Адыходзячы год: час падводзiць вынiкi
Як паведамлялася ўжо, у Шчучыне старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў правёў прэс-канферэнцыю для журналістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.
Уладзімір Васільевіч назваў гэтую сустрэчу выніковай і, перш чым адказаць на пытанні журналістаў, расказаў як Гродзеншчына завяршае 2014 год – надзвычай паспяховы і дынамічны ў плане развіцця вытворчасці і сацыяльнай сферы. Так, даходная частка абласнога бюджэту, якая спачатку планавалася ў размеры 13 трыльёнаў рублёў, па факце будзе больш на цэлы трыльён. Гэта дазволіць накіраваць дадатковыя сродкі на развіццё сацыяльнай і культурнай сфер.
Пабудавана 660 тысяч квадратных метраў жылля, адкрыты шэраг новых вытворчых і сацыяльных аб’ектаў, рэалізаваны цікавыя інвестпраекты.
Плённым выдаўся год і для аграрыяў. Атрыманы рэкордны намалот – 1 млн. 700 тыс. тон зерня. Ураджайнасць збожжавых склала 49,5 ц/га – самая высокая ў рэспубліцы. Добра ўрадзілі і цукровыя буракі: агульны вал гэтай культуры склаў 2 млн. 137 тыс. тон, а ў разліку на адзін гектар накапана 500 цэнтнераў. Дасягнутыя поспехі ў раслінаводстве дазваляюць эфектыўна развіваць мяса-малочную галіну. На жаль, як адзначыў Уладзімір Краўцоў, па прычыне знешніх фактараў у гэтай сферы склалася няпростая сітуацыя. У першую чаргу з-за таго, што ўсе мінулыя гады прадукцыя жывёлагадоўлі была зарыентавана на Расійскую Федэрацыю: 96 працэнтаў усяго аб’ёму рэалізоўвалася ў гэтай краіне па кантрактах, заключаных у расійскіх рублях. Губернатар пад-крэсліў, што гэта павінна стаць добрым урокам для прадпрыемстваў вобласці: “Экспарт павінен быць шматвектарным, а не монаарыентаваным, як гэта адбылося з Расійскай Федэрацыяй”.
Кіраўнік рэгіёну назваў яшчэ адзін фактар, які сур’ёзна падарваў эканоміку мяса-малочнага комплексу. Гэта вымушанае скарачэнне пагалоўя свіней з-за небяспекі далейшага распаўсюджвання віруснага захворвання – афрыканскай чумы свіней. У сувязі з гэтым у вобласці былі закрыты 36 невялікіх фермаў. Захаваць удалося 26 буйных свінакомплексаў. Ставіцца задача ў наступным годзе павялічыць вытворчасць свініны да 112 тысяч тон. Плануецца да 2016 года пабудаваць у вобласці 4 буйныя свінакомплексы на 20 тысяч галоў кожны. Па словах Уладзіміра Краўцова, зараз у вобласці таксама будуюцца 20 малочнатаварных ферм, 7 з якіх пачнуць працаваць ужо ў гэтым годзе.
Адказваючы на пытанні журналістаў, старшыня Гродзенскага аблвыканкама закрануў многія актуальныя тэмы, якія хвалююць не толькі жыхароў рэгіёну. Размова, у прыватнасці, ішла аб рэканструкцыі трасы Мінск-Гродна: атрымана “дабро” на правядзенне работ, якія распачнуцца ў першым квартале 2015 года.
Кіраўнік вобласці не абышоў увагай таксама запланаваны на 6 верасня 2015 года Дзень беларускага пісьменства, які пройдзе ў Шчучыне. Ён запэўніў, што праграма свята не абмяжуецца адным днём. На працягу ўсяго наступнага года ва ўсіх бібліятэках, школах і Дамах культуры будуць праходзіць мерапрыемствы па прапагандзе беларускай літаратуры, культуры і пісьменства.
На прэс-канферэнцыі абмяркоўваліся тэмы развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі, рацыянальнага выкарыстання зямель, была ўзнята праблема незаселеных дамоў у сельскай мясцовасці і іншыя.
Уладзімір Краўцоў выказаў сваю думку наконт падпісанага Прэзідэнтам Беларусі Дэкрэта №5 “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый”.
– Гэты дэкрэт быў сапраўды неабходны цяпер у сувязі з няпростымі ўмовамі змяняльнай эканомікі. Каб выстаяць у такіх абставінах, як ніколі патрэбны дысцыпліна і адказнасць, – лічыць губернатар.
Па яго меркаванні, у Гродзенскай вобласці ёсць недапрацоўкі ў кадравых пытаннях. Выяўляліся факты, калі закуплялася, але прастойвала па той ці іншай прычыне дарагое абсталяванне, выпадкі безгаспадарчасці, дапускаліся неаб-грунтаваныя расходы. А гэта ў першую чаргу характарызуе работу кіраўніка. Уладзімір Краўцоў асабліва падкрэсліў той факт, што вельмі важна правільна разумець і прымяняць дэкрэт.
Па добрай традыцыі ў гэты ж дзень прадстаўнікі СМІ пазнаёміліся са Шчучынскім раёнам, пабывалі на заводзе “Аўтапровад” і масласырзаводзе, на вы-творчай базе Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі, наведалі вучэбна-педагагічны комплекс “Ражанкаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”. На пытанні гасцей грунтоўныя адказы давалі старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ложэчнік і старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Сакалоўскі, якія суправаджалі журналістаў на працягу ўсяго прэс-тура.
Клаўдзія КРЭЧКА.