Асяродкам патрыятычнага выхавання вучняў Міжэрыцкага дз/с-БШ імя У.Ляха з’яўляецца музей баявой славы.
Музейны пакой поўнасцю рэканструяваны. Праведзена вялікая работа па стварэнні і афармленні тэматычных экспазіцый у гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны, зэльвенскіх падпольшчыкаў і партызан.
Першая экспазіцыя прысвечана адлюстраванню падзей ваеннага часу на Зэльвеншчыне. Яна складаецца з падраздзелаў “Час барацьбы і выпрабаванняў”, “Зэльвеншчына партызанская”, “Вогненнымі дарогамі вайны”.
Наступны раздзел “Ваш подзвіг бессмяротны і памяць навекі” змяшчае экспазіцыі “Іх лёс звязаў з Зэльвай”, “З сібірскай пяцёркі”, “На шляху да Вялікай Перамогі”, “Аб славе, доблесці і гонары”.
Моманты сустрэч школьнікаў з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны Марыяй Сітнік, партызанам брыгады “Перамога” Канстанцінам Татарыным, экскурсіі па месцах баявой славы адлюстраваны ў падраздзеле “Мірныя будні ветэранаў”. На фотаздымках ёсць і ўдзельнікі народнага хору ветэранаў вайны і працы “Успамін”, якія неаднаразова былі гасцямі навучальнай установы.
У падраздзеле “Старонкі з жыцця герояў” прадстаўлены фотаздымкі вядомых зэльвенцаў, сведкаў ваеннага ліхалецця. Гэта Мікалай Голуб, Мікалай Гарбацэнка, Аляксей Якаўлеў, Міхаіл Кузняцоў, Уладзімір Кашуткін і іншыя.
Паколькі школа носіць імя воіна-інтэрнацыяналіста Уладзіміра Ляха, адна з экспазіцый “Трагедыя і доблесць Афгана” прысвечана ваеннаму канфлікту ў Афганістане.
Вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікае экспазіцыя “Пераправа праз Зальвянку”, выкананая з гліны. Тут рэканструяваны кульмінацыйны момант 40-х гадоў – пераправа гітлераўцаў праз Зальвянку. Аўтар работы Вераніка Жамойціна пастаралася выляпіць кожную дэталь гістарычнай падзеі.
У мінулым навучальным годзе музей баявой славы стаў пераможцам раённага конкурсу на лепшае афармленне музеяў і музейных пакояў. Сёлета – лаўрэатам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу справаздач аб дзейнасці музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі “Их подвиг мы в сердце храним”.
Пошукава-даследчая работа музейных актывістаў і членаў аб’яднання па інтарэсах “Музеязнаўства” працягваецца, экспазіцыі папаўняюцца новымі экспанатамі.
Ніна Валадашчык,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Міжэрыцкага дзіцячага сада-базавай школы імя Уладзіміра Ляха.