Деноминация. Все о новых деньгах


З першых дзён ліпеня ў нашых кашальках з’явяцца новыя грошы. Маштаб дэнамінацыі складзе адзін да 10 тысяч: за сённяшнія 100 рублёў нам дадуць адну новую капейку.

Нягледзячы на тое, што будучая дэнамінацыя была аб’яўлена яшчэ ў мінулым годзе, у многіх людзей застаюцца пытанні наконт таго, як гэта будзе адбывацца на практыцы. Нацбанк, Міністэрства гандалю і падатковае ведамства падрыхтавалі нямала тлумачальных дакументаў па гэтай тэме.

На «пластыку» фальшывак не бывае

Прэс-служба Нацбанка паведаміла, што 1 ліпеня аўтаматызаваная сістэма міжбанкаўскіх разлікаў функцыянаваць не будзе. Варта ведаць, што ў дзень дэнамінацыі не будуць праводзіцца толькі разлікі паміж банкамі.

А вось парадак правядзення аперацый паміж банкамі і кліентамі 1 ліпеня будзе вызначацца фінансавымі ўстановамі самастойна.

Нацбанк запэўніў, што ў насельніцтва ў гэты дзень не будзе праблем і з аплатай праз банкаматы і інфакіёскі. Разлікі кліентаў з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак і плацяжы кліентаў у сістэме АІС «Разлік» АРІП у першы дзень ліпеня будуць ажыццяўляцца ў звычайным рэжыме. З ліпеня такія аперацыі будуць праводзіцца ў дэнамінаваных сумах.

Такім чынам, калі на картцы ёсць зберажэнні, загадзя здымаць іх не не трэба. У гэтым няма сэнсу, бо потым давядзецца ісці ў банк са старымі грашыма і абменьваць на новыя. У канцы дня 30 чэрвеня банкі без нашага ўдзелу зробяць пералік рэшткаў, у тым ліку па рахунках кліентаў, да якіх выдадзены банкаўскія карткі, у суадносінах 10 000 да 1. Калі, напрыклад, у апошні дзень чэрвеня на картцы будзе ляжаць 3,5 млн. рублёў, то ўжо ў ліпені там будзе запісана 350 новых.

Шэсць месяцаў паралельнага абарачэння

Да 31 снежня 2016 года ўключна «старыя» і «новыя» банкноты будуць у паралельным абарачэнні. Тут усё зразумела, калі чалавек у краме вырашыць разлічыцца старымі грашыма, то іх прымуць абавязкова. А што рабіць, калі ў кліента на суму пакупкі грошай аднаго ўзору не хапае і ён паспрабуе заплаціць банкнотнай «салянкай»?

У гэтыя паўгода ўсе прадаўцы, касіры, банкі і іншыя фінансавыя ўстановы абавязкова павінны прымаць да аплаты і старыя, і новыя грошы, у тым ліку ў ходзе адной разліковай аперацыі.

Новых 500-рублёвак у банкаматах не будзе

Да 1 кастрычніка камерцыйныя банкі самастойна прымаюць рашэнне аб арганізацыі выдачы ў банкаматах грашовых знакаў старога і новага ўзору. А вось у кастрычніку банкі павінны будуць выдаваць у банкаматах толькі новыя грашовыя знакі. Так што новыя грошы мы ўбачым, і даволі хутка.

Што тычыцца буйных купюр, то тут не ўсё так проста. Нацыянальны банк рэкамендуе для загрузкі банкаматаў выкарыстоўваць банкноты наміналам 5, 10, 20, 50 і 100 рублёў узору 2009 года з абавязковай загрузкай банкнотамі наміналам 5 рублёў.

Новымі банкнотамі наміналам 500 рублёў (5 мільёнаў «старымі») банкаматы пакуль загружаць не будуць увогуле. Банкноты гэтага наміналу пры неабходнасці можна будзе атрымаць у банках па папярэднім заказе.

Дэнамінацыя на курс не паўплывае

Значэнні афіцыйных курсаў беларускага рубля ў адносінах да замежных валют будуць устанаўлівацца з дакладнасцю да чатырох знакаў пасля коскі без абмежавання колькасці знакаў у цэлай частцы. Напрыклад, калі сённяшні курс застанецца на ўзроўні 19 940 рублёў за долар, то ў ліпені ён будзе 1,99 рубля за долар (1 рубель 99 капеек).

З 1 ліпеня па 31 снежня 2016 года фінансавыя ўстановы будуць паказваць курсы валют у грашовых знаках новага і старога ўзораў на стэндзе абменнага пункта. Стэнд павінен знаходзіцца ў даступным для агляду месцы. Пры гэтым на спецыяльным электронным табло банкі будуць паказваць курсы валют толькі ў грашовых знаках узору 2009 года.

denomination_2016_curunits_relations (1)

 

 

Вам может быть интересно

Leave A Reply

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.