Члены раённага савета ветэранаў падвялі вынікі года
У раённай бібліятэцы днямі сабраліся на пленум члены раённага савета ветэранаў, каб падвесці вынікі сваёй дзейнасці ў адыходзячым годзе і абмеркаваць планы на год надыходзячы.

З падрабязнай справаздачай выступіў старшыня раённага савета ветэранаў С.У.Баган. Адзначыўшы, якім складаным і напружаным быў адыходзячы год, Сяргей Уладзіміравіч падкрэсліў, што ветэраны не стаялі ў баку ад падзей у раёне і краіне. Працавалі ў цеснай садружнасці з аддзеламі райвыканкама, прафсаюзнымі і грамадскімі арганізацыямі, райкамам БРСМ, установамі адукацыі, культуры і многімі іншымі.
Больш чатырох тысяч чалавек налічвае армія зэльвенскіх ветэранаў. Немалая сіла. Таму члены раённага савета стараліся накіраваць гэтую сілу ў належнае русла: і каб здольнасці, вопыт і магчымасці кожнага былі выкарыстаны, і каб не засталіся пакрыўджанымі тыя, хто па стану здароўя ўжо не можа браць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.
На пасяджэннях прэзідыума абмяркоўвалася шмат пытанняў, у асноўным аб больш цесным супрацоўніцтве пырвічных арганізацый з прафсаюзамі, выканкамамі сельсаветаў, школамі ды ўстановамі культуры.
Кожны месяц адыходзячага года быў насычаны цікавымі мерапрыемствамі. Сяргей Ула-дзіміравіч нагадаў пра найбольш памятныя. Так, у студзені адбылася сустрэча ветэранаў і моладзі, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння былога жыхара Зэльвы, Героя Савецкага Саюза Паўла Ільіча Жданава. У лютым адзначалі 80-годдзе перамогі ў Сталінградскай бітве, у сакавіку – Дзень Канстытуцыі. Красавік і май, як заўсёды, асабліва насычаныя, бо тут і Дзень яднання народаў Расіі і Беларусі, і Рэспубліканскі суботнік, і патрыятычная акцыя “Память. Мир. Созидание” да Дня Перамогі.
Вялікай актыўнасці ветэранаў патрабуюць летнія месяцы, бо хто, як не ветэраны, лепш раскажа пра падзеі Вялікай Айчыннай напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр вайны ці пра партызанскі рух на тэрыторыі нашага і суседніх раёнаў, калі святкуем гадавіны вызвалення рэспублікі і раёна ад фашысцкай навалы. У ліпені якраз адбываўся “Дыялог пакаленняў” і закладка паслання нашчадкам у спецыяльнай капсуле.
Восень – пара новых клопатаў, асабліва сёлетняя, калі ўсе, ад малога да вялікага, стараліся ўпрыгожыць пасёлак да абласных “Дажынак”. Штогадовая падрыхтоўка да дэкады “Залаты ўзрост”, 105-гадовы юбілей камсамола, – усё патрабавала значных намаганняў ад савета ветэранаў і яго актыву.
Гэта – частка асноўных мерапрыемстваў. Бо і сапраўды, хіба пералічыш усе сустрэчы ў школах, установах культуры, з жыхарамі аддаленых вёсак, якія ладзілі такія няўрымслівыя ветэраны як А.С.Вярстак, Р.Ю.Зыбко, І.У.Кавалевіч, І.Ф.Раманчык, В.А.Тульвінская, Е.А.Артурава, С.С.Прызван, М.І.Януль і іншыя.
Менавіта дзякуючы актыву праводзіліся турыстычны злёт ветэранаў, маёўка (дарэчы, ёсць прапановы зрабіць маёўкі штогадовымі), дыялогавыя пляцоўкі. Сумесна з дзённым аддзяленнем ЦСАН праведзены Дзень здароўя, марафон “Скандынаўская хадзьба”, велапрабег, шахматна-шашачны турнір. У аддзяленні кругласутачнага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў в. Мадзейкі ў лютым праведзена акцыя “Падары кнігу”.
У некаторых пярвічных арганізацыях створаны валанцёрскія групы, якія арганізуюць віншаванні інвалідам ці састарэлым да іх асабістых святаў ці прафесійных і дзяржаўных.
Вялікую цікавасць выклікаюць падрыхтаваныя саветам ветэранаў фотавыставы, якія экспануюцца не толькі на мерапрыемствах саміх ветэранаў, але і для іншых катэгорый насельніцтва. У патрыятычнай рабоце з моладдзю шырока выкарыстоўваецца старонка ў інтэрнэце “Ветэранская Зэльва”. Водгукі – удзячныя водгукі! – на яе матэрыялы ідуць з усёй рэспублікі, і часам вельмі дапамагаюць у стварэнні паўнейшай гісторыі раёна. А што гісторыя пішацца пастаянна – ведае кожны чытач газеты “Праца”, бо менавіта на яе старонках знойдзеш звесткі пра вядомых зэльвенцаў у рубрыцы “Чалавек у гісторыі раёна”.
Што тычыцца планаў на 2024 год, то Сяргей Уладзіміравіч адразу нагадаў пра бліжэйшыя задачы:
– Раённаму савету ветэранаў, пярвічным ветэранскім арганізацыям неабходна аказаць дапамогу і падтрымку органам улады ў арганізацыі і правядзенні 25 лютага выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання, а потым выбранні дэлегатаў на Усебеларускі народны сход. Мы павінны падумаць над кандыдатурамі сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі і назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі; прыняць актыўны ўдзел у перадвыбарнай агітацыі і выбарах у адзіны дзень галасавання.
У наступныя месяцы года плануецца рыхтавацца да дастойнай сустрэчы 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 80-годдзя Гродзенскай вобласці і 85-годдзя Зэльвенскага раёна; удзельнічаць у выкананні мерапрыемстваў Праграмы “Сацыяльная абарона” на 2021-2025 гады; працягваць работу па далучэнні ветэранаў да больш актыўнага ўдзелу ў гуртках, клубах, аб’яднаннях па інтарэсах, што працуюць як у дзённым аддзяленні ЦСАН, так і ва ўстановах культуры.
Кіраўнік ветэранскай арганізацыі сферы адукацыі І.У.Кавалевіч расказала аб дзейнасці гэтага атрада ветэранаў. “Асноўная работа з ветэранамі, – адзначыла Ірына Уладзіміраўна, – праводзіцца ў пярвічных прафсаюзных арганізацыях школ, дзе яны раней працавалі. Ветэраны – частыя госці ў былых калектывах і на прафесійныя святы, і ў час сустрэч з выпускнікамі, на 23 лютага і 8 Сакавіка.
Ірына Кавалевіч, як член савета ветэранаў, сама прысутнічае на многіх мерапрыемствах, дзе ўшаноўваюць былых педагогаў, таму пра некаторыя і расказала прысутным.
Радавалася, што пра настаўнікаў не забываюць і журналісты: толькі ў кастрычніку было змешчана 19 нарысаў пра іх. Актыўна ўдзельнічае ў жыцці ветэранскай арганізацыі былых калег старшыня пярвічнай арганізацыйнай суполкі сувязістаў “Белтэлекам” І.У.Рудая. Яна таксама падзялілася навінамі, падзякавала кіраўнікам установы за пастаянны клопат, падтрымку – маральную і фінансавую – былых супрацоўнікаў, павагу да іх укладу ў развіццё раённай службы сувязі.
Лідар раённай арганізацыі прафсаюзаў І.С.Пузач, адзначыўшы сумесную работу з саветам ветэранаў і падзякаваўшы за яе, выказала надзею, што і пярвічныя арганізацыі на месцах будуць гэтак жа актыўна супрацоўнічаць з прафсаюзнымі калектывамі.
Сардэчна павіншавалі прысутныя Марыю Паўлаўну Заяц і Ларысу Георгіеўну Клімуць з прысваеннем ім звання Ганаровых ветэранаў. Рышарда Юльянавіча Зыбко і Васіля Паўлавіча Русака за актыўны ўдзел у жыцці ветэранскай арганізацыі адзначылі Ганаровымі граматамі.
Даклад і судаклады абмяркоўвалі ўсе прысутныя на пленуме. Падзякавалі прэзідыуму за работу, унеслі шэраг слушных прапаноў. І былі аднадушныя ў вылучэнні свайго прадстаўніка – лідара раённай арганізацыі Сяргея Уладзіміравіча Багана ў склад раённай выбарчай камісіі.
Яніна ШМАТКО
Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Комментарии отключены