Для Евгении Бандык из Рудевич этот год дважды юбилейный
У мінулую нядзелю ў доме сям’і Бандыкаў з вёскі Рудзевічы было шумна і весела: сабралася шмат гасцей, каб адзначыць адразу два слаўныя юбілеі – дзевяностагоддзе Яўгеніі Мацвееўны і пяцідзесяцігоддзе іх сумеснага з Уладзімірам Міхайлавічам жыцця.
Сярод гасцей – даволі-такі паважаная дэлегацыя ў складзе прадстаўнікоў Дабраселецкага сельвыканкама – старшыні Тамары Качук і спецыяліста Лідзіі Міхуты, старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сельскагаспадарчага філіяла “Дабраселецкі” Лідзіі Урбановіч, спецыяліста цэнтра абслугоўвання насельніцтва Святланы Губарэвіч, сацыяльнага работніка Іны Міхуты. Мясцовыя культработнікі Валянціна Чарнушыч і Вольга Мазоль прыехалі на свята, як і належыць, з музычнымі віншаваннямі.
Вочы, поўныя слёз, усмешка на тварах залатых юбіляраў сведчаць аб радаснай сустрэчы з землякамі, з роднымі і блізкімі людзьмі. І толькі глыбокія маршчыны падказваюць, што лёс у гэтых аптыміс-тычных людзей быў сапраўды няпростым.
Па ўспамінах Яўгеніі Мацвееўны, рана прыйшлося спазнаць жыццёвыя выпрабаванні: калі ёй было 15 гадоў, пачалася вайна. У 1942 годзе яе разам з сяброўкай Нінай і другімі аднагодкамі немцы адправілі на прымусовыя работы. Некалькі тыдняў незнаёмых дарог – і дзяўчынка трапіла на хутар Кляйнкельдорф на тэрыторыі Усходняй Прусіі. Тут ёй прыходзілася даглядаць свойскую жывёлу і птушку, якіх у заможнай гаспадыні было дзясяткі. Па некалькі разоў на дзень дзіцячыя ручкі даілі кароў, кармілі свіней, нарыхтоўвалі кармы – адным словам, працавалі без перадыху. За невыкананне работы, а таксама неразуменне загадаў на нямецкай мове часта даводзілася цярпець прыніжэнне і пабоі. Так доўжылася да дзён вызвалення.
Пасля вайны Яўгенія вярнулася ў родныя Канюхі Ваўкавыскага раёна. У сям’і, акрамя яе, было яшчэ пяцёра дзяцей. Як старэйшая, дзяўчына ўзяла на сябе клопат аб сёстрах і братах. А калі памёр бацька, дык і наогул прыйшлося разам з матуляй працаваць не пакладаючы рук.
– Нацярпелася так, што, паверце, лішні раз не хочацца і ўспамінаць, – шчыра прызнаецца Яўгенія Мацвееўна. – Перажывала за ўсіх, толькі не за сябе. Пастаянная нястача, цяжкая праца – толькі так можна ахарактарызаваць маё жыццё ў той час. Напэўна, Бог бачыў, як я б’юся, бы тая птушка, і аддзячыў, па-слаўшы мне Уладзіміра Міхайлавіча і яго дзетак.
Няпросты лёс і ў гаспадара. У маладым узросце моцна захварэла жонка і хутка пакінула на яго руках трое малых дзетак. Хоць удаўца і паважалі ў акрузе, але пайсці за яго замуж ніхто з мясцовых дзяўчын-жанчын не адважыўся. Прыходзілася самому быць дзецям у доме і за маці, і за бацьку. Неяк сваякі параілі прыглядзецца да Яўгеніі, пазнаёміцца. Ці мог падумаць тады Валодзя, што гэта жанчына зусім праз кароткі час стане для яго дзяцей “мамай”? Так-так. Яўгенія Мацвееўна згадзілася дапамагаць Уладзіміру Міхайлавічу і хутка знайшла паразуменне з яго дзецьмі, акружыла іх сваёй вялікай жаночай любоўю. Бачачы, з якімі клопатам і пяшчотай яна адносіцца да сыноў і дачкі, мужчына ўсім сэрцам пацягнуўся да яе… Ціхенька зарэгістравалі шлюб і зажылі душа ў душу.
Разам Бандыкі ўжо пяць дзесяцігоддзяў. Усяго было ў іх няпростым жыцці – страт і набыткаў, узлётаў і падзенняў, сустрэч і расставанняў, радасці і слёз. Але, нягледзячы на ўсе перапетыі лёсу, муж з жонкай з павагай адносіліся і адносяцца адзін да аднаго. Дачка Галіна атрымала спецыянальнасць выхавальніцы і працуе загадчыцай аднаго з гродзенскіх дзіцячых садкоў, сын Васілій – галоўны інжынер на Горкаўскім ільнозаводзе. На жаль, ужо не стала сына Валодзі.
Амаль кожныя выхадныя хата Бандыкаў напаўняецца дзіцячымі галасамі – не забываюць пра дзядулю з бабуляй 4 унукаў і 5 маленькіх праўнукаў, не па-кідаюць іх сам-насам са штодзённымі праблемамі, прыязджаюць, каб дапамагчы. Хаця Яўгенія Мацвееўна яшчэ вельмі рухавая жанчына, сама спраўляецца і атуліць мужа клопатам, і ідэальную чысціню ў доме падтрымліваць.
Паважаюць Бандыкаў як аднавяскоўцы, так і мясцовы сельгасфіліял – сваю працоўную дзейнасць Яўгенія Мацвееўна і Ула-дзімір Міхайлавіч прысвяцілі жывёлагадоўлі і паляводству, заўсёды ставі-ліся да працы сумленна і адказна. Таму ў знак павагі да юбіляраў гучалі словы шчырай падзякі і сардэчныя віншаванні моцнага здароўя, бадзёрасці і аптымізму, менавіта такога, з якім сённяшнія “маладыя” прайшлі праз усё жыццё.
Людміла ПОПКА.