Чым больш дзяцей, тым больш шчасця, – лічаць Кацярына і Сяргей Чакі з аграгарадка Елка
Сёння чатыры маленькія, але вельмі яркія сонейкі – Ягор, Жэня, Цімафей і Марыйка – саграваюць сямейнае гняздзечка Чакаў. А паслядоўнасць – тры сыночкі і дачушка – аказаліся знакавымі для ўсяго роду Чакаў і Атрошанка.
Пачалося ўсё трошкі больш за дзесяць гадоў назад, калі студэнтка Слонімскага медыцынскага вучылішча Кацярына выпадкова на дыскатэцы ў Елкаўскім доме культуры пазнаёмілася з Сяргеем з Дзешкавіч. Хлопец, як толькі ўбачыў, вырашыў: гэта – яго другая палавінка: прыгожая, вясёлая, смелая. Як кажуць, пакахаў адразу. Калі зразумелі, што пачуцці ўзаемныя, сыгралі вяселле. І хоць жонцы вельмі хацелася жыць у горадзе, муж праявіў свой характар. Пасяліліся ў доме бацькоў Каці. Тут і нарадзіўся першынец – Ягор. Сёння хлопчык вучыцца ўжо ў пятым класе і захапляецца матэматыкай. Кім марыць стаць, пакуль не ведае, але актыўна наведвае патрыятычны клуб пры Елкаўскай сярэдняй школе. А ў вольны ад урокаў час дапамагае маці па доме і гаспадарцы. У яго штодзённыя абавязкі ўваходзіць прыбіранне пакояў.
Праз некаторы час сямейная пара загаварыла пра другое дзіця – і гэта, так марыў Сяргей, павінна была быць дзяўчынка. Аднак лёс распарадзіўся інакш – нарадзіўся Жэнька. Хлопчык вучыцца толькі
ў другім класе, але ўжо першы памочнік маці на кухні. Ён і агародніну прынясе
са склепа, і бульбы з морквай начысціць. Каб накарміць сям’ю дранікамі, Жэні неабходна пачысціць каля 20 вялікіх бульбін! Хлопчык не адыходзіць ад матулі, пакуль тая рыхтуе абед ці вячэру. Заўсёды са стала прыбярэ і посуд за ўсімі вымые.
Цімафею тры гадкі. Яго бацькі прывезлі ўжо ў новы дом, які купілі ў Елцы. Пасля нараджэння яшчэ аднаго сына сям’я набыла статус мнагадзетнай. А разам з гэтым з’явіліся і пэўныя льготы. Споўнілася даўняя мара гаспадара – набыць уласны дом і самому яго абуладкаваць. Тым больш што рукі ў Сяргея залатыя – ён і сцены пашпакляваць умее,
і ў сталярных справах майстар. Самастойна правёў ваду і ацяпленне. А жанчына ў глыбіні душы радавалася: чым больш дзяцей, тым больш шчасця. Яна яшчэ з дзяцінства сачыла за сям’ёй знаёмых, у якіх было 6 дачок. Як жа яны дружна і весела жылі, у іх доме заўсёды панавалі лад і згода. Ды і ў маці Каці было трое братоў, у бацькі Сяргея – тры браты і сястра.
Пасля Цімафея ў Чакаў “знайшлася“ доўгачаканая дачушка. Як толькі Кацярына даведалася, што будзе дзяўчынка, адразу выбрала ёй імя – Марыя, маўляў, Маці Божая падарыла ёй дачку. Муж не пярэчыў.
Галоўнае, гаварыў ён, каб здаровая расла. Марыйка яшчэ зусім маленькая і не разумее, што дзякуючы яе нараджэнню сям’я
атрымала льготны крэдыт на рэканструкцыю
і рамонт дома. Гэта значыць, што зусім хутка будзе асобны пакой для дзяўчынкі і гасціная (Чакі вельмі любяць, калі да іх прыходзяць госці). Гаспадар ужо заклаў фундамент. У дзень нашага прыезду якраз даставілі будаўнічыя матэрыялы.
Дзяўчынка – любіміца ўсёй сям’і, кожны стараецца пабыць з ёю як мага больш. У адзін голас старэйшыя хлопчыкі паведамілі, што адно з прыемных заданняў мамы – пагуляць з сястрычкай. Тата, нягледзячы на занятасць, стараецца часценька заглянуць у пакой “сваёй прыгажуні”. А бабуля Марыя Іванаўна толькі і думае, што б цікавае прыкупіць для адзінай унучкі.
– Вельмі добра, што нам дапамагаюць бабулі, без іх было б цяжкавата з чатырма дзецьмі, – з удзячнасцю гаворыць Кацярына. – Муж стараецца забяспечыць нас усім неабходным. Працуе на малочнатаварным комплексе, заробак добры. Толькі рана ідзе
на работу і позна вяртаецца. Але, тым не менш, летам змаглі ў заапарк і цырк з’ездзіць, не прапускаем раённыя святы, абавязкова наведваем дзіцячыя атракцыёны.
Пакуль муж на рабоце, дзеці ў школе і дзіцячым садку, Кацярына стараецца зварыць абед, вымыць бялізну ды і на агаро-дзе паспявае ўправіцца. Сёлета мужчынская палавіна сям’і самастойна выкапала бульбу,
а гаспадыня выбрала моркву і буракі. Засталіся капуста ды яблыкі.
– Колькі той работы, – усміхаецца жанчына. – Мае памочнікі як возьмуцца за справу, толькі паспявай камандаваць. І ў хаце, і на агародзе.
Слухаю жанчыну, а пра сябе думаю: няхай будзе так у яе жыцці і далей. Павага, узаемаразуменне, лад і спакой. Што для шчасця яшчэ патрэбна маці?!
Людміла ПОПКА.