День тех, кто год кормит
У мінулыя выхадныя з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ў раённым Доме культуры прайшоў урачысты сход працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Зэльвеншчыны. Удзел у ім прынялі кіраўніцтва раёна, старшыні сельгаскааператываў, прадстаўнікі працоўных калектываў АПК, прадпрыемстваў і арганізацый Зэльвы.
Урачыстасць адкрыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгеній Грэцкі. У сваёй святочнай прамове ён падвёў вынікі сельскагаспадарчага года, расказаў аб дасягненнях аграрыяў раёна. Яўгеній Васільевіч назваў імёны пераможцаў жніва, лепшых механізатараў, жывёлаводаў. Ён таксама выказаў падзяку калектывам прадпрыемстваў і арганізацый Зэльвы, якія аказалі вяскоўцам дапамогу ў правядзенні сельскагаспадарчых работ.
Сардэчна вітаў прысутных старшыня райвыканкама Ян Пальчыс. Кіраўнік раённай вертыкалі падзякаваў тым, хто сваёй працай умацоўвае эканоміку раёна і ў цэлым краіны, пажадаў усім моцнага зда-роўя і сямейнага дабрабыту.
Па даўно існуючай традыцыі старшыні райвыканкама паднеслі каравай з мукі новага ўраджаю. Затым Ян Пальчыс уручыў узнагароды пераможцам жніва, лепшым механізатарам, аператарам машыннага даення, жывёлаводам і іншым работнікам аграпрамысловага комплексу.
Павіншаваў аграрыяў Зэльвеншчыны і намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аграпрамысловага саюза Дзмітрый Віхараў. Ён адзначыў высокі патэнцыял нашых працаўнікоў і пажадаў ім новых дасягненняў.
Падрыхтавалі ўзнагароды і падарункі тым, хто вызначыўся на працоўнай ніве ў бягучым годзе, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Януль, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Іна Шаўцова, а таксама прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Зэльвы.
Лепшыя творчыя калектывы раёна падрыхтавалі для працаўнікоў сельскай гаспадаркі святочны канцэрт.