Адрас міласэрнасці і прафесіяналізму
Вельмі часта героямі рэдакцыйных матэрыялаў становяцца людзі, якіх падказваюць нам чытачы. Вось і на гэты раз сустрэцца з цікавай жанчынай параіла даўні сябар газеты, у былым настаўніца, зараз – стараста вёскі Міжэрычы Яніна Лазоўская. Чалавек яна па жыцці актыўны, няўрымслівы, цікавіцца працай і бытам аднавяскоўцаў. І мае рацыю ў тым, што аб добрасумленных, адказных і паважаных людзях павінны ведаць не толькі землякі.Накіроўваемся па вызначаным адрасе – у Тулаўскую ўрачэбную амбулаторыю, дзе працуе не толькі прафесіянал сваёй справы, але і добры душой чалавек Валянціна Штукель.
– З Валянцінай Іванаўнай у медыцыне мы ўжо амаль трыццаць гадоў, – даведаўшыся аб мэце нашага візіту, расказвае загадчык урачэбнай амбулаторыі Рычард Варабей. – Цяжка падлічыць, колькім пацыентам яна аказала дапамогу за гэты перыяд. Валянціна Іванаўна ў адной асобе ўчастковая і працэдурная медсястра, загадчыца аптэчнага пункта. Акрамя таго, аказвае фізіятэрапеўтычныя паслугі, праводзіць сістэматычны нагляд за развіццём дзяцей. Карацей кажучы, мой надзейны памочнік.
…Шмат гадоў таму з дыпломам Слонімскага медыцынскага вучылішча маладога спецыяліста, мясцовую дзяўчыну, з радасцю прынялі на працу ў Тулаўскую ўрачэбную бальніцу. (У канцы 80-х было прынята рашэнне аб закрыцці бальніцы і адкрыцці амбулаторыі, а ў 2010 годзе лячэбная ўстанова пераехала ў адзін з абуладкаваных будынкаў аграгарадка Міжэрычы). Там і распачаўся яе працоўны шлях. Валянціна Іванаўна прызнаецца, што першыя гады было цяжкавата. Але адчувала падтрымку старэйшых калег, ды, як кажуць, дома і сцены дапамагаюць.
– Ведаю сваіх пацыентаў не толькі па прозвішчы, але і імені, – адзначае Валянціна Іванаўна. – Зараз на нашым участку 1325 чалавек, дзяцей – 172. Тэрыторыя абслугоўвання складае не адзін дзясятак кіламетраў. Добра, што за амбулаторыяй замацаваны службовы аўтамабіль. Паспяваем наведаць кожнага, хто адчувае па-трэбу ў медыцынскай дапамозе.
Звяртаюцца да медыцынскай сястры вяскоўцы і ў выхадныя дні, і познім вечарам, і ў святы. Ніколі і нікога не пакінула сам-насам з хваробай.
– За гады працы набыла вопыт медыцынскай практыкі, – гаворыць Валянціна Іванаўна. – Навучылася прымаць рашэнні, дзейнічаць у адпаведнасці з абставінамі. Я люблю сваю работу, люблю людзей і нясу поўную адказнасць за здароўе тых, хто да мяне звяртаецца. Хочацца дапамагчы хвораму аблегчыць яго боль і таму раблю ўсё, што ў маіх сілах. Прыходзіцца быць і медыкам, і псіхолагам, і аптэкарам.
Што датычыцца аптэчнага пункта, Валянціна Штукель пастаянна папаўняе асартымент лекавых сродкаў з фонду цэнт-ральнай раённай аптэкі. Калі не бывае ў наяўнасці якіх-небудзь прэпаратаў, па просьбе вяскоўцаў прывозіць з Зэльвы. А потым падрабязна тлумачыць і кантралюе курс прыёму лекаў.
– Многія пацыенты адзінокія, і я павін-на наведвацца да іх хоць 2–3 разы на ты-дзень. Не маю права не адрэагаваць і на выклік. Бывае часам і не заўсёды абгрунтаваны, – расказвае аб працоўных буднях суразмоўца. – Проста выслухаць і супакоіць – гэта таксама работа ўчастковай медсястры.
“Хорошая тётя” знаходзіць падыход і да дзетак. Падчас размовы з жанчынай у белым халаце яны забываюць аб хваробе і не такімі балючымі становяцца ўколы. Медыцынская сястра кампетэнтна параіць маладой маме, як правільна гадаваць немаўля, чым лепш яго карміць і г.д.
Хапае лагоднасці і цеплыні ў гэтай мілай жанчыны і для сваіх дамачадцаў. Валянціна Іванаўна – маці двух дарослых сыноў, якія падарылі ёй унучку і ўнука. Муж працуе трактарыстам у мясцовай гаспадарцы. 7 гадоў таму сельгаскааператыў выдзеліў сям’і добраўпарадкаваны дом. Ёсць агарод, хатняя гаспадарка. Руплівая жанчына кожны год збірае багаты ўраджай, ставіць шмат нарыхтовак з садавіны і агародніны.
Прыемную размову з Валянцінай Іванаўнай вымушаны былі закончыць. На прыём прыйшла маладая жанчына з двума дзеткамі. “Гэта звычайнае прафілактычнае абследаванне”, – патлумачыла медыцынская сястра і поўнасцю пера-ключылася на пацыентаў.
Падумалася: пабольш бы ў нашым грамадстве такіх людзей – добразычлівых, адказных і ведаючых сваю справу.
Людміла ПОПКА.