Бародзіцкія культработнікі аднавілі абрад «Піліпаўскія запускі»

Кожны чалавек павінен ведаць гісторыю роднага краю, традыцыі і звычаі, аднаўляць абрады, захоўваючы спадчыну сваіх продкаў. У гэтым перакананы работнікі ўстановы культуры аграгарадка Бародзічы, якія пры любой магчымасці выкарыстоўваюць элементы традыцыйнай абраднасці. Ад прадстаўнікоў старэйшага пакалення яны сабралі багаты матэрыял і напярэдадні посту перад святамі Божага нараджэння на Піліпаўскіх вячорках прадставілі тэатралізаваны абрад “Запускі”.

Удзельнікаў мерапрыемства запрасілі зайсці ў імправізаваную вясковую хату, упрыгожаную тканымі дыванамі і вышытымі ручнікамі, узорчатымі сурвэткамі і рознакаляровымі ходнікамі. Так як зімовыя вечары (вячоркі) ў даўніну праходзілі за рукадзеллем, тут размясціліся асноўныя прылады працы – калаўрот, верацяно, прасніца і г.д.

Гаспадыня, ролю якой выканала хормайстар, рэжысёр аддзела па арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці жыхароў аг. Бародзічы Вера Рыбарчык, спачатку расказала аб галоўных правілах, якія неабходна было выконваць падчас посту. Гэта быў перыяд духоўнага і цялеснага ўстрымання, калі забараняліся весёлыя гульні і сытная ежа, час, калі неабходна было апрацаваны лён, авечую воўну спрасці ў ніткі, а затым саткаць усё патрэбнае для сям’і: кашулі і сарочкі, спадніцы і штаны, верхняе адзенне, ручнікі, посцілкі і інш.

У народзе казалі: “Што ў Піліпаўку спрадзеш, тое ў Вялікі пост сатчэш”. Таму запрашаю вас, мае сябры, узгадаць сакрэты рукадзелля, – прапанавала прыветлівая Гаспадыня.

І ажылі ў руках таленавітых вясковых жанчын пруткі і кручкі. Некаторыя паспрабавалі спрасці нітку з воўны. Падлеткі (удзельнікі аматарскіх аб’яднанняў і гурткоў) уважліва сачылі за работай і слухалі аповед аб прызначэнні кожнай прылады, аб сакрэтах майстрых. Напрыклад, адзін з іх такі: на вячоркі прыносілі кіслую ягаду, пры ўжыванні якой выдзялялася шмат сліны, якой змочвалі пальцы, каб ваўняная нітачка не разрывалася і была тоненькай і роўнай. Добрай прыкметай было і загаддзя падрыхтавацца да ткацтва. Існавалі нават прымаўкі “Піліп дзяцей адзявае” ці “Піліпаўскія ночкі прадуць сарочкі”.

У былыя часы кожная жанчына ўмела падрыхтаць нітку для далейшага яе ўжывання: спрасці, пафарбаваць у розныя колеры (прыроднымі матэрыяламі, паколькі хімічных сродкаў не было, “служылі” шалупенне цыбулі, буракі, зёлкі), зматаць у клубочкі ці чоўны для кроснаў. Пасля гэтага пачынаўся асноўны зімовы занятак, падчас якога атрымліваліся не толькі патрэбныя, але і прыгожыя рэчы. Дарэчы, некаторыя з іх як дарагі скарб захоўваюцца ў сем’ях землякоў, якія шчыра дзеляцца імі на мерапрыемствы, звязаныя з народна-культурнай спадчынай. На гэты раз Ніна Уладзіміраўна Саўрасевіч прадставіла свае цудоўныя дываны, льняныя посцілкі, вышытыя ручнікі. Па словах Гаспадыні, кожны выраб мае сваю гісторыю, кожны ўзор на ім – сваё сімвалічнае назначэнне.

Згодна абраду не абышлася Піліпаўка без прысмакаў. Але перш чым пачаставаць гасцей, Вера Яўгеньеўна пазнаёміла іх з гісторыяй глінянага і драўлянага посуду, вырабам якога ўжо займаліся мужчыны. Дарэчы, у музеі Зэльвенскага сельсавета захаваліся міскі, кубкі, збаны, чыгуны розных памераў і формаў.

Упрыгожаннем стала заўсёды быў невялікі жытнёвы сноп. Лічылі: калі зерне з каласоў не асыпалася, у сям’і панавалі згода і лад. Калі наадварот, то сям’я нешта губляла, хтосьці з радні пакідаў яе. Над сталом размяшчалі абраз. Звычайна гэты была “Маці Божая Вастрабрамская”, якая захоўвала хату і яе жыхароў ад бедаў і няшчасцяў, прыродных стыхій.

Каб не губляць элементаў традыцыі, прачуць атмасферу продкаў, удзельнікі сцэнічнай пастановы захавалі самабытнасць абраду.

Найвялікшым скарбам для нас з’яўляюцца народныя святы, традыцыі і абрады, – кажа Вера Рыбарчык. – Наша знаходка – людзі старэйшага пакалення. Пакуль яны ёсць, мы павінны пастарацца захаваць іх аповеды, майстэрства, таму што ўсё гэта – адна з самых цікавых старонак культурнай спадчыны і народнай творчасці. У рамках пераемнасці пакаленняў наша задача таксама пазнаёміць падлеткаў з адметнымі мясцовымі традыцыямі, развіць іх цікавасць да духоўнай гісторыі свайго краю. Таму выказваю ўдзячнасць тым, хто сёння дапамог аднавіць абрад “Запускі”, – сям’і Драздовых, Паліне Рысюк, Жане Макарэвіч, Таццяне Дрэвацень, Таццяне Агеевай, Аксане Нехвядовіч.

Людміла ПОПКА

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены