Чарнобыльская аварыя ва ўспамінах зэльвенца

26 красавіка 1986 года…Гэта дата стала асаблівай не толькі для грамадзян Украіны, Беларусі, Расіі, але і для ўсяго свету. Усё цывілізаванае чалавецтва ў гэты дзень успамінае аб падзеях на Чарнобыльскай АЭС, пра тых, хто, не шкадуючы жыцця і здароўя, устаў на барацьбу з радыяцыйным бедствам. Рэха тых далёкіх трагічных падзей застанецца назаўсёды ў памяці жыхара Зэльвы Уладзіміра Міхайлавіча Якімчыка, які ў ліку іншых ліквідатараў аварыі першым ступіў на забруджаную тэрыторыю.

– Летам 1985 года пасля заканчэння Навагрудскага сельгастэхнікума, – успамінае Уладзімір Міхайлавіч, – я ўладкаваўся на работу аграномам у Зэльвенскую сельгасхімію, дзе таксама працавалі бацька і маці. Восенню быў прызваны на тэрміновую службу. На зборным пункце абласнога ваенкамата даведаўся, што буду служыць ва Уральскай Ваеннай Акрузе. Разам з іншымі прызыўнікамі-беларусамі мы прыбылі ў горад Чабаркуль.Тут знаходзіўся вучэбны полк, які рыхтаваў малодшых камандзіраў для хімічных войск Узброеных Сіл СССР. Пасля шасцімесячнай вучобы атрымаў званне малодшага сяржанта і быў накіраваны для далейшага праходжання службы ў Златаўст Уральскай Ваеннай Акругі.

26 красавіка 1986 года наш хімічны полк паднялі па трывозе і пачалося яго баявое разгортванне. Асабовы састаў папоўніўся салдатамі, здымалася з кансервацыі баявая тэхніка. Спачатку думалі, што пачынаюцца вучэнні, але потым даведаліся, што на Чарнобыльскай АЭС адбылася аварыя і нас адпраўляюць на яе ліквідацыю. Былі сфарміраваны чатыры вайсковыя эшалоны з асабовым саставам і тэхнікай. Ноччу 28 красавіка мы прыбылі на чыгуначную станцыю «Красная» Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Хутка разгрузілі тэхніку і накіраваліся ў зададзены раён дыслакацыі нашага палка, які размясціўся непадалёку ад вёскі Пяркі. Адразу ж зрабілі першыя дазіметрычныя замеры, якія паказалі, што паўсюдна радыяцыйны фон значна перавышае норму. Пасля дэталёвага абследавання тэрыторыі выбралі месца для размяшчэння летняга лагера. Чыстых зон там амаль не было і таму прыйшлося спецыяльнай тэхнікай здымаць верхнія пласты забруджанай глебы, каб устанавіць палаткі.

Вясна 1986-га выдалася надзвычай цёплай. Навокал прыгожыя мясціны, дружна цвілі сады, таму не верылася, што побач лунае нябачная смерць – радыяцыя. Асобная рота хімічнай разведкі і дазіметрычнага кантролю, у якой я служыў, атрымала загад вызначыць раёны радыеактыўнага забруджвання. На ўзбраенні нашага падраздзялення знаходзілася 20 БРДМ-2 са спецыяльным абсталяваннем для правядзення замераў. Разведку пачалі з самой станцыі і затым на тэрыторыі вакол яе. Наша рота была падзелена на 2 групы. Палавіна баявых машын з асабовым саставам выконвала заданне на тэрыторыі Беларусі, а другая – на ўкраінскай. Разведчыкі падпарадкоўваліся непасрэдна спецыяльнай аператыўнай групе Генштаба Міністэрства абароны СССР. У яе, акрамя ваенных, уваходзілі вучоныя- атамшчыкі, хімікі і медыкі Сяміпалацінскага палігона ядзерных выпрабаванняў.

Кожны дзень разам з намі яны выязджалі ў вызначаныя раёны і праводзілі дазіметрычныя і іншыя замеры. Браня баявой машыны і спецыяльныя касцюмы значна зніжалі дозы апраменьвання, але праз гадзіну ад майскай спякоты гімнасцёрка станавілася мокрай і салёнай ад поту. Кожны раз пасля вяртання ў летні лагер праводзілася дэзактывацыя БРДМаў, а мы мыліся пад душам і мянялі форму. У лагеры былі створаны належныя ўмовы для пражывання і адпачынку: нас добра кармілі, была насычанай і культурная праграма – дэманстраваліся фільмы, да нас прыязджалі многія вядомыя артысты савецкай эстрады.

Пасля замераў прылягаючай да АЭС тэрыторыі было вызначана пяць зон моцнага радыеактыўнага забруджвання, знаходжанне ў якіх было небяспечна для жыцця чалавека. Глеба, вада, расліны і жывёла ў гэтых зонах самі сталі крыніцай радыеактыўнага апраменьвання. 30-кіламетравая тэрыторыя вакол станцыі была абнесена калючым дротам і ахоўвалася міліцыяй, салдатамі ўнутраных войск, а на саміх уездах былі ўстаноўлены спецыяльныя кантрольныя пасты, таму трапіць на забруджаную тэрыторыю можна было толькі па спецыяльных прапусках.

Калі наша рота праводзіла дазіметрычныя замеры, астатнія падраздзяленні палка разам з тысячамі ліквідатараў праводзілі дэзактывацыю станцыі і прылягаючай да яе мясцовасці. Цяжэй было тым, хто працаваў на разбураным выбухам чацвёртым энергаблоку. Там было сапраўднае пекла – высокая радыяцыя, разбураныя канструкцыі будынка і рэактара, у якім яшчэ працягвалася ядзерная рэакцыя і трымалася высокая тэмпература, з-за чаго неаднаразова адбываліся радыеактыўныя выкіды. На гэты аб’ект салдат тэрміновай службы не пасылалі – у асноўным небяспечнай справай займаліся спецыяльныя групы ліквідатараў з розных радоў войск, прадпрыемстваў і арганізацый. Чалавек, апрануты ў спецыяльны супрацьрадыяцыйны касцюм, мог знаходзіцца і працаваць толькі некалькі хвілін, і гэтага яму хапала, каб атрымаць высокую дозу апраменьвання. Тут кожны дзень працавалі новыя людзі. З-за высокай радыяцыі адказвала электроніка самай сучаснай робататэхнікі. Я некалькі разоў назіраў, як спецыяльны робат пасля паўгадзіны эксплуатацыі станавіўся некіруемым. Таму ліквідатарам даводзілася самім ісці ў гэтае ядзернае пекла і выконваць работы. За год знаходжання ў зоне чарнобыльскай аварыі асабовы састаў палка мяняўся чатыры разы.Тых, хто атрымліваў высокія дозы радыяцыі, накіроўвалі даслужваць у іншыя часці або адпраўлялі дамоў.

Для прадухілення радыеактыўных выкідаў з разбуранага ядзернага рэактара над чацвёртым энергаблокам пастаянна кружылі верталёты і скідвалі на яго спецыяльныя сумесі. Лётчыкі і працуючыя на зямлі пастаянна рызыкавалі сваім жыццём, атрымліваючы вялікія дозы апраменьвання.

Праз некаторы час над чацвёртым энергаблокам пачалося ўзвядзенне спецыяльнага ахоўнага саркафага. Пасля вызначэння зон радыеактыўнага забруджвання вакол станцыі наша рота пачала праводзіць замеры прылягаючых населеных пунктаў. Малюнак быў жудасны – прыгожыя вёскі і… без людзей. Адзічалая хатняя жывёла на вуліцах і падворках. Знішчалі яе спецыяльна створаныя групы і звозілі ў абсталяваныя магільнікі. Тэхніка, якая знаходзілася і працавала на станцыі і ў 30-кіламетровай зоне пасля працяглага радыеактыўнага апраменьвання станавілася небяспечнай і яе таксама звозілі ў спецыяльна абсталяваныя вялікія катлаваны, якія пасля залівалі бетонам і засыпалі пяском.

Цэлы год разам з саслужыўцамі ўдзельнічаў Уладзімір Міхайлавіч у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі. Быў узнагароджаны ганаровымі граматамі ўрадаў Рэспублікі Беларусь і Украіны і камандавання хімічных войск і часці. Чарнобыльская трагедыя пакінула ў жыцці Уладзіміра Міхайлавіча балючы след. Яму не забыць тых трагічных дзён і ўсіх, хто быў з ім побач і ахвяраваў сваім жыццём, змагаючыся з ядзернай стыхіяй.

Пасля дэмабілізацыі Уладзімір Якімчык вярнуўся ў родную Зэльву, у свой калектыў. Пачынаў інжынерам базы хімічнага забеспячэння, затым яе ўзначальваў. Потым 7 гадоў працаваў майстарам у Слонімскім лясгасе. Зараз Уладзімір Міхайлавіч на пенсіі, але, як сам прызнаецца, не можа сядзець дома без справы – уладкаваўся вартаўніком у дзіцячы сад №4. Разам з жонкай Алай выхавалі двух дастойных сыноў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю. Падрастае ўнук – радасць бабулі і дзядулі.

Наш кар.

Вам может быть интересно

Комментарии отключены