Апошнія прыгатаванні каталікоў Зэльвеншчыны да Вялікадня

У гэтыя хвіліны вернікі каталіцкага веравызнання Зэльвеншчыны, як дарэчы і ўсёй краіны, чакаюць аднаго з галоўных святаў рэлігійнага года Уваскрасення Пана. З чацвярга хрысціяне перажываюць Вялікі Трыдуум. І сёння, у Вялікую Суботу – апошні дзень Пасхальнага Трыдуума, скланяюць галовы перад грабніцай Езуса.

У касцёле Святой Троіцы г.п. Зэльва вернікі маюць магчымасць памаліцца перад сімвалічнай труной Божага Сына на працягу ўсяго дня. Гэта не толькі дань традыцыі, а перш-наперш – абавязак веруючага чалавека.

Таксама перад Вялікім Днём зэльвенцы рыхтуюць стравы на вялікодны стол і загаддзя прыносяць іх для асвянчэння. Пачынаючы з поўдня, кожныя дзве гадзіны святар адгаворвае спецыяльную малітву і благаслаўляе кошычкі з яйкамі, хлебам, соллю, рознымі мяснымі стравамі і прысмакамі. Імі частавацца можна будзе толькі пасля вячэрняй імшы, якая распачнецца ў 20 гадзін 8 красавіка, або на само свята.

Кожны год разам з роднымі я прыходжу ў святыню, каб памаліцца перад магілай Пана, асвяціць стравы, – кажа Мацвей Сарачынскі. – Тое, што знаходзіцца ў кошычку, мае пэўны сэнс. Пафарбаваныя яйкі – сімвал адраджэння жыцця: Езус Хрыстус уваскрос з мёртвых і перамог смерць. Хлеб сімвалізуе Слова, якое стала Целам Божым. Кулічы і кулінарныя вырабы – гэта наш сямейны дабрабат, гасціннасць. Мы ўпрыгожваем кошычкі рознакаляровымі стужкамі, каб падзяліцца з іншымі радасцю Уваскрасення.

Сёння вечарам нашы парафіяне сабяруцца на імшу – Велікодную вігілію, і падчас яе падзеляцца радасцю Вялікага Дня, – дзеліцца сям’я Струг. – А ўжо ў нядзелю за святочным сталом, прачытаўшы малітву, прывітаем адзін аднаго словамі: “Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!”. Вельмі прыемна, калі дзеці прыязджаюць да бацькоў здалёк, калі родныя вялікай талакой сабіраюцца разам, каб у міры і згодзе святкаваць Уваскрасенне Хрыстова. Радасці ўсім веруючым людзям, спакою на душы і Святла ад Вялікадня!

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены