Цудадзейная сіла танца
Складана паверыць, што Аксане, як толькі яна з’явілася на свет, быў пастаўлены цяжкі дыягназ. Дзяўчынка нарадзілася з сур’ёзнымі парушэннямі слыху – нічога не чула і не магла гаварыць. Зразумела, што дарога ў звычайную школу ёй была закрыта – сесці за парту са сваімі сябрамі-аднагодкамі яна не змагла. Аднак бацькі разумелі, што іх дачцы неабходна нейкім чынам адаптавацца да паўнацэннага жыцця. Разам з ёю яны пачалі наведваць розныя мерапрыемствы, якія ладзіліся для вучняў у Князеўскай сярэдняй школе. У кожны з такіх візітаў настаўнікі раілі ўладкаваць дзяўчынку ў Поразаўскую спецыяльную школу-інтэрнат, маўляў, там дзяўчынка будзе пад наглядам кампетэнтных спецыялістаў. Бацькі прыслухаліся.
Да таго ж, родныя самі многае рабілі для таго, каб іх маленькая школьніца, як і ўсе дзеці яе ўзросту, пазнавала акружаючы свет. Куплялі для яе развіваючыя гульні, канструктары, размалёўкі, кніжкі. Аднак самая вялікая праблема – цяжкасць зносін з людзьмі – па-ранейшаму заставалася нявырашанай.
Выхад знайшоўся, калі старэйшая дачка Каленкаў Вольга вырашыла асвоіць мову жэстаў і нават паступіла для гэтага ў педагагічны інстытут імя Максіма Танка на факультэт спецыяльнай адукацыі. Увесь вольны ад вучобы час старалася займацца з сястрой. Пальцавы алфавіт, які перадае гукі мовы, вывучылі і бацькі.
Сем гадоў таму сям’я з задавальненнем прыняла запрашэнне наведваць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў у Зэльве. І хоць адлегласць ад вёскі Ляхавічы да райцэнтра не малая, прыязджалі па некалькі разоў на тыдзень. Неяк Аксана трапіла на адно мерапрыемства і жэстамі пачала паказваць, што таксама хоча навучыцца танцаваць і разам з іншымі маладымі людзьмі ўдзельнічаць у тэатралізаваных пастаноўках, выступаць на сцэне. Сябры і супрацоўнікі ўстановы падтрымалі яе, бо былі ўпэўнены: з такой сілай волі і моцным жаданні ў дзяўчыны ўсё атрымаецца.
Першыя крокі даваліся даволі складана: для глуханямога чалавека, які не можа чуць музыку, вывучыць танцавальныя рухі, здавалася б, нерэальна. Але Аксана шмат займалася самастойна. Гадзінамі паўтарала танцы перад люстэркам дома з маці. Не дзіўна, што да яе, настойлівай і непадатлівай, праз пэўны час поспех прыйшоў. Дзяўчыне гэта здорава падымала настрой. З цягам часу яна пасябравала з ўсімі наведвальнікамі аддзялення. Яны, ў сваю чаргу, таксама рабілі крокі насустрач.
Але і гэта яшчэ не ўся радасць. Варта было Аксане некалькі разоў выступіць на сцэне, у час бацькоўскіх сходаў, як гледачы ацанілі яе пластыку і рытм. Здольную дзяўчыну ўключылі ў склад групы, якая прымала ўдзел у рэгіянальных конкурсах маладых інвалідаў, сяброўскіх сустрэчах у аналагічных аддзяленнях іншых гарадоў.
Цяпер Аксана Каленка – актыўная ўдзельніца танцавальнага калектыву. У яе выдатная зрокавая памяць, таму і харэаграфічныя камбінацыі запамінаюцца лёгка.
Як і іншыя маладыя людзі, дзяўчына ўмее карыстацца камп’ютарам, перапісваецца ў інтэрнэце з сябрамі, з задавальненнем займаецца ў гуртках, якія дзейнічаюць у аддзяленні. Любіць экскурсіі і паходы.
А яшчэ Аксана вельмі гасцінны чалавек. У іх доме заўсёды рады гасцям. Дзеля гэтай добрай нагоды сама гатуе стравы, накрывае стол.
…У яе пакоі на тумбачцы ляжаць некалькі тоўстых альбомаў з фотаздымкамі. На іх – шчаслівыя моманты, блізкія ёй людзі, якія і дапамагаюць пераадольваць хваробу.
Людміла ПОПКА.