Актава Божага Цела завяршылася благаслаўленнем кветак і зеляніны
Восем дзён пасля ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана каталікі штодзённа маліліся да Сэрца Збаўцы. Час заканчэння актавы лічыцца часам асаблівай ласкі Пана. І ў гэты дзень існуе традыцыя благаслаўлення вянкоў і букецікаў, складзеных з першых летніх кветак і зеляніны.

У касцёл Святой Тройцы парафіяне прыйшлі з мятай, язмінам, рамонкамі, канюшынай і іншымі кветкамі. Усё тое, што зараз квітнее на родных палях і ўзгорках, пасля імшы будзе асвечана святаром.

У час літургіі вернікі паразважалі над Словам Божым, праз малітву ўзнеслі свае просьбы да Бога. Перад тым, як асвяціць першыя божыя дары, ксёндз Яцэк Маркель зазначыў, што гэта – сімвал працы чалавека на зямлі, за які трэба дзякаваць Пану. Прагучала малітва аб абароне палёў ад знішчэння і ўсялякай шкоды, захаванні ўраджаю бягучага года. Таксама пробашч падзякаваў парафіянам за тое, што захоўваюць і прадаўжаюць духоўную традыцыю, якая мае вялікае значэнне.



– Традыцыя бярэ свой пачатак ад свята Божага Цела, калі абразы ўпрыгожвалі кветкамі і зёлкамі, – расказваюць парафіянкі старэйшага пакалення Часлава Багдановіч і Браніслава Ган. – Зараз асвечаныя букецікі і вяночкі будзем захоўваць дома цэлы год, да наступнай урачыстасці. Лічыцца, што яны ахоўваюць жыллё і гаспадароў ад рознай бяды – пажараў, маланкі, хвароб. Засушаныя галінкі і лісточкі дабаўляем у гарбату ці ўжываем як лекавы напой. Пажадаем, каб квітнеючыя палеткі, спеючы з божай дапамогай ураджай і надалей радавалі чалавека і прыносілі яму карысць.
Заўтра, 11 чэрвеня, хрысціяне будуць святкаваць урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана. Памаліцца можна як у храме, так і каля фігуркі Сэрца Езуса, якую вернікі Зэльвы ўшаноўваюць больш за 20 гадоў.
Людміла ПОПКА
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены