Андрэй Навумовіч, давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, правёў на Зэльвеншчыне сустрэчы з выбаршчыкамі
545
Выбарчая кампанія выходзіць на фінішную прамую. Агітацыйны этап, які праходзіць цяпер, лічыцца самай актыўнай фазай кампаніі па выбарах. А яшчэ гэта і самы насычаны сустрэчамі перыяд, прычым, як у саміх кандыдатаў у Прэзідэнты, так і ў іх давераных асобаў.
У мінулы панядзелак давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі Андрэй Навумовіч, старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных зносінах і сродках масавай інфармацыі правёў на Зэльвеншчыне сустрэчы з выбаршчыкамі: ён пагутарыў з работнікамі СВК “Бародзічы”, з жыхарамі аграгарадка Бародзічы і г.п. Зэльва. Аўдыторыі слухачоў у час сустрэч з даверанай асобай Прэзідэнта былі рознымі. Аднак прысутных хвалявалі ў асноўным адны і тыя ж тэмы: незалежнасць нашай дзяржавы, барацьба з інфляцыяй і ростам цэн, мадэрнізацыя прадпрыемстваў, пошук новых рынкаў збыту прадукцыі, далейшае развіццё медыцыны, адукацыі, сацыяльнай абароны, маладзёжнай палітыкі, перспектыў малых гарадоў, аграгарадкоў. Выбаршчыкаў у час сустрэч падкупляла тое, што Андрэй Навумовіч выклікаў сваіх суразмоўцаў на актыўны, адкрыты і шчыры дыялог, цікавіўся іх жыццёвымі праблемамі.
– Адна з маіх задач як даверанай асобы, – адзначыў Андрэй Мікалаевіч, – не толькі расказаць пра кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі Аляксандра Лукашэнку, але і паслухаць людзей, унікнуць у іх праблемы і прааналізаваць іх, а потым данесці да кіраўніка дзяржавы.
Як дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Андрэй Навумовіч добра валодае эканамічнай, сацыяльнай, дэмаграфічнай сітуацыяй, у тым ліку і па нашай вобласці. Таму і асобныя палажэнні перадвыбарнай праграмы кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі Аляксандра Лукашэнкі суадносіў з адпаведнымі паказчыкамі і дасягненнямі Гродзеншчыны. За дзве апошнія дзесяцігодкі на прадпрыемствы, у сельгаскааператывы прыйшлі сучасныя тэхналогіі, найноўшае абсталяванне, вядзецца выпуск і рэалізацыя канкурэнтаздольнай прадукцыі, каб кожны працаўнік атрымліваў дастойную зарплату. Безумоўна, не ўсё проста і лёгка ў сённяшняй унутранай і знешняй эканамічнай сітуацыі. Выхад – у пераарыентацыі рынкаў збыту, пошуку новых. І яны ёсць: Кітай, Індыя, Бразілія, Пакістан… Наша прадукцыя запа-трабавана ў гэтых краінах сёння, ёсць патэнцыял і на будучае, падкрэсліў Андрэй Навумовіч.
Сустрэчы з выбаршчыкамі праходзілі вельмі актыўна, прысутныя задавалі пытанні, выказвалі сваё меркаванне. І нават пасля заканчэння людзі разыходзіцца не спяшаліся.
Святлана ЯРМАЛАВІЧАНЕ.