывучэння міжваеннага перыяду жыцця людзей у Заходняй Беларусі. Зараз моладзь мала што ведае пра той час, існаванне Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), барацьбу за ўз’яднанне з Савецкай Беларуссю. Пачала вышукваць у архівах усё, што датычылася лёсу жыхароў Любчы, Яроміч, Валяўкі. І чым больш супраціўляліся работнікі архіваў, адмаўляючы ў выдачы тых дакументаў, тэрмін рассакрэчвання якіх яшчэ не надышоў, тым больш хацелася дакапацца да ісціны. Знайшоўшы ў адным спіску імя Барыса Кіта, пайшла на прыём да губернатара, каб дапамаглі ў сустрэчы з легендай мінулага часу. Паступова звесткі пра людзей назапашваліся, у галаве складваўся план не проста мастацкай кнігі, а дакументальна-мастацкай, у якой будуць дзве плыні: рэальная і выдуманая. Чытацкі погляд на кнігі творцы Уважліва прачытаўшы даступныя чытачам раённай бібліятэкі кнігі Шатыронак, скарыстаю параду пісьменніцы і выкажу свой, менавіта чытацкі, погляд на яе творчасць. Пра многае ўжо сказана. Лічу, што кнігі Шатыронак – не пустыя жаночыя раманы, гераіні якіх думаюць толькі пра інтымныя паводзіны. Тут – жывыя людзі з трапнымі характарыстыкамі, са сваімі адметнымі тварамі, паводзінамі, поглядамі на жыццё. Няма той безвыходнасці, што гняце душу герояў “Дзікага Лугу” А.Федарэнкі. Няма прыхарошвання гераінь, якія таго не заслугоўваюць, як у аповесці Л.Кебіч… Аўтар добра ведае псіхалогію, героі яе твораў жывуць так, як патрабуе іх натура, выхаванне, паходжанне. Ёсць такія падрабязнасці ў апісанні жыцця, што міжволі дакараеш сябе: “А я ўжо й не памятаю гэтага”. І чытачу прыкра сустракаць паспешнасць, з якой пісьменніца часам выбудоўвае сказы ці цэлыя абзацы. Як чалавек, які даўно знайшоў у літаратуры сваю нішу, цяпер яна павінна думаць толькі пра якасць. Чытачы будуць чакаць не горшых, а лепшых твораў. Такіх, якія б хацелася перачытаць. Вельмі расцягнута дзея ў апавяданні “Была у старушки избушка лубяная”. Пісьменніца паўтараецца, пераскоквае з аднаго часу ў другі, не заўсёды зразумела, што адбывалася раней, што – пазней. Героі мала выяўляюцца ў дыялогах: пра іх мы больш даведваемся з аўтарскіх характарыстык. Часам шмат непатрэбнай інфармацыі пра другасных персанажаў… Дробязі, канешне, але, калі пісьменніца для сябе самой выбірае такія кнігі, што нагадваюць “густое, пьянящее вино” (“Выбор книги”), хочацца, каб і яе творы аказвалі такое ж уздзеянне на чытачоў. А яшчэ мне, як прыхільніцы роднага слова, хочацца пабачыць аповесці і апавяданні Шатыронак, напісаныя па-беларуску. Тое, што яна валодае беларускай мовай, бачна з яе рэцэнзій. Тое, што яна можа пісаць добра па-руску, яна ўжо даказала. Хочацца, каб даказала ў добрай кнізе неўміручасць роднага слова. Яніна ШМАТКО.

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.