Для розуму зарадка – у вершах і загадках Уладзіміра Мазго

У канцы вясны бягучага года “Выдавецкі дом “Звязда” выдаў чарговую кнігу нашага земляка Уладзіміра Мазго для дзяцей. Кнігу з інтрыгуючай назвай – “Загадка – розуму зарадка”. З задавальненнем знаёмім з ёю маленькіх зельвенцаў, тым болей што канікулы заканчваюцца, і “для розуму зарадка” вельмі патрэбна. Загадкі ад Мазго дапамогуць вам, дарагія дзеці, не толькі думаць вобразна і лагічна, але і пашырыць свае веды ў роднай мове. Складаецца кніга з некалькіх раздзелаў. І да кожнага аўтар дае падказку.

ПАРАД ШАРАД


Слова-дрэва –
Першы склад.
Слова-кіпень –
Акурат
Гэта будзе
Склад другі.
Іх злучы,
Мой дарагі, –
Атрымаюць вучні
Першы свой
Падручнік.


Сэнс
Другой загадкі:
Лічба
Плюс ападкі –
Зашумець павінны
У вадзе расліны.


Слова першае –
Спрадвек
Ён бяспраўны чалавек.
Да яго дадаць захочам
Слова
З іменем жаночым.
Суму
Ты назваць гатоў:
Дрэва
З гронкамі пладоў?..


Калі
Да меры даўжыні
Галосную дадаць –
Тады
У падземнай цішыні
Вагоны зашумяць.


Слова “тата”
У русскай мове
Назавіце
У першым слове.
А ў другім
(Вы прыгадалі?) –
Войска
Гэтак называлі.
Словы склалі
За хвіліну –
Атрымаеце
Расліну.

Папараць


Хутчэй да пакарання
Дадай прамежак часу –
Тады сваё старанне
Убачыш ты адразу:
Ідуць сяброўкі кругам
Прыгожым, плаўным рухам.
Карагод

ВЕЧАРЫНКА
АНАГРАМ


Часам кашу,
Часам суп
Варыць мама
З белых круп.
Прачытай
Наадварот –
Просіцца
У бутэрброд.


Стане
Першым наваселам
Гэта
Хатняя жывела.
Слова прачытай
Назад –
Электрычны б’е
Зарад.


Гэта слова
Знаюць дзеці,
Саладзей за ўсе
На свеце.
Прачытай
Наадварот –
Ён паказвае на рот.


Калі злева –
Ён нявольнік
На плантацыях
Ці ў полі.
Калі справа –
Нібы пан,
Невялікі рэстаран.

Раб – бар


Напішаш слова,
Каб у твар
Табе зірнуў
Шырокі яр?
Чытай назад
І хоць ты плач!
Прапушчаны ў вароты
Мяч.
Лог – гол


Вякі мінулыя
Пыляцца ў вежах
Гэтага палаца.
Назад чытаючы,
Будзь пільны:
Ужо завод
Аўтамабільны.
Замак – КамАЗ


Гатунак,
Якасці разрад
Ты прачытай
Хутчэй назад –
І атрымаецца канат.
Сорт – трос

ДАГОНІМ МЫ
АМОНІМЫ


Што за кольца
3 хлебнай крамы
Я нясу дамоў
Да мамы
І кручу
Над галавою,
Быццам кола
Рулявое?


На адной
Здавён іграюць,
Другой
Зерне ачышчаюць.


Маша
Кашу спажывае,
Ціха птушачка
Спявае.
Што за птушка,
Што за каша,
Слова гэтае
Падкажа.
Аўсянка


Мясціна гэтакая, дзе
Вятрам адкрыты бок,
І для бяспекі
На вадзе
Сігнальны паплавок.
Буй


Жывёлу ў моры
(Вось падказка!)
Завуць
Аконнаю замазкай.
Кіт


У тоўстай кнізе ён,
Зірніце,
І на дзяржаўнай ёсць
Граніцы.
Кардон


На адной
Сяджу і мару,
Што ў другой
Куплю тавару.
Лаўка


Мой сябрук
З мяне смяецца:
– Дрэва
Кукішам завецца?
Падказала выйсце кніга:
Ёсць на свеце дрэва – … .
Фіга.


Бок самалётны
Ці баркасны
І прадстаўнік
Сям’і алмазнай.
Борт

АКРАЗАГАДКІ


Домік летні між прысад,
Агарод і спеўны сад
Часта вельмі клічуць нас
Адпачыць у вольны час.

Дача


Светлы, лёгкі, нібы пух,
Нечакана лёг на луг.
Едзем зноў на лыжах мы
Гожым покрывам зімы.
Снег


Звярок шукае ў лесе схоў
Ад паляўнічых і ваўкоў.
Яго завуць касым здавён.
Ці здагадаліся, хто ён?
Заяц


Рада з намі пагуляць.
Эх, яго нам не дагнаць!
Хоць жыве ў суседнім лесе,
А да нас дражніцца лезе.
Р эха

ЗАГАДКІ
ТРАДЫЦЫЙНЫЯ


З даўніны
У “Буквара”
Ёсць малодшая
Сястра,
Што малечу
Рада
Запрасіць
Да брата.


Невідзімка
Крылы мае
І над вуліцай
Лятае.
Падмятае мятлою
Смецце –
І засне ў кювеце … .


Для хлопчыкаў,
Дзяўчынак
Найлепшы адпачынак –
Пад ультрафіялетам
Лагодным, цёплым … .


Цікавалі
Лешч і плотка,
Як плыла
Па хвалях … .


Цёмнай ноччу
Паміж хмар
Ярка свеціцца
Ліхтар.
Хто з вас здагадаецца,
Як ён называецца?


Светлым ранкам
З неба будзіць:
“Прачынацца трэба,
Людзі!”
Свеціць у аконца
Залатое … .

ПАЛІНДРОМЫ


Ці так,
Ці гэтак прачытаеш,
Але заўсёды атрымаеш,
У смутку ці ў настроі,
Від агнястрэльнай зброі.
Наган


Адкажыце,
Калі ласка:
Як завецца
Шыі частка?
Карак


Лепшы майстра
У марфлоце
Па катлетах
І кампоце.
Чарпаком грыміць,
Як гром,
Кашаварыць
Паліндром.
Кок


Са стручка
Цягні на градку
Сакавітую адгадку.
Як гузак
Табе на лоб,
Нечакана вылез … .
Боб


У памідора
Назваў шмат,
Найбольш вядомая … .
Тамат
МЕТАГРАМЫ


Сталіца роднай Беларусі,
Але адразу назавуся
Палескім горадам табе,
Калі заменіш М на П.
Мінск – Пінск


На дзень нараджэння
І іншыя святы
Яго мы прыносім
Заўсёды дахаты.
Заменіце літару
У слове калі –
Да месца стаянкі
Ідуць караблі.
Торт – порт


Зірніце важліва наўкола:
Якая хатняя жывёла,
Як толькі К на Б змяніць,
Абуткам цёплым можа быць?
Кот – бот


Зробіць ён бялізну гладкай,
Калі П ідзе ў пачатку.
А калі там Б стаіць –
Будзем ім па рэчцы плыць.
Прас – брас


Ён вартуе родны дом
І не сварыцца з катом.
Толькі Б на Л змяні –
Рыбкай знікне ў глыбіні.
Сабака – салака


Падрыхтавала Яніна ШМАТКО

Интересные и актуальные новости Зельвенского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Вам может быть интересно

Комментарии отключены