Працоўны дэсант арганізавалі міжэрыцкія валанцёры
Працоўны дэсант “Мы выбіраем дапамогу пажылым людзям” арганізавалі вучні Міжэрыцкага дз/с-БШ імя У.Ляха.
Ініцыятыву прыняць удзел у добрай справе праявілі дзевяцікласнікі, якія ў хуткім часе папоўняць рады раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Хоць юнакі і дзяўчаты яшчэ не сталі паўнапраўнымі членамі маладзёжнага грамадскага аб’яднання, але ахвотна прымаюць удзел у акцыях, якія ладзяцца па ініцыятыве райкама БРСМ. На гэты раз яны вырашылі аказаць дапамогу людзям сталага ўзросту, якія пражываюць у аграгарадку Міжэрычы.
Разам з іншымі БРСМаўцамі, сярод якіх намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Кацярына Вярэшка і настаўнік гісторыі Вольга Баранская, валанцёры накіраваліся да ветэранаў працы Ядвігі Бязносік і Міхаіла Калюты.
Ядвіга Міхайлаўна вельмі любіць кветкі. Таму штогод высаджвае іх каля свайго дома. Падлеткі сабралі насенне настурцый, а затым ачысцілі клумбу ад адцвіўшых раслін.
Не адмовіўся ад дапамогі падлеткаў і Міхаіл Аляксандравіч. Дружна ўзяўшыся за справу, у лічаныя хвіліны юнакі і дзяўчаты навялі парадак у двары.
Падчас свайго візіту маладзёжныя актывісты цікавіліся здароўем, жыццём і лёсам пенсіянераў, расказвалі пра свае поспехі ў вучобе.
– Вялікі дзякуй за клопат і праяўленую ўвагу, – выказвалі словы ўдзячнасці пенсіянеры.– Як добра, што побач ёсць такія памочнікі.
Наталля МАЦЮК.
