Чем живут депутаты сельских Советов депутатов Зельвенского района

Няма ў вёсцы Залацеева дома, куды  б Марына Сцяцко ні разу не зайшла. Для мясцовага насельніцтва яна не проста суседка ці знаёмая, а  яшчэ і дэпутат, які дапамагае ў вырашэнні праблемных пытанняў жыхароў свайго населенага пункта. У складзе дэпутацкага корпусу Марына Чаславаўна ўпершыню. Па словах старшыні Дзярэчынскага сельсавета Святланы Грынцэвіч, жанчына  зарэкамендавала сябе як чалавек неабыякавы, актыўны і дзейсны, таму і была ў свой час вылучана ў якасці кандыдата ў дэпутаты Дзярэчынскага Савета дэпутатаў 27-га склікання. Мясцовае насельніцтва кандыдатуру падтрымала. IMG_5930 – Абавязкаў хапае, – усміхаецца Марына ў адказ на маё пытанне, ці цяжка быць дэпутатам. – Аднак грамадская дзейнасць не палохае. Таму што вырашаем праблемы для сябе ж, для сваёй вескі і яе жыхароў. Значыць, усе ад гэтага ў выйгрышы. У вёсцы Залацеева жывуць у асноўным людзі пажылога ўзросту. А таму для іх важна, каб было добрае сацыяльнае абслугоўванне, працаваў мясцовы ФАП, магазін, дзейнічала вулічнае асвятленне. Гэтыя пытанні – у полі зроку мясцовай улады, дэпутатаў, старасты вёскі. Адзінокіх састарэлых грамадзян, калі ім гэта неабходна, абслугоўваюць сацыяльныя работнікі. Яны і па доме дапамогуць, і ўсё неабходнае з магазіна прынясуць, і пытанні з забеспячэннем палівам вырашаць. –Праўда, не ўсе пажылыя застаюцца ў Залацееве на зіму, многія едуць у горад да дзяцей. Аднак з першым цяплом вяртаюцца назад, бо мілей роднага дома няма, – усміхаецца Марына Чаславаўна. Што ў горадзе: невялікія кватэры і лавачка ў двары. А ў вёсцы – прырода, свежае паветра, свой агародзік, нават гаспадарка ў некаторых: кот, сабака, куры… Канешне, раней было інакш: жыло больш маладых, сем’і трымалі каровы, свінні, іншую жыўнасць. Хаця і бабуль зразумець можна: сёння ўсё можна купіць у магазіне, – разважае дэпутат. Так як у вёсцы ў асноўным жывуць пажылыя, пытанне падтрымання парадку часам узнікае. Аднак людзі на просьбу старасты вёскі Ірыны Навумчык, дэпутатаў Марыны Сцяцко і Ірыны Більдзюк падграбці ў дварах, скасіць траву адгукаюцца. Хто маладзейшы, стараецца сам, іншым на дапамогу прыходзяць дзеці ці ўнукі. – Безумоўна, як і ў іншых вёсках, у Залацееве ёсць і пустуючыя дамы, дзе заклікаць да навядзення парадку няма каго. Тады ўжо вырашаем гэта пытанне сумесна з сельсаветам, – працягвае Марына Чаславаўна. – Хочацца, каб населены пункт меў належны выгляд. Дэпутат прымала самы непасрэдны ўдзел у пытанні арганізацыі вывазу смецця. Правяла апытанне мясцовых жыхароў наконт запатрабаванасці дадзенай паслугі. Як вынік – заключаны дагавор з жыллёва-камунальнай службай, і цяпер 2 разы на месяц спецмашына вывозіць бытавыя адходы на палігон. Помнік загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Залацеева па ініцыятыве мясцовай улады замацаваны за Дзярэчынскім дз/с-СШ. Дэпутат ініцыіруе правядзенне суботнікаў, працоўных дэсантаў па падтрыманні належнага парадку ў месцы захавання воінаў. Сярод грамадскіх абавязкаў Марыны Сцяцко – работа з неблаганадзейнымі сем’ямі. У Залацееве такіх сем’яў, дзе трэба “навесці парадак”, дзве, і адна з іх “замацавана” за дэпутатам. –Трымаю іх пад пастаянным наглядам, таму што бацькі, якія злоўжываюць алкаголем і падыхозяць да выканання сваіх абавязкаў абы-як, павінны адчуваць, што яны пад пільнай увагай грамадскасці, што абавязаны ствараць для дзяцей нармальнае асяроддзе. Наведваю сям’ю як сама, так і цэлай камандай разам з участковым, – расказвае дэпутат. – Так эфектыўней выходзіць. Важна, каб сітуацыя, калі не выпраўляецца цалкам, то хаця б не пагаршалася. А ў ідэале, канешне, было б добра вырваць людзей з дрыгвы п’янства. Вось так у ходзе гутаркі даведваемся пра надзённае населенага пункта, клопаты яго жыхароў. І няхай вёска не ў самым цэнтры падзей, але яна жыве сваім жыццём, якое можа і не такое хуткае, як у аграгарадках, райцэнтры, але і не забытае: органы мясцовага самакіравання гэтага сабе дазволіць ніяк не могуць. IMG_5965 Работа ў якасці дэпутата патрабуе ад людзей максімальнай адкрытасці, камунікабельнасці, умення выслухаць, і калі неабходна, аказаць дапамогу. Усе гэтыя якасці характэрны і для Раісы Ушкар з вёскі Манцякі, дэпутата Славаціцкага Савета дэпутатаў 27-га склікання. Раіса Аляксееўна працуе прадаўцом у мясцовым магазіне. Таму ў сілу сваіх прафесійных абавязкаў сустракаецца са сваімі выбаршчыкамі штодзённа і можа садзейнічаць аператыўнаму вырашэнню праблемы. Найбольш часта людзі задаюць пытанні, звязаныя з вулічным асвятленнем, падачай вады. – Аляксееўна, чаму ў нас ліхтар на вуліцы не гарыць? – здараецца, пытаюцца аднавяскоўцы, зайшоўшы ў магазін. І тады дэпутат Ушкар тэлефануе старшыні сельсавета, просіць адрэагаваць, не адкладаць вырашэнне пытання. Бываюць у Манцяках перабоі ў падачы вады – вяскоўцы найперш сігналяць аб гэтым свайму дэпутату. Хаця і яна сама, мясцовая жыхарка, бачыць усе непаладкі адразу ж: абыякавасць тут недарэчы. Родам Раіса Аляксееўна з вёскі Сынкавічы. Але выйшла замуж у гэтыя мясціны, таму і пераехала. У спажыўкааперацыі з 1982 года, раней была проста прадаўцом у магазіне вёскі Манцякі, а цяпер яна загадчыца гандлёвага аб’екта. У невялікім магазіне, дзякуючы яе граматнай рабоце, і асартыментны пералік вытрымліваецца, і прадукты якасныя, а значыць, і гандаль ідзе. – Спадабалася каўбаса пэўнага віду, пакупнікі просяць: “Аляксееўна, закажы яшчэ такой”. Ну як тут не выканаць просьбу?– расказвае прадавец. Хлебабулачныя і мясныя вырабы, малочная прадукцыя завозяцца ў гандлёвы аб’ект рэгулярна, пастаўшчыкі- прадпрыемствы з Ваўкавыска, Ліды, Гродна. А гэта значыць, прадукцыя свежая і раскупляецца хутка. – Наша Раіса Аляксееўна – вельмі добры прадавец, – уступілі ў гаворку жанчыны, якія прыйшлі па пакупкі. Яна падкажа, і што смачнейшае выбраць, і як выйдзе танней. – Гэты чалавек душой хварэе за справу. Яна сочыць, каб было акуратна, тавар каб быў розны, і паўсюль каб чыста было. – Аляксееўна, я табе яблыкаў прынесла пачаставацца, дай які пакет, – папрасіла жанчана, якая зайшла ў магазін. Людзі ідуць да яе з адкрытай душой і шчырай удзячнасцю. Склалася агульнае ўражанне, што Раіса Ушкар – чалавек у сваёй акрузе паважаны, заслужана карыстаецца аўтарытэтам аднавяскоўцаў. І,у сваю чаргу, імкнецца яго апраўдаць не на словах, а на справе. Святлана ЯРМАЛАВІЧАНЕ.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.