Дбайныя гаспадары з Крэслаў

IMG_8028 Чым жывуць пенсіянеры ўдалечыні ад дарог цывілізацыі? Чым цікавяцца, чым займаюцца? Гэтыя пытанні міжволі ўзнікаюць, калі едзеш па палявых дарогах да аддаленай вёскі і рыхтуешся да сустрэчы з незнаёмымі людзьмі. На гэты раз мы ехалі ў Крэслы. Мінулі Янаўшчыну, Пузікі. І вось спыняемся каля хаты Верстакоў. Адразу бачна: гаспадары тут жывуць дбайныя. Вакол – чысціня і парадак. Па падворку ганарліва расхаджвае певень, назіраючы за сваімі чубаткамі. Некалькі козаў падазрона ўглядаюцца ў рэдакцыйную легкавушку (відаць, не часта тут спыняюцца незнаёмыя). Гаспадыня, што завіхаецца каля жыўнасці, ветліва запрашае ў хату. Кажам ёй пра мэту свайго нечаканага візіту. “Ой, – сумелася жанчына, – навошта пра нас пісаць? Жывём, як усе, нічым асаблівым не можам пахваліцца. Калісьці, вядома, многае што рабілі… а зараз – толькі самае неабходнае”. Распытваем пра тое“калісьці”. Да размовы далучаецца гаспадар. Усё працоўнае жыццё Верстакоў звязана з калгасам “Перамога”. Аркадзій Іванавіч працаваў кавалём і трактарыстам. Кузня была побач з хатай, так што не-не ды пасля напружанай працы ў полі на трактары ішоў да накавальні, каб выканаць тэрміновы заказ брыгадзіра. Патрэба ў плугах, боранах, дысках, вазах і іншым інвентары была вялікая. Нярэдка пяцёра дзяцей Верстакоў засыналі пад гукі бацькоўскага молата, а Ядвіга Іосіфаўна несла астыўшую вячэру ў кузню. Абое працавітыя і таленавітыя, Верстакі карысталіся вялікай павагай у сяльчан. Аркадзій Іванавіч ніколі не адмаўляў аднавяскоўцам, калі трэба было зрабіць добрую матыку, навастрыць серп, нажы, наладзіць сячкарню ці іншую прыладу для падсобнай гаспадаркі. А Ядвіга Іосіфаўна была цудоўнай ткачыхай і швачкай. Яе дываны-вясёлкі радуюць сваімі колерамі і зараз, праз дзясяткі гадоў, як сышлі з кроснаў. “Вельмі любіла ткаць, – дзеліцца ўспамінамі гаспадыня. – Ткала і для сябе, і для дачушак. І нават на продаж, калі дзеці пайшлі вучыцца і патрэбны былі грошы”. “А колькіх дзяўчат ты шыць навучыла, – з гонарам за жонку ўступае ў размову гаспадар, – раскажы. Ты ж і мне на вяселле касцюм сама пашыла”. “Было, было, – сціпла ўсміхаецца Ядвіга Іосіфаўна, – ды даўно ўжо. Мы ж 58 гадоў з мужам у шлюбе жывём, пра ўсё не згадаеш”. Мы папрасілі Ядвігу Іосіфаўну паказаць вытканыя ёю ў маладосці дываны. Пакуль дзівіліся з іх арнаментаў і выдатна падабраных колераў, гаспадар прынёс свайго даўняга сябра – гармонік – і прысеў поруч з жонкай. Хобі гаспадара ў 50-ыя гады было запатрабавана моладдзю ўсіх навакольных вёсак. Не адну дзяўчыну, відаць, пакарыў ён на шматлікіх вяселлях і танцах-вячорках. А ў спадарожніцы выбраў мала-дзенькую прыгожую Ядвігу. І ні разу не пашкадаваў, бо вельмі ж добрая жонка, маці і гаспадыня атрымалася з яго абранніцы. “Хоць і я ніколі без справы не ся-дзеў, але жонцы даводзілася ўдвая цяжэй, – уздыхае Аркадзій Іванавіч. – Як ні кажы, а на яе руках было пяцёра дзяцей, гаспадарка, работа ў калгасе. І яшчэ неяк умудралася ткаць і шыць”. Мы добра разумеем удзячнасць гаспадара. І сёння, калі ў сем’ях ёсць пральныя машыны-аўтаматы, розныя кухонныя прылады, гаспадыні шмат сіл і часу аддаюць дамашняй рабоце. А ў гады маладосці Верстакоў?! Уявілі? Што і казаць, нялёгка давалася жанчынам жаданне спалучаць абавязкі і цягу да нечага свайго, вельмі асабістага, што выяўляла ў іх творцаў. Ядвіга Іосіфаўна – адна з соцень беларускіх сялянак, што змагла ўпрыгожыць жыццё не толькі сваёй сям’і, але і многіх аднавяскоўцаў. “Зараз ужо не магу ткаць або шыць вялікія рэчы. Зрок не той. Але іголка і швейная машына не ржавеюць,” – смяецца гаспадыня, – заўсёды нешта трэба перашыць ці залатаць”. Цікавімся, ці ёсць карысць ад козаў. “Вядома, каза – не карова, але нам з гаспадаром хапае і ка-зінага малака. Нават тварог і сыр свае маем. Шкада, што нельга свіней трымаць. Мы б і іх не ленаваліся даглядаць”, – рэзюмуе Ядвіга Іосіфаўна. Гаспадар нядаўна перанёс цяжкую хваробу, але з пасільнай працай не развітваецца. Па-ранейшаму звяртаюцца да яго сяльчане, і ён з задавальненнем дапамагае ім, робіць неабходныя на сяле прылады, якія “выскокваюць” з яго ўмелых кавальскіх рук не горш, як і ў гады маладосці. Верстакі не замыкаюцца ў прасторах сваёй невялікай вёскі. Яны цікавяцца ўсім, чым жыве свет: абмяркоўваюць падзеі на Украіне і ў Сірыі, чытаюць газеты. Цешацца з дзяцей, унукаў і праўнукаў. Згадваюць былыя дасягненні ў калектыўнай і сямейнай працы, стараюцца і сёння быць карыснымі не толькі сваім дзецям, але і аднавяскоўцам. Яніна Шматко.
Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.