Дзень Незалежнасці ў Зэльве
Трэцяга ліпеня разам з усёй краінай Зэльвеншчына адзначыла галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Па традыцыі ўдзел у святочных мерапрыемствах прынялі прадстаўнікі ўлады, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, перадавікі вытворчасці, прадстаўнікі працоўных калектываў. Сігнал фанфар апавясціў аб пачатку галоўнай падзеі свята – ўрачыстага мітынга, які праўшоў на плошчы райцэнтра.
Са шчырымі словамі віншаванняў да зэльвенцаў звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Ян Пальчыс. Кіраўнік раёна адзначыў, што свята Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сімвалам адданасці Радзіме і непарыўна звязана з важнейшай гістарычнай падзеяй – вызваленнем краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтыя дзве даты непадзельныя, яны сведчаць аб тым, якой вялікай цаной здабываліся святыя паняцці – “вызваленне”, “перамога” і “незалежнасць”.
Шлях нашай краіны да нацыянальнага суверэнітэту быў няпростым – на алтар Перамогі прынесены мільёны жыццяў нашых суайчыннікаў. Але ўжо больш сямі дзесяцігоддзяў наша беларуская зямля жыве пад мірным небам. Сёння сэрца кожнага зэльвенца перапаўняе пачуццё ўдзячнасці тым людзям, хто заваяваў для нас свабоду, незалежнасць, магчымасць жыць у мірнай краіне. Сярод іх нашы землякі Іван Якуш,і Пётр скіба, Іван Жук, Яўгенія Федасевіч, Валянціна Валюк, Уладзімір Кашуткін, Аркадзій Жывулька, Васілій Яўхута і многія іншыя.
Ян Станіслававіч адзначыў, што для нас высокі гонар і адказнасць быць нашчадкамі перамогі. Таму новае пакаленне беларусаў, якое нарадзілася і вырасла ў мірны час, свята ўшаноўвае подзвіг дзядоў і бацькоў, сваёй стваральнай працай умацоўвае працвітанне і незалежнасць краіны. У завяршэнне прамовы старшыня райвыканкама пажадаў усім моцнага здароўя, доўгага і шчаслівага жыцця, веры ў светлую будучыню беларускага народа.
Сёлета ў раёне не застаўся без увагі ніводны ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Франтавікі, падпольшчыкі, партызаны, блакаднікі – усе гэтыя героі адчулі, што пра іх памятае дзяржава, улада на месцах, памятае пакаленне, дзеля шчасця якога яны змагаліся з ненавісным ворагам. Ветэранам, якія прысутнічалі на свяце, дзеці ўручылі кветкі.
Адзін з традыцыйных і ўрачыстых момантаў мерапрыемства – ушаноўванне лепшых працаўнікоў раёна. Узнагароды атрымалі пераможцы раённага спаборніцтва сярод арганізацый і прадпрыемстваў, сельскіх Саветаў дэпутатаў, устаноў адукацыі, аховы здароўя і культуры за дасягненне імі высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці па выніках 2014 года, а таксама перадавікі вытворчасці, якія сваёй працай заслужылі права быць занесенымі на раённую Дошку гонару. Кожнаму з іх былі адрасаваны цёплыя словы віншавання і падзякі за ўклад у развіццё Зэльвеншчыны.
Затым слова ўзяў старшыня раённага Савета дэпутатаў Канстанцін Бердніковіч, які ад імя працоўных калектываў раёна павіншаваў старшыню райвыканкама Яна Пальчыса з атрыманай высокай узнагародай – медалём “За працоўныя заслугі”.
Пасля святочная калона накіравалася да памятнага мемарыяла. Да вечнага агню ўсе паднімаліся ў глыбокім паважлівым маўчанні. Хвіліна цішыні – і каля помніка ляглі кветкі і вянкі. Так зэльвенцы аддалі даніну памяці, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны воінам і партызанам.
На гэтым урачыстая частка была завершана. Далейшыя мерапрыемствы, якія ў гэты дзень ладзіліся ў райцэнтры, удала падкрэслівамі галоўную лінію Дня Незалежнасці: мы – беларусы, мы багатыя памяццю, багатыя традыцыямі, багатыя душой. Гэта думка лейтматывам праходзіла праз канцэртную праграму, якая адбылася на летняй эстрадзе. У выкананні работнікаў ўстаноў культуры, а таксама іншых самадзейных артыстаў раёна гучалі душэўныя песні аб Радзіме і вайне, аб каханні і сяброўстве…
Паралельна працавала выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці, арганізаваная раённым Домам рамёстваў.
Тут жа работнікі раённай і дзіцячай бібліятэкі разгарнулі выставу “Мы гэтую вайну будзем помніць заўжды”. На паліцах былі прадстаўлены дакументальныя і мастацкія творы аб вайне, вызваленні Беларусі. Бібліятэкары таксама цікавіліся ў зэльвенцаў, якія, на іх думку кнігі ваеннай тэматыкі з’яўляюцца лепшымі. Кожны жадаючы мог прыняць удзел у тэматычнай віктарыне. Знаўцы гістарычных падзей за правільныя адказы атрымлівалі сувеніры, прадстаўленыя “Белдзяржстрахам”.
Цікавую акцыю ініцыіравалі супрацоўнікі Ваўкавыскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС. Зэльвенцам расказвалі аб паслугах па ахове кватэр і жылых дамоў, дэманстравалі тэхнічныя сродкі сігналізацыі.
У гэты ж час на стадыёне “Колас” праходзіла летняя спартакіяда сярод прадпрыемстваў, арганізацый пасёлка і сельсаветаў. Быў арганізаваны выязны гандаль, працавала вулічнае “кафэ” філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Деці вабілі час на атракцыёнах.
Пасля дзевяці гадзін вечара пачалася дыскатэка, якая і стала заключным акордам свята.
Тэрэза КАВАЛЕВІЧ.