Бацькоўскаму наказу верны
Пра Мікалая Лазоўскага ў вёсцы Чырвонае Сяло і ў наваколлі можна пачуць толькі добрыя словы: адмысловы гаспадар, спагадлівы чалавек і… адзін з перадавых работнікаў СВК “Сынкавічы”.
– Я нарадзіўся і вырас у звычайнай вясковай сям’і, – расказвае мой суразмоўца. – Маці ўсё сваё жыццё была паляводам у мясцовай гаспадарцы. З дзяцінства добра ведаю сялянскую работу.
Любоў да зямлі і жаданне працаваць сталі вызначальнымі пры выбары прафесіі. У Дзярэчынскім вучэбна-вытворчым кам-бінаце атрымаў пасведчанне трактарыста. Затым паступіў у Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе набыў спецыяльнасць тэхніка-механіка. Вярнуўся дамоў, каб застацца назаўсёды. “Тут прастор, дыхаецца лёгка. Не люблю вялікія гарады”, – прызнаецца Мікалай Фадзеевіч.
Малады спецыяліст уладкаваўся ў былы калгас імя ХХ партз’езда. Спачатку намеснікам брыгадзіра. Пасля паспрабаваў сябе ў ролі камбайнера і механіка. Як толькі гаспадарка атрымала першы сучасны “Амкадор”, яго даверылі Мікалаю Лазоўскаму. Цяпер рабочыя дні механізатара прахо-дзяць за рулём пагрузчыка “Маніту”.
– Мікалай Фадзеевіч – майстар на ўсе рукі, – так характарызуюць яго калегі. – Усю сваю работу выконвае акуратна і добрасумленна. Не лічыцца з асабістым часам. Даручаную яму тэхніку рамантуе сам, таму ніколі не прастойвае. Заўсёды ахвотна падказвае і дапамагае маладым механізатарам.
– А інакш працаваць і не ўмею, – прызнаецца Мікалай Фадзеевіч. – Бацькі заўсёды вучылі старанна выконваць любую справу, укладваць у яе ўсю душу. Гэты наказ і стаў для мяне жыццёвым прынцыпам.
Па працы Мікалай Лазоўскі заслужыў і гонар: неаднаразова заахвочваўся прэміямі, яго партрэт заносіўся на Дошку гонару раёна і сельгаскааператыва.
Наталля Мацюк.