Будущее — за молодыми
Маладзёжнае жыццё на Зэльвеншчыне кіпіць круглы год. Улетку асабліва – з падвоенай хуткасцю і энергіяй. Аб тым, чым жыве наша моладзь, гутарым з начальнікам аддзела па справах моладзі райвыканкама Марынай Сіцько.
– Якія задачы па рабоце з моладдзю на сённяшні дзень з’яўляюцца прыярытэтнымі?
– У раёне налічваецца больш за дзве з паловай тысячы маладых людзей. Гэта большасць вучняў, а таксама працуючая моладзь ва ўзросце ад 14 да 31 года. Перш за ўсё, ставім перад сабой задачу выхаваць у маладых людзей асэнсаванне асабістай прыналежнасці да лёсу сваёй краіны і свайго становішча ў грамадстве, высокую культуру, духоўнасць, грамадзянскую адказнасць, свядомасць, сацыяльную актыўнасць, павагу да законаў.
– Як наладжана работа аддзела па справах моладзі?
– Праводзяцца акцыі і мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне пачуцця патрыятызму, гуманных і паважлівых адносін да людзей сталага ўзросту, калектывізму і таварыскай узаемадапамогі, патрэбнасці ў здаровым ладзе жыцця, культу сям’і.
Шэраг мерапрыемстваў праведзены сумесна з раённай арганізацыяй беларускага аб’яднання ветэранаў: Дзень прызыўніка, эстафета “Ад помніка да помніка”, акцыі “Дзякуй за жыццё”, “Мой падарунак ветэрану”, “Памяць”, “Клопат аб старасці”.Сталі традыцыйнымі віншаванні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з юбілейнымі датамі. Значнай падзеяй стала распрацоўка банэра “Мы любім цябе, Зэльва!”.
– На што робіцца акцэнт пры рабоце з вучнямі і моладдзю?
– Перш за ўсё, на дзейнасць валанцёрскіх атрадаў. Так, арганізуюцца і праводзяцца акцыі з удзелам вучняў на 9 Мая, у час дабрачынных і спартыўных мерапрыемстваў. З удзелам вучняў старэйшых класаў закладзена алея выпускнікоў.
Пастаянна ажыццяўляецца падтрымка мала-дзёжнай ініцыятывы, адораных і таленавітых юнакоў і дзяўчат. Асаблівая роля ў дадзеным накірунку адведзена раённаму конкурсу і абласному фестывалю аўтарскай песні “Новае пакаленне”.
Актывісты маладзёжнага руху ў мінулым годзе атрымалі магчымасць наведаць Белавежскую пушчу.
– Як абстаяць справы з замацаваннем маладых спецыялістаў у раёне?
– Мы прыкладаем максімум намаганняў для таго, каб пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі ў маладых людзей быў стымул застацца. Традыцыйнымі сталі штогадовыя сустрэчы кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, дзе яны маюць магчымасць па-дзяліцца сваімі праблемамі, якія часта ўзнікаюць на першым працоўным месцы, задаць хвалюючыя пытанні. Сумесна з зацікаўленымі службамі аддзел па справах моладзі рэгулярна ажыццяўляе абследаванне іх сацыяльна-бытавых умоў, праводзіць гутаркі з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый наконт павышэння статусу маладога работніка (павелічэнне заработнай платы, пэўных ільгот). Важным момантам з’яўляецца забеспячэнне маладых спецыялістаў жыллём.
З мэтай заахвочвання працоўнай моладзі праводзяцца конкурс на лепшы сельскі падворак, спаборніцтва сярод маладых механізатараў, занятых на падрыхтоўцы глебы да сяўбы сельскагаспадарчых культур.
Як паказала апытанне, 55 працэнтаў юнакоў і дзяўчат плануюць застацца пасля адпрацоўкі ў раёне.
– Вашы пажаданні землякам напярэдадні Дня моладзі.
– Дзень моладзі – гэта свята творчасці і нат-хнення, энергіі і запалу, пазнання і самасцвярджэння, кахання і рамантыкі. Гэта свята, якое змяшчае ў сабе цэлую гаму пачуццяў, уласцівых маладому сэрцу. Хочацца пажадаць нашай моладзі актыўнай жыццёвай пазіцыі, усюды паспяваць, імкнуцца не толькі да блізкіх, але і далёкіх мэт і дасягаць іх.