Быць побач і дапамагаць
У Дзень пажылых людзей прынята не віншаванні наладжваць, а акцэнтаваць увагу на тым, што мы можам зрабіць, каб восень жыцця чалавека была шчаслівай. Мы звярнуліся да начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталлі ЮРКЕВІЧ, каб даведацца, як арганізавана сацыяльная падтрымка сталых людзей у раёне.
– Наталля Тадэвушаўна, цікава, колькі на Зэльвеншчыне налічваецца пенсіянераў?
– На 1 верасня бягучага года ў раёне пражывае 16900 чалавек, з іх 6730 – пенсіянеры. Гэта прыкладна 39,8 працэнта ад агульнай колькасці насельніцтва.
– Лагічным будзе спытаць, які памер пенсій складваецца па раёне?
– На верасень 2013 года сярэдняя пенсія – 2067 тысяч рублёў, па ўзросце – 2127 тысяч рублёў. Дадам і такую немалаважную акалічнасць: выплата пенсій і дапамог робіцца ў адпаведнасці з графікам, што дазваляе пазбягаць пенсіянерам трывогі за заўтрашні дзень. Не менш цікавай будзе і такая інфармацыя: на вы-плату пенсій і дапамог са сродкаў Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва фінансаванне за 8 месяцаў бягучага года склала 109 мільярдаў рублёў.
– Не праміну і такое пытанне: колькі разоў у бягучым годзе павышаліся пенсіі?
– Сёлета – адзін раз, што вылілася ў 10,2 % росту працоўных пенсій. Указам Прэзідэнта Беларусі з 1 студзеня 2012 года прадугледжана даплата да пенсій 75-гадовым пенсіянерам у разліку 75% ад мінімальнай пенсіі па ўзросце, а тым, каму 80 і больш год – 100% мінімальнай пенсіі па ўзросце. Па стане на 1 верасня права на даплату рэалізавалі 2289 пенсіянераў.
–Добра вядома, што фінансавы складальнік – адзін з галоўных накірункаў увагі да пажылога чалавека, але ж ёсць яшчэ і іншыя…
– Так. У гэтым плане адзначу, што раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва выконвае ролю каардынатара і выканаўцы праблем сталых людзей. Зараз установа абслугоўвае 531 чалавека. За паслугі пенсіянеры плацяць невялікія грошы, затое клопатам ахоплены па-максімуму. Таму доказ – падзякі ў наш адрас.
– Гэта добра, што ёсць цэнтр і яго работнікі. Але ж спакон вякоў было за правіла: бацькі клапоцяцца пра дзяцей, а затым атрымліваюць, так бы сказаць, хлеб аддатны. Што на гэты конт скажаце?
–Так павінна быць. I ў большасці выпадкаў такая ракіроўка клопату захоўваецца. Але ж ёсць і адваротныя факты. I што цікава, некаторыя састарэлыя бацькі апраўдваюць такую сістэму каштоўнасцей, маўляў, у дзяцей – свае сем’і. Але ж, паверце, дапамога сваім бацькам не толькі павінна быць святым абавязкам, але па-трэбай душы і сэрца…