Домра, скрипка и гитара … звучали довольно удачно
У абласных конкурсах “Новыя імёны” і імя К.Горскага, якія прайшлі ў Гродне і Лідзе, прынялі ўдзел настаўнікі і вучні Зэльвенскай дзіцячай школы мастацтваў. Каля двухсот юных музыкантаў Гро-дзеншчыны ва ўзросце ад 7 да 16 гадоў паказвалі сваё майстэрства.
Абласны конкурс “Новыя імёны” стаў удалым для Ільі Глушэні, які ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі «Аркестравыя інструменты» (клас У.К.Сарокіна). Другі вучань Уладзіміра Канстанцінавіча Мікіта Жук адзначаны граматай за паспяховае вы-ступленне. У намінацыі “Баян” такую ж грамату атрымалі Дзмітрый Міхалік (настаўнік А.Б.Сямёнчык) і Кірыл Гогаль (клас В.М.Жука). Добра вы-ступілі Аляксандра Тарасевіч і Павел Хват (домра, настаў-ніца Н.У.Александровіч).
Першы раз прымалі ўдзел у конкурсах такога ўзроўню Кацярына Жамойціна (гітара, настаўніца Т.М.Кароза) і Яўгеній Лойка (скрыпка, настаўніца В.А.Масціцкая) і паказалі высокія вынікі.
Ілья Глушэня займаецца па класе труба пяты год. За гэты перыяд ён неаднаразова прымаў удзел у розных мерапрыемствах, якія ладзіліся ў пасёлку. Два гады таму хлопчыку пашчасціла паказаць сваё майстэрства на сцэне Лідскага музычнага каледжа, дзе ён удала вы-ступіў у сваёй узроставай групе на конкурсе імя К.Горскага і вярнуўся дамоў з дыпломам III ступені. Перамога надала яму ўпэўненасці ў сваіх сілах. З’явілася жаданне больш часу адводзіць заняткам музыкай. Па словах настаўніка Уладзіміра Сарокіна, Ілья – адзін з нямногіх, каго сама прырода надзяліла цудоўным пачуццём рытму і гучання. Ён на слых падбірае ноты, хутка завучвае мелодыі. Таму на засвойванне новага музычнага твора яму не патрабуецца шмат часу. З любоўю адносіцца да свайго інструмента, адказна ставіцца да заняткаў у школе мастацтваў і выступленняў на сцэне. Як доказ яго сур’ёзнай падрыхтоўкі – сёлетняя перамога.
Уразіў журы і Мікіта Жук. З дзвюх грамат, прадназначаных канкурсантам за выдатнае выступленне, адна з іх дасталася зэльвенцу. Хлопчык з першых заняткаў у школе паказваў добрыя вынікі. Ужо ў другім класе ён выдатна чытаў ноты. Яму пад сілу была любая тэхніка выканання. Юны музыкант надзелены прыродным слыхам, эмацыянальнасцю, энергічнасцю. З вялікім жаданнем прыходзіць на ўрокі і шмат часу займаецца самастойна. Асаблівае задавальненне Мікіта атрымлівае на рэпетыцыях у дзіцячым аркестры музычных інструментаў. Менавіта са сваімі сябрамі ён упершыню паказаў сваё майстэрства на сцэне школы перад вучнямі, настаўнікамі і бацькамі.
Скрыпка – любімы інструмент Яўгенія Лойкі. На ёй хлопчык неаднаразова дэманстраваў сваё ўменне на канцэртах, якія ладзіліся ў школе. На гэты раз яна прынесла юнаму музыканту перамогу абласнога ўзроўню. Удаламу выступленню папярэднічала доўгая падрыхтоўка. Настаўніца Вольга Масціцкая не ставіла перад вучнем мэту перамагчы, ёй хацелася, каб той убачыў выступленне іншых. Хлопчык быў уражаны канцэртнай праграмай камернага аркестра, высокім узроўнем выступаючых. І змог сам сабрацца з сіламі, пераадолець хваляванне, выйсці на сцэну, як сапраўдны музыкант.
Двух сваіх вучняў прадставіла на конкурс імя К.Горскага Наталля Александровіч. У малодшай узроставай групе выступалі Павел Хват і Аляксандра Тарасевіч. Але для Аляксандры – пераможцы мінулагодняга VI рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.Жыновіча – была выбрана больш складаная праграма. Дзяўчынка справілася з ёй выдатна.
Паўлу ўсяго 9 гадоў. Ён вельмі музычны хлопчык, таму ўмее з першых хвілін і акордаў звярнуць на сябе ўвагу гледача. Да таго ж, вучань валодае высокай працаздольнасцю і адказнасцю. Яму падабаецца домра, любіць развучваць новыя мелодыі, прымаць удзел у канцэртных праграмах.
Для Кірыла Гогаля атма-сфера рэспубліканскага конкурсу імя І.Жыновіча была ўжо знаёмая – з яго ў мінулым годзе хлопчык вярнуўся з граматай за паспяховае выступленне. Сёлета скарбонка ўзнагарод вучня папоўнілася.
Кірыл у 6 гадоў пераступіў парог школы мастацтваў. З дзяцінства захапляўся ігрой на баяне свайго дзядулі, адсюль і жаданне займацца менавіта на гэтым інструменце. Як успамінае яго настаўнік Віктар Жук, вучыліся нотам і літарам адначасова. Ужо праз некалькі месяцаў Кірыл паказаў, на што ён здольны. Хутка праявіліся, магчыма, перададзеныя ў спадчыну, музычныя здольнасці – пачаў ноты падбіраць на слых. З першых урокаў запамінаў мелодыі, шмат часу ўдзяляў практычным заняткам. Першыя вы-ступленні былі ў роднай школе. Настаўнік адразу адзначыў уменне вучня трымацца на сцэне, спраўляцца з хваляваннем і цалкам аддавацца музыцы.
Кацярына Жамойціна свядома выбрала для музычнай адукацыі ігру на гітары. Доўга захаплялася яе гучаннем, вывучала гісторыю і выканаўцаў, часта слухала канцэрты з удзелам гітарыстаў. Зараз адводзіць шмат часу заняткам, прытым самастойна апера-джае планавую праграму. Стараецца падбіраць ноты на слых, выбраны твор па некалькі разоў праслухвае ў выкананні вядомых музыкантаў. Яе стараннасць, якасную падрыхтоўку да ўрокаў высока ацэньвае педагог Таццяна Кароза, і разам яны ўпэўнена ідуць наперад. Кацярына любіць выступаць. Кожны маленькі канцэрт для яе – своеасаблівы экзамен, на якім можна навучыцца спраўляцца з эмоцыямі.
Узровень канкурсантаў, у групе якіх выступала Кацярына, быў вельмі высокі. Праслухаўшы некалькі нумароў, настаўніца нават засумнявалася, ці справіцца вучаніца з хваляваннем – новыя сцэна, зала, публіка. Аднак Кацярына выдатна выканала музычную кампазіцыю, прадэманстраваўшы свае майстэрства і талент.
Імя Дзмітрыя Міхаліка знаёма землякам. Не раз пісалі аб яго поспехах на старонках газеты “Праца”. Ён – неаднаразовы пераможца раённых і абласных конкурсаў. З першых акордаў прываблівае слухача сваім выкананнем. У хлопчыка гэта атрымліваецца па-майстэрску ўдала і каларытна. На сцэне баян і выканаўца – адно цэлае. Дзмітрыю лёгка паддаецца як нотная грамата, так і тэхніка. Таму ён не стаіць на месцы. Зацікаўлены ў вывучэнні складаных твораў. Увесь час працуе “на клас наперад”. Яго настаўнік Аляксандр Сямёнчык задаволены такімі поспехамі і рытмам, таму ўвесь навучальны год яны займаюцца значна больш, чым патрабуе праграма.
Навіну аб атрыманай перамозе кожны вучань успрыняў па-свойму. Адзін у думках спадзяваўся на вышэйшую прыступку і зараз аналізуе кожны момант выступлення, для другога за гонар удзел у такога ўзроўню конкурснай праграме. Ёсць пэўныя моманты, над якімі яшчэ трэба шмат працаваць. Хлопчыкі і дзяўчынкі пераканаліся, наколькі таленавітыя іх равеснікі. З’явілася і тая вяршыня музычнага алімпу, да якой неабходна імкнуцца.