Да правядзення дэкады “Залаты ўзрост” далучыліся валанцёры атрада “Надзея”
Як? Арганізаваўшы святочны канцэрт у аддзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў в.Мадзейкі.

У выкананні Ірыны Сядач, Дзіяны Галоўкінай, Крысціны Іскра, Дар’і Карозы прагучалі песні пра дабрыню, усмешку, матулю. Цёпла прымалі Алега Ганчара, які выканаў песню “Я ў бабулі жыву…”.
Спадабалася публіцы і тэатралізаваная пастаноўка “Як стары карову прадаваў”, падрыхтаваная вучнямі 6 “А” класа, а таксама вясёлы танец дзяўчынак з 4 “Б”.

Вучні, якія займаюцца ў музычнай школе, парадавалі бабуль і дзядуль ігрой на музычных інструментах: Анастасія Горбач – на акардыёне, Арсеній Каўчун – на трубе, Таццяна Галоўкіна – на домры. Дарэчы, вялікі дзякуй настаўнікам музычнай школы за супрацоўніцтва ў валанцёрскіх справах!

Напрыканцы сустрэчы хлопчыкі і дзяўчынкі ўручылі сваім падшэфным падрыхтаваныя загадзя віншавальныя паштоўкі з пажаданнямі здароўя, цеплыні, радасці і абяцалі хутка прыехаць ізноў. На гэты раз валанцёры плануюць арганізаваць відэасалон – паказ на шырокім экране любімых бабулямі і дзядулямі фільмаў часоў іх маладосці.