Да акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі” далучыліся зэльвенскія школьнікі
726
Сёння, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзесяць вучняў устаноў адукацыі пасёлка атрымалі свой першы важны ў жыцці дакумент – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Памочнік пракурора пракуратуры Зэльвенскага раёна Алеся Бародзіч нагадала прысутным у зале юнакам і дзяўчатам, што Канстытуцыя была прынята 15 сакавіка 1994 года, расказала аб значнасці дакумента:
– Гэта трывалы фундамент дэмакратычнай дзяржавы. Асноўны Закон нашай краіны з’яўляецца гарантам міру, парадку, правоў і свабод грамадзян, якія неабходны для дастойнага жыцця і ўсебаковага развіцця асобы, адлюстроўваюць агульныя мэты і імкненні народа, аднолькава абараняюць правы ўсіх людзей. Грамадзянскі абавязак кожнага з нас – паважаць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, кіравацца канстытуцыйнымі правамі і палажэннямі, ведаць свае правы і абавязкі, а таксама паважаць правы іншых людзей.
Ва ўрачыстай абстаноўцы дзесяць лепшых школьнікаў атрымалі пашпарты з рук памочніка пракурора пракуратуры Зэльвенскага раёна Алесі Бародзіч, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіны Раманчук
і старшыні раённага савета ветэранаў Віктара Васіліцкага.
Яны павіншавалі хлопчыкаў і дзяўчынак з такой знакавай падзеяй у іх жыцці, пажадалі далейшых поспехаў і здзяйснення мар. У падарунак ад БРСМ – Канстытуцыя і маляўнічае выданне “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
Атрымаць пашпарт сёння – для вучня СШ №3 Максіма Шлыка вельмі знакавая і хвалюючая падзея. Такі гонар школьнік заслужыў дзякуючы свайму старанню ў вучобе.
Трапіць у лік шчасліўчыкаў давялося і Дар’і Куршук з гімназіі №1. Для дзяўчынкі ўручэнне пашпарту азначае пачатак новага жыццёвага этапу, даросласці і самастойнасці.
– З гэтага часу пашырылася не толькі кола маіх праў, але і абавязкаў, – дапаўняе гімназістка Надзея Шматко. – Быць грамадзянінам – значыць несці вялікую адказнасць як перад грамадствам, так і перад самім сабой.
Святочны канцэрт для школьнікаў падрыхтавалі работнікі культуры. Гэты вясновы дзень захаваецца ў памяці вучняў надоўга.
Наталля МАЦЮК