Ганненскі кірмаш ў 2002 годзе
Знакаміты Ганненскі кірмаш для зэльвенцаў спакон вякоў быў асабліва значнай падзеяй, таму і не дзіўна, што і ў гэтым годзе рыхтаваліся да яго загадзя і старанна. Тагачасныя вывескі на магазінах, прыгожа прыбраныя цэнтральная плошча і вуліцы нагадвалі аб набліжэнні вялікага і важнага мерапрыемства.

Гучаць пазыўныя свята. На імправізаванай сцэне пачынаецца тэатралізаванае прадстаўленне. Вялікія лялькі ў тагачасным адзенні, якія ўяўляюць сабой вяльмож і купцоў розных нацыянальнасцей, з дапамогай артыстаў пад вясёлую музыку закружыліся ў кірмашовай каруселі. Такі пачатак надаў своеасаблівы каларыт святу: на Ганненскі кірмаш і сапраўды з’язджаліся купцы амаль з усяго свету.
А праз некалькі хвілін на цэнтральную плошчу верхам на кані ўехаў і сам князь Сапега, за ім – яго світа, а потым купецкія карэты, цыганскія кібіткі, старамодныя фургоны, запрэжаныя ладнымі коньмі.
Падняўшыся на сцэну, князь Сапега (яго ролю, як і ў 2001 годзе, выконваў Руслан Дземянкоў) зачытаў грамату аб адкрыцці вялікага Анненскага кірмашу ў Зэльве.
А потым удзельнікаў кірмашу, гасцей, жыхароў пасёлка і раёна на старажытнай зэльвенскай зямлі вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Паўлавіч Дзянішчык. Ён пажадаў усім выдатнага настрою, прыемнага адпачынку, дзелавых і ўзаемавыгадных пакупак і пагадненняў.

І не выпадкова, таму што ў гэты дзень, як і ў даўніну, на кірмашы можна было купіць усё, што душа пажадае. Роўнымі радамі ўздоўж сквера размясціліся гандлёвыя палаткі раённага спажывецкага таварыства і прадпрымальнікаў – мясцовых і з бліжэйшых гарадоў. Кожны з прадаўцоў шчыра запрашаў купіць менавіта яго тавар. А даволі гасцінны і ветлівы зэльвенскі прадпрымальнік А.М.Яскевіч паклапаціўся яшчэ і аб тым, каб наведвальнікі яго лаўкі маглі прысесці за стол і спакойна выпіць вады ці гарбаты.
Далёка за Зэльваю разносіліся гукі вясёлай музыкі. Аматары песень і танцаў атрымлівалі ўцеху ад выступленняў народнага ансамбля песні і музыкі “Весялуха” раённага Дома культуры, цыганскага ансамбля “Джана Рома”, які прыехаў да нас з Ашмян, гродзенскага цырка і калектыва мастацкай самадзейнасці ААТ “Беллакт” з Ваўкавыска. Шмат цёплых апладысментаў падарылі артыстам у гэты дзень удзячныя зэльвенцы.
А калі хто сам захацеў праявіць свой талент, то меў магчымасць паўдзельнічаць у канцэртна-забаўляльнай праграме “Ад спеваў – да жартаў і пацех”. Радавалі прысутных сваім майстэрствам артысты народнага ансамбля “Званочкі” з Дзярэчына, вакальныя і фальклорныя гурты, гарманісты і прыпевачнікі з Алексіч, Вострава, Старога Сяла, Падбалоцця, Караліна, Залацеева, Тулава, Бародзіч, Рудзевіч, Ялуцавіч і Славаціч.
Было шмат жадаючых, як дзяцей, так і дарослых, паўдзельнічаць у разнастайных конкурсах і забавах. Пляцоўка ля раённага Дома культуры на дзень ператварылася ў гульнёвае поле. Пераможцу чакаў прыз.

Нельга было не заглянуць і ў сквер. Ад яркіх колераў вышытых ручнікоў, самабытных дываноў, вытанчаных сурвэтак і абрусаў ён расцвіў незвычайнай прыгажосцю. З розных куточкаў Зэльвеншчыны з’ехаліся сюды майстры і майстрыхі, каб прадэманстраваць свае вырабы. Уражвалі і захаплялі работы Ірыны Масюк з Кандакоў, Марыі Дзярэчык з Грыцкавіч, Веры Жылко са Снежнай, Алены Бугай з Цяглевіч, Валянціны Чарнушыч з Дабрасельцаў, Марыі Мачок з Тулава, Яўгеніі Грэцкай і Яўгеніі Грынцэвіч з Залацеева, малюнкі Святланы Ліпскай і работы Марыі Харытончык з Зэльвы, а таксама вырабы гурткоўцаў з Востраўскай і Старасельскай школ, цэнтра пазашкольнай работы, дзе кіраўнікамі гурткоў з’яўляліся Т.І.Валянцейчык, А.П.Несцяровіч, А.У.Жук.
На кірмашы рамёстваў можна было ўбачыць і рэчы даўніны, асабліва зацікавіла каза-прасніца Івана Гендзеля з Тулава.
На стадыёне “Колас” сабралася нямала прыхільнікаў конкурсна-спартыўнай праграмы “Гэй вы, коні, мае коні…” Захапіла ўсіх выступленне выхаванцаў конна-спартыўнай школы Ваўкавыскага саўгаса-тэхнікума. Тут жа прайшлі выстава конных парод і конкурс павозак. Перавагу гледачы аддалі коням і іх гаспадарам з калгасаў “Бальшавік”, “Караліно” і “Перамога”. Ну а лепшыя павозкі, на думку журы, прадставілі калгасы “Прагрэс”, “Светлы шлях” і “Кастрычнік”.

Вызначыліся і шчасліўчыкі бяспройгрышнай латарэі. Суперпрыз – ладны жарэбчык – атрымала сям’я Панасік з Зэльвы.
Крыху пазней аматары спорту маглі паглядзець чэмпіянат вобласці па футболе, які праходзіў паміж камандамі “Хваля” з Зэльвы і “Нёман-2” з Мастоў – выйгралі, вядома ж, гаспадары.
Увесь дзень быў запоўнены сустрэчамі з цікавымі людзьмі, таленавітымі артыстамі, вясёлымі забаўляльнікамі. Сумаваць не было часу.
Увечары ўпрыгожаная рознакаляровымі лямпачкамі плошча сабрала ўсіх на яркі феерверк.
Закончылася свята танцавальнай праграмай для моладзі “Шырэй круг” (кірмаш супаў з Днём моладзі). Танцавалі ўсе, хто ў душы адчуваў сябе маладым.

Ганненскі кірмаш у Зэльве адбыўся і на гэты раз. Менавіта дзякуючы высокай зацікаўленасці і ўвазе да гэтага незвычайнага мерапрыемства з боку раённага выканаўчага камітэта, яго службаў, дзейснай дапамозе многіх арганізацый і прадпрыемстваў, у прыватнасці, МПМК-148, Зэльвенскай сельгасхіміі, РУП “Трыкатажная фабрыка “Зяльвянка”, РУП ЖКГ, УП “Аграпрамзабеспячэнне”, ДРБУ-118, аддзела адукацыі райвыканкама, раённага спажывецкага таварыства, раённага вузла паштовай сувязі, прадстаўніцтва Белдзяржстраху Зэльвенскага раёна, АТП-19, райветстанцыі, райпалівазбыту. Свой уклад унеслі мясцовыя індывідуальныя прадпрымальнікі і фермеры.
Кантроль за ўзвядзеннем будаўнічых канструкцый ажыццяўляў галоўны архітэктар раёна Віктар Міхайлавіч Юркевіч.
Падрыхтоўка і правядзенне свята праводзіліся пад непасрэдным кіраўніцтвам аддзела культуры і яго загадчыцы Г.М.Раманчук, пры актыўным удзеле ўсіх работнікаў РДК і сельскіх устаноў культуры. І, як заўважыла Галіна Мікалаеўна, свята ўдалося менавіта таму, што рыхтавалі і праводзілі яго ўсе разам.
Да новых сустрэч, Анненскі кірмаш!
Служба інфармацыі газеты «Праца»
Комментарии отключены