Больш за 600 відаў раслін, а таксама 136 відаў жывёл налічвае Рэспубліканскі біялагічны заказнік «Медухава»

На тэрыторыі Зэльвенскага раёна шмат прыродных скарбаў: лясоў, рэк, азёр, дзе людзі могуць адпачываць. Але ёсць і запаведныя тэрыторыі, якія рука чалавека амаль не кранае. Такім з’яўлецца Рэспубліканскі біялагічны заказнік “Медухава”. У падарожжа па ім запрашаем вас адправіцца зараз.

Адзін з 15-ці ў вобласці

Усяго на Гродзеншчыне знаходзіцца 15 заказнікаў рэспубліканскага значэння. І адзін з іх – у нашым рэгіёне.

Рэспубліканскі біялагічны заказнік “Медухава” быў створаны на тэрыторыі Зэльвенскага раёна ў 1996 годзе пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Мэтай стала захаванне каштоўных лясных фармацый з комплексам рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу. А такая “салодкая” назва – “Медухава” – пайшла ад невялічкай вёскі, якая знаходзіцца амаль пасярэдзіне запаведнай зоны.

Першапачаткова тэрыторыя заказніка займала 1312 гектараў.

– У выніку інвентарызацыі прыродных комплексаў праведзена ўдакладненне межаў заказніка. Цяпер яго плошча дасягае 1435,4 гектара. У склад уключаны землі, праз якія пралягаюць чыгунка і аўтамабільная дарога, а таксама тэрыторыі лесагаспадарчай установы “Слонімскі лясгас”, – каментуе начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзь Чыгрын.

Якімі “каштоўнасцямі” адметны?

Зразумець, што падышоў да заказніка “Медухава”, няцяжка: у свой час па перыметры ўсталявалі жоўтыя металічныя таблічкі і дадаткова чатыры вялікія інфармацыйныя стэнды.

Запаведнік налічвае больш за 600 відаў раслін (у тым ліку і лекавых), а таксама 136 відаў жывёл. Сярод іх – і тыя, што занесены ў Чырвоную кнігу: з флоры – кадзіла сармацкае, плаун-баранец, лілея кучаравістая, касач сібірскі, пылкагалоўнік чырвоны; з фауны – барсук, рысь і такія птушкі, як малы падорлік, палявы лунь, сакол-каршачок, драч.

У запаведніку можна знайсці ўсе віды дрэў, якія растуць у Зэльвенскім раёне: бяроза, сасна, елка, ясень, клён, лістоўніца, дуб і інш. Змешаны лес – адна з адметнасцей запаведнай зоны. Ёсць тут і невялікія дзялянкі, на якіх растуць толькі елкі або дубы.

– Апошнія 20-25 гадоў у заказніку скарачаюцца іглічныя пароды і павялічваюцца лісцевыя. Гэта тлумачыцца тым, што елкі і іншыя хвойныя дрэвы ўсыхаюць, – растлумачвае ляснічы Аляксей Галавач.

Але гэты факт не павінен засмучаць аматараў прыроды. У “Медухава” можна ўбачыць дубы, якім больш за 250 гадоў. Дыяметр гэтых старажылаў – звыш 2 метраў.

Рэжым аховы

Унікальны заказнік і тым, што на яго тэрыторыі дзейнічае асаблівы рэжым аховы. Тут забаронены рух транспарту, развядзенне вогнішчаў, размяшчэнне турыстычных гарадкоў. Ёсць абмежаванне і ў вядзенні лесагаспадарчай дзейнасці. Леснікі не вырубаюць дрэвы суцэльным накірункам. Дазваляецца высякаць толькі тыя, ствалы якіх пашкоджаны пажарамі, бурамі або шкоднікамі. Прычым абавязкова ўзгадніўшы з Міністэрствам лясной гаспадаркі.

– Стараемся як мага менш умешвацца ў жыццё запаведніка. Амаль усе працэсы на яго тэрыторыі прырода рэгулявала і рэгулюе самастойна, – расказвае ляснічы Аляксей Галавач. – Да гэтай пары памятаю словы Аляксандра Буя, які ў свой час прымаў мяне на працу: “Дрэва, якое ўпала ў лесе, – гэта не захламленасць, а падкормка для здаровых дрэў”.

Дарэчы, наведванне заказніка не забаронена. Але нельга парушаць рэжым аховы (напрыклад, зрываючы расліны, якія занесены ў Чырвоную кнігу). А вось збіраць ягады, грыбы і нават лекавыя зёлкі (акрамя рэдкіх і каштоўных відаў) у запаведнай зоне дазваляецца.

– Для аматараў “ціхага палявання” заказнік – адно з любімых месцаў. Больш за іншыя грыбы “Медухава” аблюбавалі апенкі. Ім падабаецца сухастой, ламачча, буралом, якога на тэрыторыі запаведніка дастаткова, – расказвае Аляксей Аляксандравіч. – Сустракаюцца тут, хоць і ня так часта, падбярозавікі, белыя грыбы, рыжыкі, лісічкі, чырвонагаловікі.

Экалагічны турызм

“Медухава” з’яўляецца райскім месцам для дачнікаў. Ім належаць амаль усе нешматлікія домаўладанні ў населеным пункце з аднайменнай назвай. У кожнага гаспадара ёсць пчальнікі. Мёд, сабраны ў гэтых мясцінах, надзвычай смачны. Лес і разнатраў’е гарантуюць высокую якасць прысмаку.

Варта адзначыць, што заказнік “Медухава” ўключаны ў склад шматлікіх турыстычных маршрутаў, напрыклад, “Зэльвенскага
дыяруша”. Тыя, хто адправіцца па ім, маюць магчымась наве-
даць сядзібу-музей “Старая весь”, аграсядзібу “Верас”, ганчарную майстэрню, а таксама Дом рамёстваў і традыцыйнай культуры. Магчыма правядзенне пешых экскурсій па заказніку: яны займуць прыкладна 50-60 хвілін павольным крокам. У будучым на тэрыторыі плануецца стварыць невялікую турыстычную пляцоўку (з альтанкай і месцам для вогнішча), каб можна было паставіць палаткі для начлегу ў атмасферы векавога запаведніка.

– Біялагічны заказнік “Медухава” заварожвае прыгажосцю ў любую пару года: восенню зялёная лістота змяняе свой колер; зімой дрэвы і кусты іскрацца ад марозу; вясной птушыны спеў абуджае лес; летам зачароўвае пах разнатраў’я, – расказвае Аляксей Галавач. – Наша задача – зберагчы і захаваць запаведную зону для будучых пакаленняў.

Алена ГАРБАЦЭВІЧ

Вам может быть интересно

Комментарии отключены