У снежні споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння нашага славутага земляка – вучонага-генетыка А.Р. Жэбрака
27 снежня споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння нашага славутага земляка – вучонага-генетыка А.Р. Жэбрака. Хочацца нагадаць зэльвенцам пра некаторыя старонкі яго жыцця.
Дзяцінства
Нарадзіўся Антон Жэбрак у в. Збляны. Бацькі хлопчыка, Раман Паўлавіч і Марыя Іванаўна, працавалі на зямлі. Зямлі небагатай, пясчанай, але сваёй, таму і вельмі дарагой. На вялікую сям’ю з васьмі чалавек даходу ад зямлі не хапала, таму бацька працаваў яшчэ і стрэлачнікам на чыгунцы Ваўкавыск-Баранавічы, тым больш што была яна недалёка ад вёскі.
У меру сваіх сіл дзеці дапамагалі бацькам. Акрамя таго, ахвотна вучыліся ў царкоўна-прыходскай школе суседніх Лаўрыновічаў. Здольных да навукі бацька заахвочваў працягваць вучобу ў Слоніме. Антон вельмі добра вучыўся, таму пасля атрымання пачатковай адукацыі паступіў у Слонімскае рэальнае вучылішча. Калі б не Першая сусветная вайна, быць хлопцу настаўнікам. Але фронт набліжаўся да вёскі, і Жэбракі разам з іншымі вяскоўцамі вымушаны былі эвакуіравацца ў Расію. Жылі ў Мыцішчах, потым у Шацку Тамбоўскай губерні. Антон працягваў навучанне ў рэальным вучылішчы Масквы, потым – Шацка. Затым хацеў вучыцца ў вышэйшай навучальнай установе. Але… зноў лёс перашкодзіў юнаку дасягаць жаданай мэты. На гэты раз раптоўная смерць бацькоў вымушала Антона або шукаць работу, або ісці ваяваць за ўсталяванне савецкай улады (ішоў 1918 год). Антон стаў дабраахвотнікам-чырвонаармейцам. Як чалавек адукаваны і член партыі бальшавікоў, працаваў інструктарам-арганізатарам ЦК камсамола. Пры першай жа магчымасці паступіў на курсы кіраўнікоў камсамольскіх арганізацый пры Камуністычным універсітэце ў Маскве. Пасля курсаў атрымаў накіраванне ў 17-ю кавалерыйскую дывізію на Паўднёвы фронт. Служыў добрасумленна, але ваенным усё жыццё быць не марыў. Таму, як толькі вайна стала заціхаць, Антон дэмабілізаваўся.
Здзяйсненне мары
Вось і настаў час, аб якім марыў Антон усе ваенныя гады. У 1921 го-дзе ён становіцца студэнтам Пятроўскай земляробчай акадэміі, якая праз два гады стала насіць імя выдатнага вучонага Клімента Ціміразева.
З генетыкай Антон сутыкнуўся ужо на 3-м курсе акадэміі: прафесар С.І.Жэгалаў арганізаваў гурток пры сваёй кафедры і падбіраў таленавітых студэнтаў для навучання ў
аспірантуры. Жэбрака
Сяргей Іванавіч вылучыў адразу. І Антон у 1925–1928 гадах паспяхова вучыцца ў аспірантуры пры кафедры генетыкі. Адначасова вывучае філасофію ў Інстытуце чырвонай прафесуры. Пасля аспірантуры пачынае працаваць дацэнтам на кафедры генетыкі і селекцыі. Як здольнага і перспектыўнага вучонага, яго ў 1930 годзе накіроўваюць на стажыроўку ў ЗША. Ён працуе ў лабараторыі Калумбійскага ўніверсітэта, у Каліфарнійскім тэхналагічным інстытуце. Менавіта ў Каліфорніі ён працуе разам з Томасам Морганам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі “За адкрыцці, звязаныя з роляй храмасом у спадчыннасці”.
Такім чынам Жэбрак знаёміцца з самымі навейшымі дасягненнямі маладой навукі генетыкі і становіцца яе прапагандыстам і заступнікам. Пасля вяртання з замежнай камандзіроўкі Антон Раманавіч неўзабаве ўзначальвае – ужо як прафесар – кафедру генетыкі роднай Ціміразеўкі. Малады вучоны ўпэўнена працуе ў выбраным накірунку і ў 1936 г. абараняе доктар-скую дысертацыю на тэму “Стан генетыпу пры ўзроставай мадыфікацыі арганізма”.
Накіраваная на заключэнне ў Інстытут генетыкі АН СССР М.П.Дубініну, работа Жэбрака была высока ацэнена, а Дубінін і Жэбрак сталі не толькі аднадумцамі ў навуцы, але і сябрамі ў жыцці.
Праца
ў Ціміразеўцы
Доктар біялагічных навук А.Р.Жэбрак быў адзін з любімейшых выкладчыкаў студэнтаў. Лекцыі Антон Раманавіч чытаў з веданнем і прадмета, і псіхалогіі студэнтаў. Быў вельмі акуратным, дысцыплінаваным, не дазваляў спазненняў на заняткі. На экзаменах не прыдзіраўся да дробязяў, аб’ектыўна ацэньваў веды.
На практыкумах Жэбрак імкнуўся давесці да студэнтаў усе апошнія дасягненні сусветнай генетыкі. Зімой студэнты рашалі задачы, разбіралі схемы скрыжавання, індывідуальна працавалі з дразафілай… Летам знаёміліся з методыкай і тэхнікай скрыжавання, з элементамі генетычнага аналізу на жывым раслінным матэрыяле. Студэнты самі назіралі дзеянне законаў генетыкі на практыцы. Каб эксперымент быў чыстым, Жэбрак прасіў студэнтаў не ленавацца і на кожны колас надзяваць спецыяльны пакуначак, каб не адбылося нежаданае апыленне. Вучонаму патрэбна была не паказуха, а высокая дакладнасць доследаў.
Пад кіраўніцтвам Жэбрака на кафедры генетыкі і цыталогіі паспяхова ішлі даследаванні па пшаніцы і эксперыментальнай паліплаідыі. Упершыню перад Другой сусветнай вайной АН СССР давала справа-здачу аб поспехах савецкай біялогіі ў гэтай праблеме.
А поспехі былі немалымі. Вучоны Жэбрак разумеў, што вывесці гатунак пшаніцы, аднолькава ўстойлівай да шматлікіх захворванняў, не карыстаючыся міжвідавой гібрыдызацыяй, немагчыма. Таму ён настойліва расшыраў кола даследуемых відаў, скрыжоўваў іх, і атрымліваў усё лепшыя і лепшыя вынікі. Дастаткова сказаць, што вучонаму ўдалося атрымаць не існуючыя ў прыродзе формы пшаніцы, абагнаўшы ранейшыя дасягненні вучоных ажно на два звяны паліплоіднага раду. Сёння генетыкі адзначаюць, што падыходы Жэбрака да даследаванняў былі правобразам сучасных генна-інжынерных метадаў канструявання новых гатункаў раслін, пра якія ў часы вучонага яшчэ ніхто і не марыў.
Жэбрак
і Акадэмія навук БССР
Менавіта Жэбрак па-клаў пачатак сур’ёзным генетычным даследаванням у беларускай навуцы. У красавіку 1940 года ён быў абраны сапраўдным членам Акадэміі навук БССР. На беларускім матэрыяле, які ён сабраў падчас экспедыцый па Заходняй Беларусі ў 1940 годзе, у 1942–43 гадах у складзе сельскагаспадарчай групы АН БССР займаўся вывя-дзеннем азімых і яравых гатункаў пшаніцы для рэспублікі. Вылучыў некалькі перспектыўных сартоў. Пасля вызвалення Беларусі ён перадаў наркамзему каля 3 тон выведзенага ім элітнага насення азімай пшаніцы. Зробленае для землякоў прааналізаваў у кнізе “Сінтэз новых відаў пшаніцы”.
Урад Беларусі ўзнагародзіў Антона Жэбрака ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі. У 1944-м яму прысвоена званне заслужанага дзеяча навук БССР. У 1945-м Жэбрак уключаны ў склад беларускай дэлегацыі на ўстаноўчую канферэнцыю ў Сан-Францыска і пакідае свой подпіс пад статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Рэктар сельскагаспадарчай акадэміі імя Ціміразева В.С.Нямчынаў прапанаваў кандыдатуру А.Р.Жэбрака на пост прэзідэнта АН БССР. Прапанову Нямчынава падтрымалі многія навукоўцы БССР, у тым ліку і віцэ-прэзідэнт АН БССР К.М.Міцкевіч (Якуб Колас). Шмат пытанняў трэба было вырашаць. Непасрэдна ў інстытуце біялогіі Антон Раманавіч праводзіў вялікую генетыка-селекцыйную працу з пшаніцай, грэчкай, просам і кукурузай з мэтай атрымання высока-прадукцыйных гатункаў і ўкараненнем іх у вытворчасць. Да працы ў інстытуце прыцягваў вядомых вучоных, якія маглі б падрыхтаваць змену старым кадрам.
На жаль, вельмі мала выпала Жэбраку ўзначальваць рэспублікан-скую акадэмію. Выкарыстаўшы яго артыкул у амерыканскім часопісе “Навука”, лысянкоўцы пачалі цкаванне генетыка, абвінаваціўшы яго ў нізкапа-клонстве перад буржуазнай навукай. Іх не бянтэжыў той факт, што Жэбрак пісаў той артыкул па просьбе антыфашысцкага камітэта савецкіх вучоных, узгадніўшы свае вывады з кампетэнтнымі навукоўцамі.
У перыёдыцы пачынаюць публікавацца разгромныя матэрыялы, з якіх вынікала, што Жэбрак ледзь не амерыканскі шпіён, якому не месца ў савецкай навуцы. Жэбрака падвяргаюць “суду гонару”, дзе на довады вучонага ў несправядлівасці нападкаў ніхто не звяртае ўвагі. Антон Раманавіч з інфарктам трапляе ў бальніцу, што толькі на непрацяглы час прыпыніла ганенне. А потым абвінавачванні працягваліся, усё больш і больш павя-лічваючы кола барацьбітаў за “чысціню радоў” навукоўцаў. У выніку Антон Раманавіч вымушаны быў падаць у адстаўку.
Рэабілітацыя
Цяжкія гады наступілі не толькі для нашага земляка. Калі б справа тычылася толькі яго лёсу, Антон Раманавіч так бы не перажываў. А тут гінула праца соцень вучоных, генетыцы пагражала гібель. Таму Жэбрак стараўся ўладкавацца на любую работу, толькі б працягваць даследаванні. Хоць і на ўласнай дачы, як гэта і адбылося ў 50-я гады. Тады вучоны працаваў на кафедры батанікі ў Маскоўскім лесатэхнічным інстытуце, а потым – у Маскоўскім фармацэўтычным інстытуце. Антон Раманавіч выяз-джаў са студэнтамі ў экспедыцыі ў Манголію, адбіраў гатункі дзікіх раслін, а потым працаваў з імі. У гэты час Жэбрак падрыхтаваў падручнік “Батаніка” для вну.
Доктар біялагічных навук М.В.Турбін дапамог Жэбраку вярнуцца да даследчай працы ў лабараторыі паліплаідаў Інстытута біялогіі беларускай Акадэміі навук. Некалькі апошніх гадоў жыцця Антон Раманавіч працаваў над новымі гатункамі пшаніцы, грэчкі, проса, а потым і з цукровымі буракамі. Паслядоўнікі вучонага многа зрабілі для таго, каб не загінула яго справа.
Антон Раманавіч да-жыў да кастрычніка 1964 года, калі Пленум ЦК КПСС асудзіў “адміністраванне і суб’ектывізм у навуцы”. Адкрыліся новыя шляхі для генетыкі. Але Жэбрак ужо не паспеў здзейсніць тое, што мог: вучонага не стала 20 мая 1965 года, калі яму было толькі 63 гады.
Задумы вучонага здзейснілі яго вучні. Як памятаюцць многія, да стагоддзя Антона Раманавіча ў Зэльве паслядоўнікі Жэбрака наладзілі навуковую канферэнцыю, на якой і пазнаёмілі зэльвенцаў з укладам у навуку гэтага незвычайна таленавітага чалавека.
Поўнае трагізму жыц-цё Жэбрака вучыць не скарацца перад ударамі лёсу, мужна адстойваць свае погляды і ўпарта ісці да жаданай мэты. Антон Раманавіч сваёй мэты дасягнуў: як сцвярджаюць вучоныя, выведзенымі ім гатункамі пшаніцы засяваецца больш чым палова пасяўных плошчаў планеты.
Яніна ШМАТКО.