Амаль 40 год настаўнiца Цяглевіцкай школы Вера Мацевiч зберагае матчыну мову

37 гадоў выкладала беларускую мову і літаратуру ў Цяглевіцкай сярэдняй школе Вера Уладзіміраўна Мацеевіч. Пры гэтым заўсёды помніла, што яе абавязак не толькі як педагога, але і як жыхара Беларусі – зберагчы і захаваць матчыну мову, на якой размаўлялі продкі.

Нарадзілася ў мнагадзетнай сям’і Уладзіміра Васільевіча і Валянціны Міхайлаўны Санукевічаў ў вёсцы Дабрасельцы Зэльвенскага раёна. З пяці дзяцей Вера была старэйшай. Будучы падлеткам, дапамагала бацькам ва ўсіх гаспадарчых справах, няньчыла малодшых братоў і сясцёр і пры гэтым паспявала добра вучыцца. У школе яе выбіралі старшынёй саветаў атрада і дружыны, старастай класа. З дзяцінства дзяўчына цвёрда засвоіла: трэба паважаць старэйшых, дапамагаць малодшым, сумленна працаваць, а узаемаадносіны ў сям’і будаваць на карысць усіх блізкіх.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Вера Уладзіміраўна ў 1966 годзе завочна паступіла ў Брэсцкі педінстытут і па накіраванні адправілася ў Рудзевіцкую васьмігодку ў якасці старшай піянерважатай. У 1968-м яе пераводзяць метадыстам у раённы Дом піянераў і праз некалькі месяцаў назначаюць яго кіраўніком.

Пасля заканчэння ВНУ ў 1971 годзе Вера Уладзіміраўна вяртаецца настаўніцай роднай мовы і літаратуры назад у Рудзевічы, а затым 6 гадоў (з 1986-га па 1992-гі) узначальвае школу. Пасля закрыцця ўстановы Веры Мацеевіч прапануюць пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Цяглевіцкай СШ.

Дзе б ні працавала Вера Уладзіміраўна, усюды была прыкладам вернасці выбранай справе, інтэлігентнасці, высокай адукаванасці, чалавечай мудрасці і разважлівасці. Настаўніца пастаянна дабівалася добрых вынікаў у вучняў, умела рацыянальна спланаваць і падаць матэрыял. Асаблівую ўвагу ўдзяляла развіццю маўлення. Былыя вучні з удзячнасцю ўспамінаюць урокі, літаратурныя вечарыны, Тыдні роднай мовы.

Па рашэнні раённага і абласнога аддзелаў адукацыі неаднаразова добрасумленная творчая праца В.У. Мацеевіч адзначалася граматамі Міністэрства Асветы БССР, упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і аддзела адукацыі Зэльвенскага райвыканкама.

Свае лепшыя чалавечыя якасці, мацярынскую ласку і дабрыню Вера Уладзіміраўна перадала сваім дочкам, якіх выхоўвала і паднімала на ногі адна (засталася ўдавой у маладым узросце). Старэйшая – Алена – пераняла ў маці любоў да прафесіі і працуе ў Цяглевіцкім дз/с-ПШ настаўніцай пачатковых класаў. Унучка Алёна выкладае хімію і біялогію ў Дзярэчынскім дз/с-СШ.

Зараз Вера Уладзіміраўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму вядзе актыўны лад жыцця. Пастаянна сочыць за навінамі ў краіне, выпісвае і чытае перыядычныя выданні, з задавальненнем працуе на сваім прысядзібным участку. Хочацца пажадаць нашай калеге, гэтай прыгожай і няўрымслівай жанчыне і надалей моцнага здароўя, шчасця ў дзецях і ўнуках, доўгіх гадоў жыцця.

Алена БЯЛЯЎСКАЯ

Вам может быть интересно

Комментарии отключены